25 красавiка 2024, Чацвер, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Wall Street Journal: За збіты MH17 трэба пакараць асабіста Пуціна

11
Wall Street Journal: За збіты MH17 трэба пакараць асабіста Пуціна

Усё паказвае на тое, што Масква магла наўмысна збіць пасажырскі лайнер.

Расейская атака на авіялайнер Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17, адбылася акурат тады, калі Масква дамагалася дапамогі Захаду ў стрымліванні паспяховага наступу войска Украіны супраць прарасейскіх сілаў на Данбасе. І пасля знішчэння пасажырскага самалёта гэтыя высілкі толькі ўзмацніліся.

Пра гэта на старонках Wall Street Journal (пераклад - unian.net) піша Дэвід Сатэр, які напісаў некалькі кніг пра Расею і выступае ў ролі экспэрта ў справе аб знішчэнні малайзійскага «Боінга 777» над Данбасам у 2014 годзе. Расея разгарнула інтэнсіўную кампанію адмаўлення сваёй адказнасці за збіты MH17.

Міжнародная следчая камісія (JIT) выявіла, што 11 ліпеня 2014 года блізкі дарадца Уладзіміра Пуціна Уладзіслаў Суркоў запэўніў завадатара так званай «ДНР» Аляксандра Барадая, што ён пагаварыў з вышэйшым кіраўніцтвам Расеі («вышэй няма куды») і што будуць «прынятыя адмысловыя дзеянні» , якія неўзабаве зменяць ход вайны.

У першыя два дні пасля знішчэння лайнера расейскія тролі размясцілі 65 тысяч паведамленняў у Twitter, у якіх адмаўлялася дачыненне Масквы да злачынства. Як сцвярджаюць нідэрландскія даследчыкі Робэрт Ван Дэр Ноордаа і Коен Ван Дэ Вэн, гэты ўзровень актыўнасці расейскіх троляў быў беспрэцэдэнтным як да падзення MH17, так і пасля яго.

Праз лічаныя гадзіны пасля катастрофы Пуцін сам прапанаваў «алібі» на прэс-канферэнцыі ў Бразіліі. Адказваючы на пытанне пра інцыдэнт у метро Масквы, ён сказаў: «Адказнасць заўсёды персаніфікаваная. Калі двое паляўнічых страляюць па кустах і выпадкова забіваюць кагосьці, а ўсталяваць дакладна, хто зрабіў смяротны стрэл, немагчыма, атрымліваецца, што яны абодва вызваляюцца ад адказнасці».

Пуцін патэлефанаваў прэзідэнту Бараку Абаму адразу ж пасля катастрофы, каб сказаць яму, што адбылося. Гэта было вельмі дзіўна, паколькі ні самалёт, ні месца падзення MH17, ні хто-небудзь з пасажыраў не былі расейцамі. Пазней на сустрэчы расейскага ўрада Пуцін абвясціў хвіліну маўчання, каб ушанаваць ахвяр катастрофы. Нічога такоўскага ён не рабіў для ахвяр катастрофы ў метро Масквы, падчас якой загінулі 24 чалавекі.

Са слоў былога галоўнага эканамічнага дарадцы Пуціна Андрэя Іларыёнава, на працягу 10 дзён пасля знішчэння MH17 Пуцін 24 разы размаўляў з заходнімі лідарамі, спрабуючы пераканаць іх у адным: трагедыі не было б, калі б не было баёў на Данбасе. І менавіта таму ім трэба націснуць на Украіну, каб яна спыніла свой наступ.

Як сцвярджае Іларыёнаў, гэтыя размовы доўжыліся «даслоўна без прыпынку». Пуцін гаварыў з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і аўстралійскім прэм'ерам Тоні Еботам тройчы з кожным. А з кіраўніком урада Нідэрландаў Маркам Рутэ - шэсць разоў. У сваёй нататцы са спачуваннямі, перададзенай Рутэ, расейскі аўтакрат напісаў: «Гэтая трагедыя яшчэ раз пацвярджае важнасць мірнага развязання жудаснага крызісу ва Украіне».

Довады таго, што Расея адказная за знішчэнне MH17, ёсць у дэталях самога інцыдэнту. Паводле звестак JIT, сістэма «Бук» стаяла за 20 міль ад расейскай мяжы цягам некалькіх гадзін, затым яна адправілася на месца запуску ракеты, размешчанай проста пад міжнародным паветраным калідорам L980. Расея закрыла авіяцыйна-інфармацыйную прастору ў Растове, расчысціўшы неба ад самалётаў, якія маглі ляцець праз калідор з расейскага боку. «Бук» пачакаў 20 хвілін, зрабіў адзіны стрэл, які збіў MH17, а потым адразу ж вярнуўся ў Расею.

Інфрачырвоная камера «Бука» павінна была стварыць цеплавы сілуэт цэлі. І наўрад ці «Боінг 777» можна было з чымсьці зблытаць. На той момант у поле яго дзеянні не было ніводнага ўкраінскага самалёта. Затое былі чатыры пасажырскія лайнеры ўключаючы MH17.

У JIT заявілі, што будуць новыя крымінальныя абвінавачванні. Але завочнае асуджэнне выканаўцаў злачынства не зможа эфектыўна паслужыць правасуддзю. Адміністрацыя Дональда Трампа заняла жорсткую пазіцыю ў палітыцы ў дачыненні да Расеі, аднак яна прапусціла міма ўвагі гуманітарныя праблемы.

«Довадаў у справе аб MH17 і адмовы Расеі супрацоўнічаць дастаткова, каб прыцягнуць Маскву да адказнасці, забараніць самалётам расейскага ўрада прызямляцца ў сусветных аэрапортах і абкласці санкцыямі асабіста Пуціна. Вашынгтон нясе абавязанні як перад ахвярамі MH17, так і перад усімі, хто садзіцца на камерцыйны рэйс», - гаворыцца ў артыкуле.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках