23 лiпеня 2019, aўторак, 13:00
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Навукоўцы патлумачылі, адкуль бяруцца гіганцкія чорныя дзіркі

7

Зоркі ні пры чым.

Згодна з новым даследаваннем, не ўсе звышмасаваныя чорныя дзіркі могуць з'яўляцца з прычыны знішчэння зорак. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя гіганцкія загадкавыя аб'екты сфармаваліся яшчэ на раннім этапе развіцця Сусвету.

Нягледзячы на сваю значнасць для навукі, чорныя дзіркі дагэтуль застаюцца белай плямай для навукоўцаў. Пару месяцаў таму астраномы, якія працуюць над праектам Event Horizon Telescope, апублікавалі фота межаў чорнай дзіркі ў цэнтры галактыкі M87. Тым не менш спецыялісты з усяго свету не маюць адзінага меркавання з нагоды фармавання і развіцця чорных дзірак, піша nv.ua.

Найбольш папулярнай з'яўляецца тэорыя, што звышмасаваныя чорныя дзіркі з'яўляюцца з прычыны смерці велізарных зорак: пад дзеяннем гравітацыі іх ядра сціскаюцца і зорка ў сутнасці паглынае сама сябе, ператвараючыся ў надзвычай цяжкі аб'ект з моцным гравітацыйным полем.

Але на днях прадстаўнікі Універсітэта Заходняга Антарыё апублікавалі працу, згодна з якой зоркі і зусім могуць не ўдзельнічаць у стварэнні звышмасаваных чорных дзірак. Як піша Engadget, аўтары даследавання Шантану Басу і Арпан Дас мяркуюць, што гіганцкія чорныя дзіркі ствараліся «вельмі, вельмі хутка цягам вельмі, вельмі кароткіх прамежкаў часу», пасля чаго іхняе фармаванне спынілася.

Басу і Дас мяркуюць, што вядомыя нам звышмасаваныя чорныя дзіркі маглі з'явіцца не праз смерць зорак, а самі сабой, на этапах ранняга развіцця Сусвету.

«У звышмасаваных чорных дзірак быў кароткі перыяд часу, калі яны маглі хутка расці, а потым, у нейкі момант, праз усю радыяцыі ў Сусвеце, якую стваралі іншыя чорныя дзіркі і зоркі, іх фармаванне спынілася», – кажуць аўтары працы.

Сёння навукоўцы мяркуюць, што звышмасаваныя чорныя дзіркі, якія навукоўцы выявілі апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, з'явіліся праз 800 млн гадоў пасля Вялікага выбуху. Гэтая гіпотэза ўскладняе наша разуменне таго, як развіваюцца чорныя дзіркі.

Новае адкрыццё астрафізікаў з ЗША можа растлумачыць, як з'явіліся звышмасаваныя чорныя дзіркі ў самым пачатку развіцця Сусвету і што з імі адбывалася пазней.