16 красавiка 2024, aўторак, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст паскардзіўся ў ААН на слуцкія ўлады ўжо другім разам

1
Актывіст паскардзіўся ў ААН на слуцкія ўлады ўжо другім разам
ВІТАЛЬ АМЯЛЬКОВІЧ

Першую справу Віталь Амяльковіч выйграў.

Менскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч звярнуўся з паведамленнем у Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН) аб парушэнні Беларуссю яго права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, піша сайт ПЦ «Вясна».

Гэта ўжо другі раз, калі актывіст горада Слуцка звяртаецца ў ААН па абарону парушаных правоў на свабоду слова і на свабоду сходаў з боку мясцовых уладаў. 29 сакавіка гэтага года КПЧ ААН прызнаў парушэннем правоў чалавека дзеянні ўладаў Слуцка ў 2011 годзе ў дачыненні да Віталя Амяльковіча.

Тады Слуцкі райвыканкам забараніў акцыю актывіста ў падтрымку палітвязняў Беларусі, заявіўшы, што «палітычных зняволеных у Беларусі няма». Паводле гэтай справы Камітэт пастанавіў, што ўлады Беларусі павінны прыняць захады па аднаўленню парушанага права ў дачыненні да Амяльковіча, у тым ліку выплаціць яму адэкватную кампенсацыю. Дзяржава таксама павінна прыняць захады па прадухіленні падобных парушэнняў у будучыні.

Новую скаргу Віталь Амяльковіч падаў з дапамогай юрыста "Вясны" Аляксея Лойка. Гэтая гісторыя - з «гарачай вясны-2017». Напярэдадні Дня Волі вечарам 22 сакавіка Віталь размясціў у «Вконтакте» допіс: «Усё будзе добра! 25-га сакавіка ўбачымся на Акадэміі навук а 14:00. Трымайцеся правага боку. Ну, і вядома ж мяне :)». А ўвечары 24 сакавіка супрацоўнікі Слуцкага аддзела ўнутраных спраў затрымалі актывіста за гэты допіс, расцаніўшы яго як заклік на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

У чаканні суда актывіста на двое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Слуцку.

«Праз затрыманне і знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання я не змог трапіць на мірную акцыю, прымеркаваную Дню Волі, не рэалізаваўшы сваё канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркавання і права на мірныя сходы», - звяртаецца ў Камітэт Віталь Амяльковіч.

Суд над актывістам адбыўся толькі 29 сакавіка. Слуцкі суддзя прызнаў яго вінаватым паводле ч.1 арт. 23.34 КоАП і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (345 рублёў або 145 еўраў), па практыцы, ніяк не ацаніўшы затрыманне на двое сутак у ІЧУ.

«З 1999 года я з'яўляюся грамадскім і палітычным актывістам, сістэматычна ўдзельнічаю у мірных сходах, якія праводзяцца арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і палітычнымі партыямі Беларусі. У ходзе сваёй дзейнасці я неаднаразова зазнаваў з боку органаў улады і сілавых структур Беларусі пераслед за публічнае выказванне сваіх перакананняў, што ў далейшым толькі пацвярджалася ў выразна сфармаванай абвінаваўчай накіраванасці прыняцця судовых пастаноў у дачыненні да мяне і маіх аднадумцаў», - распавядае Віталь Амяльковіч.

Актывіст просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак Беларусь даць яму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату сумы штрафу. Акрамя гэтага, просіць рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь перагледзець законы, нарматыўныя акты і адміністрацыйную практыку, якія тычацца правядзення масавых мерапрыемстваў, стварыўшы ўсе неабходныя ўмовы для рэалізацыі грамадзянамі правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы.

Не гледзячы на тое, што беларускія ўлады не імкнуцца выконваць меркаванні КПЧ ААН у дачыненні да сваіх грамадзян, юрыст "Вясны" Аляксей Лойка мяркуе, што не варта змяншаць колькасць зваротаў у Камітэт.

«Прадстаўнікі дзяржавы хоць і не раз заяўлялі пра тое, што меркаванні КПЧ для іх не з'яўляюцца абавязковымі, аднак варта прызнаць, што яны ўсё роўна ўплываюць на правапрымяняльную практыку беларускіх суддзяў. Напрыклад, калі суддзя разглядаў скаргу арганізатараў Дня волі-2019 на адмову Менгарвыканкама ў правядзенні сходу ля Опернага тэатра, ён пастараўся досыць падрабязна абгрунтаваць законнасць такой адмовы меркаваннямі бяспекі ўдзельнікаў, як гэтага патрабуюць міжнародныя акты ў галіне правоў чалавека. Таму варта пагадзіцца з экспэрткай КПЧ Ільза Брандс-Керыс, якая падчас нядаўняга візіту ў Беларусь адзначыла, што пры любым раскладзе рэчаў нельга даваць нагоды ўладам заяўляць аб зніжэнні колькасці парушэнняў правоў чалавека», - адзначае юрыст.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках