29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: NATO абвесціць космас сферай баявых дзеянняў

Reuters: NATO абвесціць космас сферай баявых дзеянняў

Міністры абароны краінаў NATO на гэтым тыдні ўзгодняць шырокую касмічную палітыку.

Сёлета NATO мае намер прызнаць космас адной з сфераў баявых дзеянняў, паведамілі чатыры высокапастаўленыя дыпламаты, піша «Голас Амерыкі».

Паводле іхніх словаў, гэта часткова выклікана жаданнем прадэманстраваць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, што альянс па-ранейшаму актуальны і адаптуецца да новых пагрозаў, пасля таго як амерыканскі лідар ухваліў стварэнне Касмічных сілаў ЗША.

Чакаецца, што пастанова будзе прынятая на саміце лідараў краінаў NATO ў Лондане 3-4 снежня, у якім будзе ўдзельнічаць Трамп. Яна афіцыйна замацуе становішча, што баявыя дзеянні могуць весціся не толькі на сушы, на моры, у паветры і ў кампутарных сетках, але і ў космасе.

«Маецца дамоўленасць, што мы павінны зрабіць космас сферай баявых дзеянняў, і лонданскі саміт – найлепшае месца, дзе пра гэта можна будзе заявіць афіцыйна», – паведаміў адзін высокапастаўлены дыпламат NATO, які ўдзельнічаў у дыскусіях і які папярэдзіў пры гэтым, што тэхнічная праца над выпрацоўкай гэтай палітыкі прадаўжаецца.

Дыпламаты NATO адмаўляюць, што альянс рыхтуецца да вядзення баявых дзеянняў у космасе. Тым не менш, паводле іхніх словаў, абвяшчэнне космасу сферай баявых дзеянняў пакладзе пачатак дыскусіі пра тое, ці павінен альянс у канчатковым выніку выкарыстоўваць касмічную зброю, з дапамогай якой можна збіваць варожыя ракеты, знішчаць сістэмы СПА і спадарожнікі.

Пастанова абвесціць космас новым рубяжом абароны, магчыма, дапаможа пераканаць Трампа, што NATO можа стаць карысным хаўруснікам у стрымліванні росту Кітая, як ваеннага спаборніка, паведамілі дыпламаты.

Хоць на дзель краінаў NATO сёння прыпадае 65 адсоткаў касмічных спадарожнікаў, Кітай плануе маштабныя запускі цэлых сузор'яў камерцыйных спадарожнікаў, прызначаных для шырокага спектру паслуг: ад высакахуткаснага інтэрнэту для самалётаў да адсочвання ракетаў і ўзброеных сілаў на зямлі.

Кітай распрацоўвае зброю, якую ён можа выкарыстоўваць на арбіце, і стаў першай краінай, якая здзейсніла пасадку на адваротным баку Месяца летась.

Расея, якая некалі была стратэгічнай партнёркай NATO, але цяпер успрымаецца многімі хаўруснікамі як праціўніца, таксама з'яўляецца касмічнай дзяржавай і адной з нямногіх краінаў, здольных выводзіць спадарожнікі на арбіту.

«Можна размесціць зброю выключна ў космасе, але той, хто кантралюе космас, таксама кантралюе тое, што адбываецца на зямлі, на моры і ў паветры», – сказаў былы чыноўнік NATO Джэмі Шэй, які ў цяперашні час з'яўляецца аналітыкам даследчага цэнтра «Сябры Еўропы» ў Брусэлі.

«Калі вы не кантралюеце космас, то вы не кантралюеце і іншыя сферы баявых дзеянняў», – дадаў ён.

Чакаецца, што міністры абароны краінаў NATO на гэтым тыдні ўзгодняць шырокую касмічную палітыку на рэгулярнай сустрэчы ў Брусэлі, хоць на ёй не будзе прымацца пастанова пра абвяшчэнне космасу сферай баявых дзеянняў.

Самым педантычным пытаннем павінна стаць пастанова, ці з'яўляецца атака на спадарожнік хаўрусніка атакай на ўвесь альянс і ці павінен у гэтым выпадку быць задзейнічаны артыкул 5 Дамовы пра NATO, у якім замацаваны прынцып калектыўнай абароны.

Паводле аналогіі з пастановай абвесціць кіберпрастору сферай баявых дзеянняў у 2016 годзе пастанова NATO першапачаткова будзе азначаць узмоцненае ваеннае планаванне, аналіз уразлівасцяў NATO і вывучэнне пытання пра найлепшыя спосабы абароны камерцыйных спадарожнікаў, якія выкарыстоўваюцца ўзброенымі сіламі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках