29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Схема на $ 290 млн: Каму Расея прадае вугаль з Данбаса

9
Схема на $ 290 млн: Каму Расея прадае вугаль з Данбаса
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

РФ прадаўжае кантрабандай вывозіць антрацыт з акупаванай часткі Данбаса.

Данбас – адзін з самых багатых на вугаль рэгіёнаў свету. Акупаваўшы частку Данецкай вобласці, РФ арганізавала схемы масавага вывазу вугалю, наладзіўшы звышпрыбытковы бізнэс. Факт паставак РФ прызнала ў верасні 2017 года, піша liga.net.

За кошт кантрабанды акупанты фінансуюць тэрарыстычныя «рэспублікі» «ДНР» і «ЛНР». Фінансавую сувязь, згодна з расследаваннем The Washington Post, бакі падтрымліваюць праз «банкаўскую сістэму» іншай непрызнанай «рэспублікі» – Паўднёвай Асеціі.

Псеўдарэспубліка – не выпадковы выбар. Яшчэ ў 2014 годзе яна прызнала незалежнасць акупаваных рэгіёнаў Данбаса, а ў 2017-м устанавіла з імі «дыпламатычныя стасункі».

Куды ідзе данбаскі вугаль? У спісе 19 краінаў, гаворыцца ў даследаванні буйной энэргакампаніі, якое ёсць у распараджэнні журналістаў.

Акрамя Турцыі, якая ўжо станавілася фігуранткай журналісцкіх расследаванняў, у спісе ёсць Грузія, Егіпет і нават Канада. Агульны аб'ём паставак з сакавіка 2017-га да снежня 2018-га ацэньваецца амаль на 6 млн тонаў.

Гандаль на крыві

Для Украіны данбаскі вугаль мае не толькі экспартную каштоўнасць. У 2015 годзе 7 з 14 украінскіх цеплаэлектрастанцый працавалі на вугалі марак А і Т (антрацыт і худы вугаль). Асноўная частка гэтай сыравіны здабываецца на тэрыторыі, якая апынулася пад кантролем прарасейскіх баевікоў.

Гэты чыннік выклікаў дэфіцыт антрацыту на ўкраінскім рынку. Нястачу давялося пакрываць імпартам з ПАР і іншых краінаў.

У студзені 2015 г. паміж Украінай і акупаванымі тэрыторыямі пачаў дзейнічаць спецыяльны рэжым гандлю, які юрыдычна назвалі "перамяшчэннем тавараў праз лінію размежавання".

Найбуйнейшыя металургічныя і вугальныя прадпрыемствы на акупаваным Данбасе перарэгістраваліся ў падкантрольных украінскім уладам гарадах і прадоўжылі пастаўляць прадукцыю як унутры краіны, так і на экспарт. Падаткі з гэтых аперацый паступалі ва ўкраінскі бюджэт.

У антрацыце з АРДЛА былі зацікаўленыя як прыватныя, так і дзяржаўныя кампаніі. Галоўнымі спажыўцамі паліва былі дзяржаўная Цэнтрэнэрга і ДТЭК Рыната Ахметава, якая пастаўляла вугаль са сваіх жа данбаскіх капальняў.

Сітуацыя змянілася ў пачатку 2017-га. Добраахвотніцкія батальёны Айдар і Данбас заблакавалі пастаўкі тавараў з АРДЛА на падкантрольную ўладам Украіны тэрыторыю. Вагоны з вугалем, рудой, металургічнай прадукцыяй і іншымі таварамі спыніліся каля лініі размежавання.

У адказ акупанты захапілі 43 буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія працуюць пад украінскай юрысдыкцыяй, але размешчаныя на акупаванай тэрыторыі. Гэтыя актывы, як раней пісала LIGA.net у сакавіку 2017-га перападпарадкаваныя паўднёваасяцінскай фірме Знешгандальсэрвіс, звязанай з уцеклым бізнэсмэнам Сяргеем Курчанкам.

Адна з найбуйнейшых ахвяраў так званай «нацыяналізацыі», акрамя дзяржавы, – Рынат Ахметаў. На акупаваным Данбасе ён страціў 11 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у структуру ДТЭК і тры шахты горна-металургічнай кампаніі Метінвест.

Захоп прадпрыемстваў стаў штуршком для паўнавартаснай эканамічнай блакады. Спецыяльны рэжым гандлю з АРДЛА перастаў дзейнічаць 15 сакавіка 2017 года.

«Да акупацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях працавалі 96 шахтаў, цяпер – прыкладна 32, яны то спыняюцца, то працуюць, – апавядае кіраўнік Нацыянальнага прафесійнага звязу гарнякоў Украіны Міхаіл Валынец. – Гэта значыць, у працы 30% шахтаў, якія працуюць не на поўную магутнасць».

Бізнэс-партнёры

Паводле падлікаў Міністэрства ў пытаннях часова акупаваных тэрыторый, з АРДЛА штогод вывозяць 2,8 млн тонаў вугалю на $ 288 млн. Паводле звестак РЧ і Федэральнай мытні, за 2015 год з АРДЛА ў Расею вывезлі блізу 1,3 млн тонаў антрацыту, у 2016-м – 940 000 тонаў. За 9 месяцаў 2017 года аб'ём вугальнай кантрабанды склаў 890 000 тонаў. І гэта толькі тыя аб’ёмы, якія афіцыйна трапілі ў статыстыку расейскіх чыгуначных перавозак.

Антрацыт вывозіцца праз некантраляваны Украінай адрэзак мяжы з РФ у раёне Растоўскай вобласці, гаворыцца ў даследаванні буйной украінскай энэргакампаніі. Кантрабанда афармляецца на расейскай мытні як імпарт з Украіны і прадаецца трэйдарам у Расеі.

Асноўны аб'ём вугалю, згодна з дакументам, вывозіцца чыгункай – праз пераходы Чырвоная Магіла – Гукава і Квашын – Успенская.

Ёсць і іншыя маршруты. Блізкасць шахтаў да расейскай мяжы дазваляе таксама выкарыстоўваць грузавыя самазвалы для вывазу антрацыту. Гэты спосаб у кастрычніку 2014 года засведчыў АБСЕ. Вугаль, паводле інфармацыі арганізацыі, вывозіўся праз КПП Гукава.

Яшчэ адзін маршрут – праз КПП Доўжанскі (абодва ККП у Луганскай вобласці – Рэд.) – у 2015 годзе выявілі журналісты.

«Палова паліва, якое трапляе з Данбаса ў РФ, спажываецца прадпрыемствамі ў Растоўскай вобласці – асноўны спажывец Новачаркаск ГРЭС (уваходзіць у структуру Газпрама – Рэд.), астатняе – ідзе на экспарт у іншыя краіны», – апавёў суразмоўца ў ДТЭК.

Кантрабандай здабытага вугалю ў Расею займаецца яшчэ адна структура Сяргея Курчанкі – Газ Альянс. Фірма – манапаліст на сваім рынку. Паводле звестак расейскага РБК, у сакавіку 2018-га Мінэканомікі РФ забараніла іншым трэйдарам весці бізнэс з групоўкамі ЛНР і ДНР.

Да забароны, акрамя фірмы Курчанкі, вугаль таксама вывозілі ў РФ кампанія Вугальныя тэхналогіі былога «намесніка міністра» энэргетыкі «ЛНР» Аляксандра Мельнічука; Крымская паліўна-энэргетычная кампанія (пастаўляла ў акупаваны Крым) Сяргея Агурцова (памочнік уцеклага экс-нардэпа Алега Царова) і інш.

Курс – на экспарт

Еўропа і Турцыя – асноўныя спажыўцы антрацыту паходжаннем з АРДЛА, адзначаецца ў даследаванні. Згодна з дакументам, Турцыя з сакавіка 2017-га да снежня 2018-га набыла амаль 3 млн тонаў вугалю гэтай маркі. Другой у аб'ёмах апынулася Румынія – 1,02 млн тонаў, трэцяй – Бельгія – 876 990 тонаў. За імі ідуць Польшча (333 132 тоны) і Балгарыя (129 176 тонаў).

Усяго ў спісе 19 краінаў, уключаючы Грузію, Індыю, Егіпет і Малдову. Агульны аб'ём паставак за справаздачны перыяд ацэньваецца на 5,96 млн тонаў.

Мапа паставак з РФ у трэція краіны вугалю, здабытага ў зоне АРДЛА, – даследаванне буйной энэргакампаніі

Для легалізацыі вугалю з АРДЛА Расея выдае ліпавыя дакументы, тым самым пацвярджаючы факт ягонага паходжання нібыта з Растоўскай вобласці, заявіў у адным з інтэрв'ю намеснік міністра ў пытаннях часова акупаваных тэрыторый Георгій Тука. Паводле ягоных словаў, перад самай пастаўкай вывезены вугаль з Данбаса змешваецца з сыравінай, здабытай у Растове.

Праблема не толькі ў гэтым. На сёння імпарт тавараў з АРДЛА ў ЕЗ не забаронены паводле аналогіі з Крымам. Такім чынам у еўрапейскіх праваахоўных органаў няма падставаў для спынення або праверкі іх паходжання, апавёў прадстаўнік офіса ДТЭК Энэрга Антон Ганчарук.

Асноўныя аб'ёмы вугалю з АРДЛА вывозяцца праз парты Азоўскага ўзбярэжжа, у першую чаргу з Растова-на-Доне і Азова, паказана ў даследаванні. У снежні 2017 года спіс маршрутаў папоўніўся: сыравіна пачала сыходзіць на экспарт праз порт Усць-Луга, размешчаны недалёка ад Санкт-Пецярбурга.

Яшчэ адзін маршрут паставак (у Еўропу) – транзітам праз Беларусь па чыгунцы, піша польская Gazeta Prawna.

Ёсць і яшчэ адзін магчымы маршрут – праз непрызнаную Абхазію. Пра адпаведныя планы Расеі стала вядома яшчэ ў пачатку 2018-га. Пастаўкі планаваліся праз чарнаморскі порт горада Ачамчыра, заявіў у адным з інтэрв'ю чалец «гандлёва-прамысловай палаты» Абхазіі ў «ЛНР» Сяргей Ладарыя. Пра пастаўкі, паводле інфармацыі нябожчыка нардэпа Дзмітрыя Тымчука, у студзені мінулага года дамовіліся турэцкія і абхазскія камерцыйныя фірмы.

Ці пастаўляюць вугаль з АРДЛА ва Украіну?

Паводле звестак Дзяржстата, Украіна за 2018 год імпартавала з Расеі больш за 15 млн тонаў вугалю на $ 1,8 млрд. Яе дзель у імпарце перавысіла 70%. Вугаль паступае з шахтаў Растоўскай вобласці і Кузбаса, апавёў Ганчарук з ДТЭК Энэрга.

«Украінская мытня ўключыла антрацыт у спіс рызыковых тавараў, гэта значыць у іх праводзяцца дадатковыя праверкі. Я не буду сцвярджаць, што гэтая праверка выключае магчымасць трапляння гэтага вугалю (з АРДЛА ва Украіну – Рэд.), хутчэй за ўсё не. Таму нейкі вагон можа і праскочыць, але сталага і масавага завозу вугалю сапраўды няма», – паведаміла інфармаваная суразмоўца на рынку.

Доказаў, якія сведчылі б пра пастаўкі ва Украіну вугалю паходжаннем з АРДЛА, няма. Ёсць толькі здагадкі. Да прыкладу, у лютым беларускія СМІ апублікавалі расследаванне, у якім гаварылася, што Беларусь летась у 980 разоў павялічыла экспарт вугалю ва Украіну да 690 000 тонаў (антрацыт – 102 200 тонаў, каменны вугаль – 588 500 тонаў), пры тым, што ў самой краіне няма сваіх радовішчаў, акрамя бурага вугалю. Вугаль, верагодна, ішоў з АРДЛА.

Неўзабаве гэтую інфармацыю аспрэчыў міністр энэргетыкі Украіны Ігар Насалік, заявіўшы, што гэта мог быць рээкспарт з РФ.

«Якім ён (вугаль – рэд.) на самай справе з'яўляецца – расейскім або данецкім – ніхто не ведае, як там расейцы робяць дакументы на яго. Усе выдатна разумеюць, што, напэўна, з Данецка прывозяць у Растоў, там з ім калупаюцца і потым далей вязуць. Паводле дакументаў ён – расейскі», – прыводзяць СМІ словы кіраўніка адной з мясцовых кампаній-трэйдараў, якія закупляюць вугаль у РФ.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках