20 красавiка 2024, Субота, 5:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выпускнікі не змаглі назваць ніводнай еўрапейскай сталіцы

70
Выпускнікі не змаглі назваць ніводнай еўрапейскай сталіцы

Хто вінаваты?

На апошнім бацькоўскім сходзе ў навучальным годзе класная кіраўніца маёй дачкі апавяла гісторыю, пасля якой бацькі страцілі дарунак мовы, піша журналістка «Салідарнасці» Таццяна Гусева.

Ейная калега прыйшла ў выпускны клас школы і папрасіла вучняў назваць пяць еўрапейскіх сталіцаў. Першае, што яна пачула: «Казахстан». Настаўніца паўтарыла гэтае пытанне для іншага 11-га класа. «Менск», – адказаў адзін з вучняў. Другой сталіцай, якую змаглі ўспомніць выпускнікі, апынулася Польшча.

10-ы клас, у якім вучыцца мая дачка, выплыў дзякуючы таму, што адзін вучань добра ведаў футбольныя клубы. Праўда, ён здзівіўся, калі даведаўся, што ў Эстоніі ёсць сталіца.

– Калі вашы дзеці мараць жыць у Еўропе, яны збіраюцца пераехаць у Казахстан? – звярнулася да бацькоў класная кіраўніца і дадала: – Калі ваша дзіця прапануе адвезці вас у Парыж, вы хацелі б апынуцца ў вёсцы пад Паставамі або ў сталіцы Францыі?

На дарожку настаўніца зазначыла, што новае пакаленне акрамя Instagram і Укантакце нічога не чытае і не імкнецца атрымліваць дадатковую інфармацыю ў прадметах з альтэрнатыўных крыніцаў.

Хто вінаваты і што рабіць – у рамках праекта «Адваротны бок медаля» абмяркоўваем з заснавальнікам рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўгенам Лівянтам.

Вядомы рэпетытар не згодны з тым, што новае пакаленне не цікавіць нічога, акрамя сацсетак:

– Гэта абвінавачванне з серыі «трава была раней зелянейшай, сонца ярчэй свяціла». Лухта! У мяне кожны год 120 вучняў з розных школаў Менска і іншых гарадоў. Як мінімум дзесяць чалавек выклікаюць у мяне захапленне. Я думаю: «Госпадзі, мне б такія мазгі!» У мяне ёсць досвед і веды, а ў іх – мазгі і працавітасць. На мой погляд, адсотак людзей, якія хочуць добра вучыцца, вырастае.

– Бацькі вінаватыя ў тым, што дзеці не ведаюць еўрапейскіх сталіцаў?

– У гэтай сітуацыі я віну на бацькоў не перакладаў бы. За той час, калі яны вучыліся ў школе, сістэма адукацыі рэфармавалася – стала іншай. Бацькі нагадваюць мне 5–6-гадовых дзяцей, якія не разумеюць, што адбываецца ў школе.

Бацька з вышэйшай адукацыяй разгорне падручнік геаграфіі ці біялогіі і ашалее. Ён скажа сабе: «Які я дурань! Я не разумею нічога, што тут напісана». Высоўваць прэтэнзіі да бацькоў у гэтай галіне, на мой погляд, няправільна. Як яны могуць ведаць, чаму навучаць? Трэба быць надзвычайнымі людзьмі, каб вылучыць галоўнае і другараднае ў падручніку.

Прывяду прыклад з жыцця. Настаўніца пачатковай школы апавяла, як на сходзе бацькі звяртаюцца да яе па дапамогу: «Мар'я Пятроўна, мы не можам дапамагчы дзецям, растлумачце нам інфармацыю з падручніка». Сярод іх былі бацькі з дзвюма вышэйшымі адукацыямі.

– У чым тады прычына?

– Гісторыя, якую Вы прывялі, мяне не шакавала. У 2010 годзе мы з маімі калегамі надумалі праверыць веды моладзі і правялі даследаванне. Мы склалі анкету і папрасілі яе запоўніць 140 першакурснікаў двух універсітэтаў і 11-класнікаў дзвюх менскіх школаў.

Высветлілася, кожны пяты не ведае сталіцу Польшчы! 30% не ведаюць, калі святкуецца Дзень незалежнасці, а 70% не ведаюць чаму. Чатыры радкі з Купалы змаглі працытаваць чацвёра з 140 апытаных.

За 9 гадоў пасля таго апытання нічога не змянілася. Няма простага адказу, чаму так адбываецца. Адна з прычынаў – перагружанасць школьных праграмаў другарадным матэрыялам. Колькасць інфармацыі, якую спрабуюць укласці ў галовы школьнікаў, значна большая, чым было ў той час, калі вучыўся я ці калі вучыліся вы. Гэта датычыцца ўсіх прадметаў.

Пры такім аб'ёме інфармацыі яго немагчыма якасна выкладаць. На паўтарэнне і замацаванне зусім няма часу.

Праграмы жудасна перагружаныя. На ўроках праз вялікую колькасць інфармацыі настаўнік не мае магчымасці засяродзіцца на галоўным і сказаць: а гэта другараднае, давайце апусцім.

На думку эксперта, такая праблема існуе не толькі ў беларускай сістэме адукацыі. Гэта сусветны трэнд.

Яўген Лівянт бачыць выйсце ў радыкальным скарачэнні колькасці інфармацыі ў школьных праграмах:

– У праграме павінна быць менш інфармацыі ва ўсіх прадметах, уключаючы матэматыку і фізіку.

Вучань не асвойвае ўсю праграму ў літаратуры. І ў выніку ён не прачытае нічога. Мы ведаем, што калі працы вельмі шмат, трэба пайсці і легчы паспаць.

Лепш адна кніга за чвэрць, каб яны яе прачыталі, абмеркавалі, напісалі сачыненне, атрымалі кайф ад гэтай кнігі. 4 кнігі за год – гэта не так мала. 28 кніг, прачытаных з 5 да 11 класа, – гэта, можа быць, і няшмат, але гэта не нуль.

Рэпетытар прыводзіць і іншыя прыклады:

– Фармулёўкі задач у матэматыцы і фізіцы сталі такія, што спачатку трэба зразумець: а што там напісана? Адкрываем падручнік Сканаві. Там напісана: рашыце раўнанні – у канцы кнігі карані гэтых раўнанняў. Далей: рашыце няроўнасці. Ніводнага лішняга слова.

А цяпер вы адгортваеце сучасныя тэсты і задачы: рашыце раўнанне і ў адказ запішыце падвоеную суму каранёў, памножаную на большы корань або памножаную на колькасць каранёў. Гэта здаецца, што проста. Але Сканаві да гэтага не дадумаўся! Чамусьці нам хапала матэматычнай адукацыі без гэтых дзіўных пытанняў.

У фізіцы раней быў зборнік задачаў для 9–11 класаў – тоненькая кніжка. Цяпер да падручніка кожнага класа тоўсты задачнік. Вучань дрэнна ведае? Давайце яму яшчэ больш задачаў дамо! Гэта абсурд! Трэба спыніцца!

Перагружанасць інфармацыяй – ключавая праблема адукацыі, яе трэба абмяркоўваць. Пры гэтым я прыдумаў бы сістэму, якая заахвочвае вучняў выходзіць за межы абавязковай праграмы, матывуе іх спазнаваць больш.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках