25 красавiка 2024, Чацвер, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнкаўскі электарат перастаў існаваць

42
Лукашэнкаўскі электарат перастаў існаваць
Мікалай Статкевіч

Захад павінен дапамагчы апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі, інакш сітуацыяй скарыстаецца Расея.

Былы палітвязень, апазіцыйны лідар і кандыдат ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу на пасаду прэзідэнта Беларусі Мікалай Статкевіч у інтэрв'ю "Польскаму радыё" распавёў пра тое, як Лукашэнка крок за крокам здае Беларусь Крамлю, чаму Захад памыляецца, называючы дыктатара "гарантам незалежнасці", як беларусы будуць абараняць сваю краіну, а таксама закрануў тэму будучых выбараў у Беларусі.

Сайт Сharter97.org падае асноўныя моманты інтэрв'ю.

"Лукашэнка - гэта недарэчная марыянетка Крамля»

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу згодны з меркаваннем, што над Беларуссю навісла рэальная пагроза з боку ўсходняга суседа:

"Аляксандр Лукашэнка і Пуцін па-ранейшаму таргуюць Беларуссю. У нас няма інфармацыі аб змесце іх загадкавых размоў. Можна толькі адзначыць тое, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка загаварыў аб зменах у Канстытуцыю.

Дыктатар стварыў у Беларусі паразітычны рэжым. Гэты рэжым паразітуе на Расеі, яе нафтагазавых даходах. Паразітычныя стасункі рэгулююцца пагадненнем аб "саюзнай дзяржаве", падпісаным у канцы 1990-х гадоў. Фактычна дакумент прадугледжвае ўключэнне Беларусі ў склад Расеі. Гаворка ідзе аб агульнай мяжы, супольнай адміністрацыі, супольнай вайсковай палітыцы, адзінай валюце.

Гэта пагадненне паступова рэалізуецца. Лукашэнка трохі яго гамуе, таргуецца. Ён здаецца па частках. Усе звыклі да таго, што Лукашэнка - гэта недарэчная марыянетка Крамля. Крок за крокам ён ідзе на саступкі, а наўзамен атрымлівае прэферэнцыі.

Дзякуючы гэтым субсідыям дыктатар захоўвае ўладу. Ён не здольны ні на што іншае і больш нічога не хоча. Бо рэальныя рэформы і нармальная эканоміка азначаюць для яго страту ўлады.

Усе спрэчкі, якія вядуцца паміж Крамлём і крамлёўскай марыянеткай у Беларусі, тычацца таго, наколькі шмат суверэнітэту Расея хоча купіць, і колькі Лукашэнка хоча атрымаць за яго.

Цяпер праз падзенне коштаў нафты Расея хоча купіць больш суверэнітэту за меншыя грошы», - заявіў апазіцыйны палітык.

"Лукашэнкаўскі электарат перастаў існаваць”

Мікалай Статкевіч звярнуў увагу на важныя змены, якія адбыліся з краінай за апошні час кіравання Лукашэнкі:

"Пераставаў існаваць лукашэнкаўскі электарат. Мы са здзіўленнем глядзелі на заходніх палітыкаў: калі Лукашэнка карыстаўся падтрымкай значнай часткі беларусаў - яны маглі яго крытыкаваць, уводзіць санкцыі.

А цяпер Захад абараняе дыктатара, калі ўсе беларусы яго ненавідзяць, асабліва тыя, хто раней падтрымліваў - малазабяспечаныя жыхары маленькіх гарадоў.

У Лукашэнкі нічога няма і раптам ён атрымаў падтрымку Захаду. Такім чынам, Захад робіць стаўку на чалавека, які ўжо ўсё прамантачыў, на таго, хто гандлюе незалежнасцю, выкарыстоўвае рэпрэсіі супраць журналістаў і патрыётаў.

На мой погляд, падтрымліваць Лукашэнку шкодна, бо грамадства ўсё бачыць. Грамадства шукае падтрымкі, а надзеі заўсёды ўскладаліся на захад. Падтрымка інтэграцыі Беларусі з Еўразвязам заўсёды была даволі высокай - 40-45 адсоткаў. Цяпер, калі людзі бачаць, што Лукашэнка сустракаецца з заходнімі палітыкамі, падтрымка інтэграцыі з Еўразвязам значна ўпала.

Пры гэтым падтрымка саюзу з Расеяй (гаворка ідзе не пра страту незалежнасці, а аб супрацоўніцтве) значна павялічылася. Нічога такоўскага ніколі не адбывалася, нават калі прапаганда ў Беларусі спрыяла інтэграцыі з Расеяй. Мы, дэмакратычныя сілы, будзем працягваць змагацца, незалежна ад таго, хто нам дапамагае ці адмаўляе ў дапамозе. Аднак змагацца без паплечнікаў вельмі складана.

Калі партнёры на Захадзе спакойна глядзяць на тое, як нас арыштоўваюць, рэпрэсуюць, то што адбудзецца, калі Лукашэнка давядзе план да канца і здасць Расеі ўсю незалежнасць беларускай дзяржавы? Калі Лукашэнка знішчыць апазіцыю, хто будзе абараняць Беларусь знутры? Людзі гатовыя ваяваць за Беларусь. Аднак патрэбныя лідары, якія раскажуць, што адбываецца, скажуць, што трэба рабіць, дапамогуць арганізаваць грамадства ў самым пачатку", - адзначыў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

“Дапамога Лукашэнку - гэта дапамога ў здачы незалежнасці Беларусі”

Мікалай Статкевіч звяртае ўвагу на тое, што Захад робіць вялікую памылку, называючы Лукашэнку "гарантам незалежнасці”:

- Каб называць Лукашэнку гарантам незалежнасці, ён павінен яе абараняць. Перш за ўсё, ён павінен змяніць інфармацыйную палітыку. Калі ва ўмоўным тэлевізійным пакеце з 8 бясплатных тэлеканалаў 5 з'яўляюцца расейскімі, калі яны ўсе кажуць пра вайну з Захадам, выклікаюць нянавісць да Украіны, прэзідэнт, які абараняе незалежнасць Беларусі, павінен змяніць гэтую сітуацыю. Сёння беларусы вымушаныя глядзець на свет вачыма Расеі.

Лукашэнка аддае медыйную прастору пад агрэсіўную інфармацыйную палітыку Расеі. А ўсе гібрыдныя войны пачынаюцца менавіта з інфармацыйнай вайны. Асновай усяго з'яўляецца інфармацыя. У пачатку дыктатар аддаў тэлевізійнае поле, а цяпер узяўся за інтэрнэт.

У Беларусі пераследуюцца журналісты тэлеканала "Белсат", ідзе наступ на незалежныя медыі, а сайт Charter97.org заблакаваны ў Беларусі.

Заходнія палітыкі гавораць, што дапамагаюць Лукашэнку абараняць незалежнасць, а ён яе здае. Такім чынам, дапамога яму спрыяе ў здачы незалежнасці", - адзначыў апазіцыйны палітык.

"Захад павінен дапамагчы апазіцыі і грамадзянскай супольнасці”

Мікалай Статкевіч даў канкрэтныя парады заходнім палітыкам, як ім паводзіць сябе ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, незалежных СМІ, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці:

"Важная інфармацыйная падтрымка. Падтрымка патрыятычных СМІ, вельмі важная падтрымка сайта Сharter97.org, які быў вымушаны эміграваць з Беларусі, знайшоў прытулак у Польшчы і цяпер зазнае вялікія цяжкасці, у тым ліку - з забеспячэннем працы рэдакцыі.

Таксама патрэбная падтрымка патрыятычных сіл, апазіцыйных палітыкаў. Захаду трэба абнавіць кантакты з апазіцыяй. Вы павінны нам дапамагчы.

Важная дапамога для грамадскасці, праява салідарнасці з тымі, хто стаў ахвярамі рэпрэсій.

Нельга дазваляць Лукашэнку знішчаць тых, хто сапраўды гатовы бараніць незалежнасць сваёй краіны. Сілавыя структуры рэжыму з'яўляюцца прарасейскімі, гэта людзі, якія выступаюць за інтэграцыю з РФ, агульную барацьбу супраць Захаду і NATO. Іх лідар - Пуцін. Варта асцерагацца, што сілавыя структуры Лукашэнкі могуць першымі ўзначаліць калону агрэсара», - заявіў лідар БНК.

“Беларускі "балкон" для расейцаў можа ператварыцца ў ваенны кацёл”

Кандыдат у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэса мяркуе, што ёсць два магчымыя сцэнары, калі беларусам давядзецца абараняць сваю краіну са зброяй у руках:

"Па-першае, калі Расея захоча, каб Лукашэнка пайшоў на большую колькасць саступак, чым ён хоча даць. Тады дыктатар можа цалкам здаць незалежнасць Расеі. Таксама магчымы варыянт, што ён будзе занадта доўга таргавацца, тады Крэмль можа адхіліць Лукашэнку.

Акрамя таго, я думаю, што Расея хоча, каб у Беларусі быў рэалізаваны сцэнар Крыма, а не Данбаса. Данбас занадта дарагі. З іншага боку, Расея хоча мець калідор у Беларусі, "балкон" у бок Варшавы, Вільні і Кіева.

Аднак калі ў Беларусі пачнецца супраціў, то ён можа атрымаць падтрымку з кожнай мясціны свету, а “балкон” можа ператварыцца ў ваенны кацёл.

Што да звычайных беларусаў, то яны цалкам змяніліся з тых часоў, як выбралі Лукашэнку ў 1994 годзе. Абсалютная большасць дыктатара ненавідзіць. Я ўпэўнены ў тым, што беларусы будуць змагацца за сваю краіну. Расея, у адрозненне ад Захаду, ведае настроі і грамадскае меркаванне ў Беларусі. Яны ведаюць, што Лукашэнку не любяць, можа быць, менавіта таму яны намагаюць на паскарэнні перамоў аб інтэграцыі”, - распавёў аб сваім бачанні сітуацыі лідар беларускай апазіцыі.

"Лукашэнка ўбачыў, як яго ненавідзяць простыя людзі”

Кандыдат у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч распавёў аб будучых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у Беларусі:

"Сённяшнія выбары - гэта імітацыя. Апазіцыя патрабуе аднаўлення рэальных выбараў.

Беларускі нацыянальны кангрэс патрабуе сапраўдных выбараў. Мы хочам мірнай перамогі"

Мікалай Статкевіч не згодны з меркаваннем, што " беларусы хочуць жыць за дыктатурай:

"У 2017 годзе Лукашэнка паспрабаваў увесці дэкрэт аб "дармаедах". Беларускі нацыянальны кангрэс арганізаваў першую акцыю пратэсту ў Менску. Затым па ўсёй краіне прайшлі шматлікія пратэсты. Акцыі пратэсту ў гэтай нібыта "спалоханай краіне", дзе 80 адсоткаў людзей звязаныя кантрактамі.

Тысячы людзей пратэставалі нават у невялікіх гарадах. Такога яшчэ не было ў нашай гісторыі. Ад Лукашэнкі запатрабавалі сысці ў адстаўку, а не проста скасаваць указ. Цяпер у нас ёсць новыя тэхналогіі, відэатрансляцыя ў рэальным часе. Беларусы ўбачылі, як іх шмат. Лукашэнка ўбачыў, як яго ненавідзяць простыя людзі. У 2017 годзе ён спалохаўся і скасаваў закон аб «дармаедах».

Калі б Лукашэнка быў папулярны, яму было б лёгка дамовіцца з Захадам. Ён дазволіў бы заходнім назіральнікам прасачыць за падлікам галасоў, арганізаваць годныя выбары. Аднак Лукашэнка саступіць кожнаму кандыдату.

Калі ўсім усё падабаецца, чаму ў Беларусі няма сумленных выбараў?",- заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч.

Нагадаем, сёння ў Гародні адбудзецца сустрэча з Мікалаем Статкевічам, кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, а таксама з прадстаўніком Рады БНК Яўгенам Афнагелем. Сустрэча пройдзе ў Цэнтры гарадскога жыцця на адрасе: Гародня, вуліца Кірава, 3.

Пачатак - 6 чэрвеня а 18:00.

7 чэрвеня жыхары Барысава змогуць сустрэцца з Мікалаем Статкевічам, кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, а таксама з прадстаўніком Рады БНК Яўгенам Афнагелем.

Пачатак сустрэчы - а 16.00 на адрасе: вуліца 30 гадоў ВЛКСМ, 8 (Дом І.Х. Каладзеева).

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках