Зміцер Лупач троліць сістэму
4- 26.06.2019, 16:00
- 15,601
Незалежны журналіст з Глыбокага аплачвае штраф штораз адным рублём і фатаграфуецца на фоне квітанцый.
Два месяцы таму суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў журналіста-фрылансера Змітра Лупача на 1020 беларускіх рублёў паводле двух адміністрацыйных артыкулаў: за супрацоўніцтва з «Белсатам» і ўдзел у Дні Волі, піша сайт baj.by.
Праз некалькі дзён суд у Шаркаўшчынскім раёне пакараў журналіста яшчэ адным штрафам за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі.
Аспрэчыць пастановы ў Віцебскім абласным судзе ў Лупача не атрымалася, таму давялося штраф плаціць. Пасля кансультацыі з віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым журналіст пастанавіў аплачваць штраф часткамі адным рублём.
– Штрафы, мяркую, невялікія. Вялікія штрафы, на маю думку, усе пачнуць атрымліваць тады, калі ўвогуле перастане працаваць эканоміка. Цяпер яна дыхае на ладан, бюджэт трэба чымсьці напаўняць. І калі бюджэт не напаўняе эканоміка, тады яго напаўняюць штрафныя санкцыі. У нас жа як выбудаваны Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях? Крок направа, крок налева – гэта адміністрацыйнае парушэнне, – кажа праваабаронца Павел Левінаў.
Квітанцыю ў Шаркаўшчынскі суд, Зміцер Лупач раздрукаваў памерам 1,5х1,5 метра. Як кажа журналіст, сваімі дзеяннямі ён хоча паказаць абсурднасць судоў над журналістамі.