18 лiстапада 2019, панядзелак, 20:45
Дзень другі
Рубрыкі

Амаль палова беларускіх ІП падумвае згарнуць бізнэс

4
Амаль палова беларускіх ІП падумвае згарнуць бізнэс

Прадпрымальнікі і далей страчваюць рынак і пакупнікоў.

У Беларусі індывідуальныя прадпрымальнікі страчваюць пазіцыі на рынку. У студзені-красавіку гэтага года на ІП і фізічных асоб прыпадала 9,6% ад усяго раздробнага тавараабарачэння за гэты перыяд, а год таму - 11,3%. Гэта вынікае са звестак Белстату, піша tut.by.

Удзельная вага індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб у раздробным тавараабарачэнні ў студзені−красавіку скарацілася ва ўсіх рэгіёнах да аналагічнага перыяду 2018 года.

У лідарах ІП і фізічныя асобы ў раздробным тавараабарачэнні Гарадзенскай, Берасцейскай і Віцебскай вобласці — 13,4% і па 13,1% адпаведна. Да прыкладу, у Берасцейскай і Віцебскай абласцях гэты паказчык год таму быў 15,7%.

У аўтсайдарах — Менск і Менская вобласць, дзе на ІП прыпадае 6,8% і 7,6% рынку адпаведна.

Тым часам у Беларусі скарачаецца колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца раздробным гандлем. Паводле звестак Міністэрства падаткаў і збораў, на 1 красавіка гэтага года іх было 66 325, а годам раней — на 707 больш.

Нагадаем, амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў — 46% — плануе закрыць свой бізнэс цягам найбліжэйшага часу. Прычым 20% - цягам года. Больш за ўсё ахвотных "сысці" ў Менску і Менскай вобласці — 51%. Такія звесткі былі атрыманы падчас даследавання «Найлепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнэсу індывідуальнымі прадпрымальнікамі», яго праводзіла грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» ў 2018 годзе.