29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе з коштамі на бульбу ў Беларусі?

12
Што будзе з коштамі на бульбу ў Беларусі?

Як спякота адаб'ецца на ўраджаі.

Нечаканкі надвор’я не вельмі радуюць беларускіх аграрыяў. Пачатак лета выдаўся гарачым і засушлівым. Як сцвярджаюць эксперты, засуха і высокія тэмпературы сур'ёзна шкодзяць беларускаму ўраджаю, піша «Штодзённік».

Так, у Гомельскай вобласці ўжо праз засуху гіне ўраджай збожжавых. Адсотак пашкоджаных пасеваў паводле апошніх ацэнак складае там блізу 40 тыс. гектараў.

З мэтай высветліць, наколькі цяперашняе надвор'е можа негатыўна адбіцца і на будучым ўраджаі бульбы, «Штодзённік» звярнуўся па каментар да экспертаў.

Паводле словаў генеральнага дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ў бульбаводстве і плодаагародніцтве» Вадзіма Маханько, негатыўна адаб'ецца на ўраджаі гэтай культуры ўжо і тое, што пачаўся з засухі вегетацыйны перыяд.

«Мы прыйшлі да пасадкі бульбы, калі запас вільгаці ў глебе быў на нулі. Хоць для культуры гэта і не так крытычна. На пачатковым этапе бульба найменш патрабавальная да ўмоваў вільготнасці глебы. Але пасля таго, як пачалі з'яўляцца карэньчыкі і г.д., для актыўнага росту патрэбная вада», – растлумачыў спецыяліст.

Ён адзначыў, што менавіта цяпер культуры вельмі патрэбная вільгаць для закладкі клубняў і для таго, каб гэтыя закладзеныя клубні далей актыўна раслі.

Між тым на бульбу негатыўна ўздзейнічае не толькі адсутнасць дажджоў, але і спякота, дадаў Вадзім Маханько. Паколькі пры тэмпературы вышэйшай за +25 С бульба прыпыняе сваё развіццё.

«У такой сітуацыі ўсё, што назапашана і павінна было пайсці на развіццё клубняў, ідзе на падтрыманне самой расліны, і таму затрымліваецца клубнеўтварэнне. Сёння пэўна можна сказаць, што назапашаны ўраджай дакладна ніжэйшы, чым летась, і ўсё праз умовы надвор'я», – падкрэсліў спецыяліст.

Як выказаў здагадку Вадзім Маханько, усё гэта можа адбіцца і на кошце бульбы восенню, якая будзе каштаваць даражэй, чым летась.

Дзе сітуацыя горшая за ўсё?

Паводле словаў Вадзіма Маханько, гэтым летам пацярпелі абсалютна ўсе вобласці.

Пры гэтым, адзначыў спецыяліст, многае залежыць у дадзеным выпадку яшчэ і ад характару глебы. Калі яна суглінкавая, то пасля мінулых дажджоў вільгаць у ёй мае ўласцівасць затрымлівацца. Зусім іншая сітуацыя з пясчанай: асноўная праблема такой глебы – гэта хуткі сыход вільгаці.

«А пяскі ў асноўным у нас – гэта Берасцейшчына і Гомельшчына, плюс там і вышэйшая тэмпература паветра», – адзначыў Маханько.

У першую чаргу якасць

Трэба адзначыць, што ўраджай бульбы летась ужо быў меншы, чым у 2017-м. Адбілася гэта і на экспарце. Так, у 2018 годзе скарачэнне склала ў параўнанні з папярэднім годам 28%. Для беларускіх вытворцаў бульбы па-ранейшаму застаецца асноўным расейскі рынак. Зрэшты, бульбы ўжо досыць і ў самой Расеі.

«Расейскі рынак застаецца, вядома, для нас прэміяльным, – пацвердзіў і Вадзім Маханько. – Але калі параўноўваць сезоны продажаў 2017–2018 і 2018–2019, то ў адсоткавых суадносінах ужо ёсць прыкметная розніца, паколькі за апошні сезон мы больш паставілі на Малдову і Сербію».

Спецыяліст у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што сёння ва ўсіх краінах захоўваецца попыт на якасную бульбу, хай і дарагую.

«Усе гандлёвыя сеткі гатовыя гандляваць дарагой бульбай, але добрай, а танная і няякасная ўжо нікому не патрэбная. Таму наша ніша была і застаецца – гэта шліфаваная, мытая бульба высокай якасці. Тавар павінен адпавядаць усім патрабаванням, якія прад'яўляе пакупнік раздробнай і гандлёвай сетак», – заўважыў ён.

«Калі гаспадарка выгадавала вялікую колькасць бульбы, быў добры ўраджай, але няма якасці саміх клубняў, то такую бульбу прадаць немагчыма, – упэўнены Вадзім Маханько. – Якасная ж бульба прадаецца ў любы сезон. І мы павінны арыентавацца ў першую чаргу на гэта, каб адчуваць сябе добра на іншых рынках».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках