23 лiпеня 2019, aўторак, 12:58
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Магілёўскія Фермапілы: Як 200 гусараў стрымлівалі 30-тысячнае войска Масквы

4

Павучальная гісторыя.

Пры нашэсці персаў на Эладу ў 480 г. да н. э. цар Леанід са сваімі 300 адважнымі спартанцамі некалькі гадзінаў мужна стрымліваў пры Фермапілах шматтысячнае войска непрыяцеля.

А 27 чэрвеня 1581 г. 200 гусараў Рэчы Паспалітай з роты Марціна Казаноўскага цэлых 7 гадзінаў паспяхова абаранялі Магілёў ад 30-тысячнага войска маскавітаў (расейцаў). Абаранялі не за каменнымі сценамі, а ў адкрытым полі!!! Калі ж да гэтых крылатых «спартанцах» на дапамогу прыбыў атрад лёгкай кавалерыі, які складаўся з трохсот коннікаў, непрыяцель кінуўся наўцёкі, піша postavyiokrestnosti.blogspot.com.

У 1581 годзе войскі Караля Польскага і Вялікага Князя Літоўскага Стэфана Баторыя распачалі трэці, папераджальны, паход супраць Вялікага Княства Маскоўскага. Два папярэднія закончыліся поўным поспехам. Быў вызвалены Полацак і захопленыя Вялікія Лукі. Мэтай трэцяга паходу быў Пскоў. Ужо ў канцы жніўня армія Рэчы Паспалітай стаяла пад сценамі гэтага горада.

Перад гэтым у чэрвені армія Івана Грознага ўварвалася ў гістарычную Літву. Яе колькасць гісторыкі ацэньваюць па-рознаму. Некаторыя пішуць пра 40 000–45 000 «маскавітаў і татараў», але найбольш праўдападобны лік 30 000, які называў Маркоўскі, паручнік гусарскай роты Марціна Казаноўскага, што ваяваў супраць маскоўцаў ля сценаў Магілёва.

Армія захопнікаў хоць і была вялікая, не з'яўлялася эфектыўнай баявой адзінкай. Складалася яна ў асноўным з лёгкай маскоўскай, татарскай і казацкай кавалерыі. «Людцы нікчэмныя, разбойныя...» – так адгукаўся пра іншаземных ваякаў сучаснік, ксёндз Ян Пятроўскі. Армія маскавітаў была прыдатная хіба што для рабаванняў мірнага насельніцтва, і, нягледзячы на наяўнасць некаторай колькасці гарматаў, была не здольная да доўгачасовай аблогі ўмацаваных гарадоў і замкаў.

Хоць спробы такія, мабыць у спадзяванні на эфект раптоўнасці, і рабіліся. І ўсё ж у адкрытым полі, дзякуючы сваёй шматлікасці, гэтае войска было значнай пагрозай для літвінаў (беларусаў) і палякаў, бо тыя не валодалі ў мясцовасці, якая зазнала напады, вялікімі ваеннымі сіламі.

У лісце Стравінскага да польскага караля, які той пісаў з Магілёва, ёсць спіс камандзіраў маскавіцкага (расейскага) войска: гэта ваяводы Міхайла Пятровіч Кайтараў, Андрэй Іванавіч Хварасценін, Раман Дзмітрыевіч Бутурлін, князь Міхайла Васілевіч Наздраваты, Іван Міхайлавіч Валхоўскі, Марцулей Шчарбаты, Іван Міхайлавіч Батурлін, Фёдар Фустаў, Міхайла Глебаў-Салтыкоў, Іван Барацінскі, Кулянчук-Чэрмікой (татарын), Уладзімір Халовіч, Васіль Іанаў – данскі казачы атаман, Ярмак Цімафеевіч – казачы атаман, і нейкі Ізмайлаў.

У лісце Стравінскага называецца і колькасны склад войскаў непрыяцеля: «...з якімі было люду татарскага, то-бок цемнікоўскіх, кадомскіх, касімоўскіх, воемаскіх, свіяжскіх і чэбаксарскіх, а так жа маскавітаў (расейцаў) 45 000, стральцоў маскоўскіх і конных з Дона ўсяго 1000».

Гэтае войска 25 чэрвеня 1581 года пераправілася цераз Дняпро і 27 чэрвеня ўжо было ў ваколіцах Магілёва. У той самы дзень з падпалу прадмесцяў пачаўся штурм горада. Далей зноў дамо слова Стравінскаму, які пісаў каралю: «яны (маскавіты) да самага астрога гарадскога спрабавалі прабіцца, каб і яго спаліць, чаго мы, з дапамогай Божай, страляючы з замка і з самога астрога, а таксама маючы стральцоў у найбліжэйшых дамах, агнём са стрэльбаў і вылазкамі паспяхова абаранялі. На шчасце Вашай Каралеўскай Міласці, і з Божай дапамогай, у гэтым прадмесці стратаў у людзях мы не мелі, і ў палон нікога з нашых яны не захапілі, а толькі дваіх паранілі і папалілі некалькі сотняў дамоў. Затое самі, як пад сценамі замка, так і астрога, шмат людзей страцілі».

Аднак наўрад ці жыхары Магілёва змаглі б доўга і паспяхова супрацьстаяць варожай арміі, калі б ім на дапамогу не прыйшлі прафесійныя вайскоўцы – гусары (рота Марціна Казаноўскага, якая налічвала 200 коннікаў), а праз сем гадзінаў лёгкая кавалерыя (рота Цемрука Шымковіча, якая налічвала 164 коннікі) і рота Кшыштафа Радзівіла (150 коннікаў).

Падрабязнасці бітвы кавалерыі пад сценамі Магілёва дайшлі да нашых дзён дзякуючы шляхцічу Галаўчынскаму, які з спаленага Галоўчына 30 чэрвеня 1581 года пісаў каралю: «Вашай Каралеўскай Міласці, Магілёва і прадмесцяў Магілёўскіх некалькі сотняў дамоў (маскоўцы) папалілі, і людзей пабілі тых, якія ня змаглі ўціснуцца ў замак і схавацца ў горадзе. Аднак жа з Божай дапамогай, Вашай Каралеўскай Міласці салдаты роты вяльможны пана Троцкага (Кшыштафа Радзівіла), пана Казаноўскага і пана Цемрука, гэтую ж гадзіну сабраліся і далі адпор непрыяцелю, і абаранілі замак і горад, і бітву з імі мелі».

Ліст Галаўчынскага дапоўніў ксёндз Ян Пятроўскі, які пісаў 11 ліпеня 1581: «Сёння адтуль прыехаў Маркоўскі, паручнік роты Казаноўскага, які паведаміў, што 27 чэрвеня да Магілёва падышлі маскоўцы і татары, агульным лікам блізу 30 000 чалавек. Людцы нікчэмныя, разбойныя, прыйшлі, каб Магілёў здабыць. А рота Казаноўскага, без ротмістра, прыбыла на дапамогу гораду. У той дзень яны цэлых 7 гадзінаў з ворагамі біліся, адагнаўшы іх ад горада і не даючы падступіць да яго пасля. Потым на дапамогу Гусараў прыйшла рота пана Цемрука.

Маскоўцы, трацячы многіх людзей, адступілі да пераправы праз Дняпро. Нашы на гэтай пераправе білі іх і на другі бок прагналі, захапіўшы пры гэтым палонных, якіх згаданы мною пан Маркоўскі Каралю адправіў. Рота Маркоўскага мела страты ў конях і параненымі – маскоўцы ў іх з лукаў і стрэльбаў стралялі. Забітых, з ласкі Божай, ніводнага. Хоць у роце Казаноўскага таксама не прапаў ніхто, аднак жа ў роце Кшыштафа Радзівіла, у якой паручнікам быў Халібек, іншых забілі, а траіх жывымі злавілі (паланілі): Гульскага, Жбікоўскага і Кураеда. І пасля бітвы той Магілёў ацалеў...».

Адступіўшы ад Магілёва, маскоўцы пайшлі на Оршу, руйнуючы і спальваючы на шляху вёскі. Урэшце 30 тысячнае войска-арда сышло з Літвы, але Іван Жахлівы не змірыўся з паразай. Таму неўзабаве... больш чым 100 тысячнае войска Рэчы Паспалітай уступіла ў межы Вялікага Княства Маскоўскага і рушыла на Пскоў. Па ворагу быў нанесены папераджальны ўдар.