9 снежня 2019, панядзелак, 21:19
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Пад Оршай запрацавала паўтаемная эканамічная зона

12
Пад Оршай запрацавала паўтаемная эканамічная зона

Змест указа Лукашэнкі пра падатковыя льготы для рэзідэнтаў дагэтуль не раскрываецца.

22 чэрвеня ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна пачала функцыянаваць асаблівая эканамічная зона (АЭЗ) «Брэміна-Орша». Рэзідэнтам прапанаваныя важкія льготы і падатковыя прэферэнцыі, паведамляе tut.by.

АЭЗ пачала працу на падставе ўказа Лукашэнкі № 106 ад 21 сакавіка 2019 года. Ён накіраваны на развіццё мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне. Аднак гэты дакумент дагэтуль не апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Ягоны змест не раскрываецца і на сайце «Брэміна груп», кіроўнай кампаніі АЭЗ «Брэміна-Орша».

Як паведамілі агенцтву «ПраймПрэс» у «Брэміна груп», у дачыненні да рэзідэнтаў АЭЗ «Брэміна-Орша», сярод іншага, ужываюцца нулявыя стаўкі падатку на прыбытак тэрмінам на дзевяць гадоў; падатку на нерухомасць – на 20 гадоў; падатку на дывідэнды – да 1 студзеня 2033 года.

Таксама ўводзяцца нулявыя стаўкі афшорнага збору; ПДВ пры вывазе вырабленых тавараў за межы Еўразійскага эканамічнага звязу; ПДВ пры рэалізацыі, здачы ў арэнду (лізінг) рэзідэнтамі аб'ектаў нерухомасці да 1 студзеня 2033 г.; 5% на роялці (узнагароджанне за выкарыстанне аўтарскіх правоў, патэнтаў, гандлёвых марак і брэндаў) да 1 студзеня 2028 г і спецыяльны прававы рэжым тэрмінам дзеяння 50 гадоў.

Паводле інфармацыі «Брэміна груп», АЭЗ «Брэміна-Орша» складаецца з двух сектараў – прамысловага і лагістычнага. У прамысловым сектары мяркуецца размясціць вытворчасці побытавай тэхнікі і электронікі; фармацэўтычнай прадукцыі і прэпаратаў; харчовых прадуктаў (кава, гарбата, рыс і г.д.); аўтазапчастак і аксэсуараў; парфумерыі і касметыкі; побытавай хіміі; цацак; ювелірных вырабаў; спартовага адзення і тавараў; тавараў для дому і інтэр'еру.

Апроч вытворчасці, на тэрыторыі «Брэміна-Орша» размесцяцца таксама крамы гатовай прадукцыі, шоурумы, складскія памяшканні, бізнэс-цэнтр і паркінг.

Лагістычны сектар АЭЗ будзе ўключаць аўтамабільны, чыгуначны і авіятэрміналы.

У снежні 2016 года «Брэміна Груп» адкрыла першы ў краіне прымежны лагістычны цэнтр каля пункта пропуску «Брузгі». У планах кампаніі значыцца стварэнне сеткі такіх комплексаў. Неўзабаве плануецца запусціць тэрмінал у Бераставіцы.

Аўтамабільны тэрмінал пачаў сваю працу ў лютым 2019 года. У ягоным складзе 10 тыс кв м складскіх памяшканняў класа «А» (склад агульнага карыстання, мытны склад, склад часовага захоўвання), 15 грузавых рампаў у мытнай зоне, стаянка для грузавога аўтатранспарту на 200 машынамесцаў, аддзяленне банка і офісныя памяшканні.

У кампаніі паведамілі, што чыгуначныя і авіятэрміналы цяпер знаходзяцца на стадыі рэканструкцыі. Яны будуць забяспечваць перагрузку кантэйнераў з чыгуначнага на аўтатранспарт, абслугоўванне рэфрыжэратарных кантэйнераў, кансалідацыю і апрацоўку кантэйнерных і авіягрузаў, прапаноўваць шырокі спектр мытных і лагістычных паслуг.

У склад тэрміналаў увойдуць пляцоўка для захоўвання і перавалкі кантэйнерных грузаў, пад'язныя чыгуначныя шляхі, узлётна-пасадачная паласа, размеркавальныя склады для пляцовак электроннага гандлю (E-commerce), нізкатэмпературныя склады, складскія памяшканні для кансалідацыі кветкавай прадукцыі.

Цяпер на тэрыторыі «Брэміна-Орша» кругласутачна працуе установавы пункт мытнага афармлення, фітасанітарная і ветэрынарныя службы, банкаўскае аддзяленне, страхавы агент і офіс мытных брокераў. «Дзякуючы гэтаму кампаніі-рэзідэнты змогуць прайсці ўсе працэдуры і атрымаць паслугі, неабходныя для забеспячэння вытворчых працэсаў і лагістычнай дзейнасці», – паведамілі ў «Брэміна груп».

Агульная плошча забудовы мультымадальнага комплексу «Брэміна-Орша» – 230 га. Тэрмін заканчэння ўсяго праекта прызначаны на канец снежня 2023 года. Агульныя выдаткі на стварэнне комплексу ацэньваюцца прыкладна на 350 млн рублёў, вынікае з праграмы развіцця Аршанскага раёна.

Аднак гаворка не ідзе пра адначасовае ўкладанне гэтых сродкаў. З увядзеннем у строй элементаў комплексу частка атрыманага прыбытку будзе інвеставацца ў далейшае развіццё. Удзельнікі «Брэміна Груп» Аляксандр Зайцаў, Мікалай Варабей і Аляксей Алексін хочуць прывабіць новых рэзідэнтаў і інвестараў. Могуць быць прапанаваныя розныя формы супрацоўніцтва: ад супольнага прадпрыемства да інвестыцыйнага таварыства.

У ліпені 2018 года суўладальнікі «Брэміна Груп» прэзентавалі Лукашэнку праект «Брэміна-Орша». Бізнэсмэны агучылі тэрміны рэалізацыі праекта і чаканыя аб'ёмы апрацоўкі грузаў. Акрамя таго, былі прадстаўленыя намеры ў стварэнні кветкавай біржы і апрацоўцы заказаў з электронных пляцовак. Лукашэнка заявіў, што «гатовы дапамагаць», «толькі трэба гэта хутчэй рабіць, каб людзям даць працу». «Калі бачыш, што ёсць бізнэс, трэба паскорыцца. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць, каб вы паскорыліся», – заявіў беларускі правадыр, каментуючы прэзентацыю старшыні рады ўдзельнікаў «Брэміна груп» Аляксандра Зайцава.

Варта адзначыць, што ў Беларусі з 2015 года ў рэжыме асаблівай эканамічнай зоны функцыянуе кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Такім чынам, «Брэміна-Орша» стала другой АЭЗ, што дзейнічае ў Беларусі.

Згодна з Мытным кодэксам ЕАЭС магчымасць стварэння ў дзяржавах звязу тэрытарыяльных адмысловых эканамічных зонаў строга абмежаваная: тры такія зоны могуць быць створаны ў Расеі, дзве – у Беларусі, адна – у Арменіі, Казахстане, Кыргызстане.