29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошы беларускіх кіроўцаў ідуць у афшоры?

31
Грошы беларускіх кіроўцаў ідуць у афшоры?
Фота: onliner.by

Аўтамабілісты абураныя палітыкай кіраўніцтва краіны.

Днямі міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч выказаўся супраць магчымага ўключэння дарожнага падатку ў кошт паліва. Кіроўцы ж разглядаюць схему «хто колькі ездзіць - той столькі плаціць» як справядлівую.

Адзначым, з 2014 года прайсці тэхагляд без квітанцыі аб выплаце дарожнага збору немагчыма. Таму многія беларускія аўтамабілісты для сябе гэтую праблему развязалі проста - ездзяць без ТА. Мабыць, так будзе і далей.

Сітуацыю, якая склалася сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць аўтамабіліста, прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктара Марчыка:

- Гледзячы на кошты, у мяне такое пачуццё, што дарожны збор ужо ўключылі ў кошт паліва. Улады хочуць і кошт паліва падняць, і дарожны збор сабраць, і грошы за тэхагляд узяць.

Я і мае знаёмыя аўтамабілісты мяркуем, што дарожная прымусовая даніна павінна быць цалкам скасаваная! Мы і так сёння плацім за паліва вельмі вялікі адотак ад яго першапачатковага кошту. Неўзабаве ў нас бензін будзе каштаваць больш, як у Еўропе, а заробкі ў Беларусі, калі хто забыўся, далёка не еўрапейскія.

Так і да паўтарэння хвалі акцый «Стоп бензін» недалёка...

- Характэрна, што яшчэ ў пачатку месяца той жа Ермаловіч казаў, што разглядае варыянт з уключэннем збору ў кошт паліва, а цяпер пайшоў пачаў адступаць?

- Магчыма, улады пралічылі, што ўключэнне падатку ў кошт паліва будзе для іх невыгодным. Значна больш грошай можа паступіць у дзяржаўны «куфэрак», калі дарожны збор прывязаны да тэхагляду. Вы ўяўляеце, якія гэта сумы?

Яны разумеюць, што хтосьці будзе менш ездзіць, а значыць менш плаціць збору. Ужо дзірка вымалёўваецца. Хоць ім варта задумацца, ходзяць размовы, што праз гэтую абдзіралаўку беларусы перасядуць на ровары.

Магчыма, улады разумеюць, што могуць страціць у грошах. Хоць, яны і так будуць страчваць, бо эканоміка падае ўсё ніжэй і ніжэй, людзі бяднеюць усё больш і проста не могуць заплаціць гэты збор. Многія адмаўляюцца яго плаціць - байкатуюць.

Улады ведаю толькі такія словы, як забараніць, падняць, але ніяк не тыя, што азначаюць дапамогу людзям. Іх не цікавіць паляпшэнне становішча беларусаў, а толькі свой камфорт і кішэня. Вы ж паглядзіце, колькі яшчэ і іншых нагрузак фінансавых на кіроўцаў, штрафы якія за кожную дробязь.

- Сапраўды, больш за палову кіроўцаў байкатуе тэхагляд і, адпаведна, аплату дарожнага збору. Чаму ўлады, нягледзячы на гэта, ідуць на абвастрэнне сітуацыі?

- Ведаеце, калі так і далей пойдзе, то яны ўвогуле ніякіх грошай не ўбачаць. Ні за тэхагляд, ні за дарожны збор, ні за штрафы. Адзінкі будуць праходзіць ТА.

Людзі будуць ездзіць без тэхагляду, рызыкаваць. Проста праз тое, што выходзіць сапраўды вялікая сума, якую трэба ўзяць з сямейнага бюджэту. Людзі байкатуюць яшчэ і таму, што ўважаюць сістэму за несправядлівую.

Вы ўявіце, колькі аўтамабілістаў у Беларусі. У некаторых сем'ях яшчэ і некалькі аўто. Нават калі палова плаціць дарожны збор, то гэта ж велізарныя грошы. Куды яны ідуць? Парадокс жа ў тым, што дарогі ўсё горшыя і горшыя ў краіне. Імі ніхто не займаецца. Хутчэй за ўсё грошы аўтамабілістаў сыходзяць у афшоры кіраўніцтва краіны.

Паглядзіце, на дарогі ў рэгіёнах. Яны вельмі адрозніваюцца ад тых, па якіх возяць Лукашэнку. Я мяркую нават па Слоніму. Мясцовыя органы ўлады ў нас ўзялі за моду з людзей браць грошы за рамонт дарогі. Маўляў, «хочаце нармальную дарогу? Рабіце за свой кошт або давайце 50 на 50».

Рэч жа ў тым, што 50% яны бяруць з бюджэту. А чые грошы ў бюджэце? Вось і атрымліваецца, што людзі цалкам самі аплачваюць дарогі. Вядома, гэта выклікае абурэнне. Людзі прыходзяць на сустрэчы з органамі ўлады і выказваюцца.

Калі мы павінны ўсё развязваць самі, за свой кошт, то навошта нам наогул такая ўлада? Вось у чым пытанне.

Беларусь транзітная краіна. Чаму, да прыкладу, не зрабіць «дарожны збор» з замежнікаў, а беларусам палегчыць жыццё?

- Што б вы сказалі ўраду ад асобы беларускіх кіроўцаў?

- Скасуйце наогул дарожны збор! Калі ўзяць прапорцыю кошт паліва - заробак, то мы, фактычна, ужо плацім больш, чым у ЕЗ.

Паглядзіце, колькі яны могуць на свой заробак купіць паліва ў літрах, а колькі мы з нашымі заробкамі і коштамі. Адсоткавая прапорцыя ўжо цяпер шакуе!

Многія мае знаёмыя кажуць, што прайшлі б тэхагляд з задавальненнем. Гэта сапраўды трэба нам, аўтамабілістам, выгадна прайсці тэхагляд, праверыць аўто, але мы не можам гэтага зрабіць праз абдзіралаўку ў выглядзе дарожнага збору.

Улады, пакіньце кіроўцаў у спакоі!

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках