25 красавiка 2024, Чацвер, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт пра Еўрагульні: Ніхто не стане спонсарам «другой лігі»

19
Экспэрт пра Еўрагульні: Ніхто не стане спонсарам «другой лігі»

Турысты не павяліся на выгадныя ўмовы ўезду ў Беларусь на час спартовых спаборніцтваў.

Да старту II Еўрапейскіх гульняў блізу двух тыдняў, а прададзеныя толькі 68% квіткоў. Дырэкцыя спаборніцтваў чакала прыезду 30 тысяч турыстаў, але, мяркуючы з прададзеных замежнікам квіткоў, іх прыедзе не больш за 19,5 тысяч, піша «Завтра твоей страны».

Цалкам стратны праект

Квіткі на спаборніцтвы каштуюць ад 2 да 20 еўраў. Калі браць па максімуму, то за прададзеныя замежнікам 19,5 тысячаў квіткоў арганізатары выбавяць блізу 390 тысяч еўраў. Калі ўсе без выключэння гэтыя госці прабудуць у краіне ўвесь час спаборніцтваў, з 21 да 30 чэрвеня, то могуць патраціць у сталіцы блізу 9,7 мільёнаў еўра. Як раз у 10 разоў менш, чым заяўленыя першапачаткова арганізатарамі выдаткі на арганізацыю мерапрыемства.

Амаль 153 мільёны рублёў пайшло на II Еўрапейскія гульні з рэспубліканскага бюджэту, яшчэ 77 мільёнаў - з рэзервовага фонду дыктатара. Гэта значыць, на спаборніцтвы выдаткавалі суму, эквівалентную дзесьці 100 мільёнам даляраў. І не менш за 8 мільёнаў даляраў прыцягнулі ад бізнэсу.

З эканамічнага пункту гледжання акупнасць праектаў, накшталт II Еўрапейскіх гульняў сыходзіць у бясконцасць, а іх стратнасць дэтэрмінаваная, адзначае незалежны экспэрт у эканоміцы Леанід Фрыдкін.

Нават больш прэстыжныя турніры не прыносяць значнага прыбытку. Што ўжо казаць пра Еўрапейскія гульні. Гэта дзіўны і мала для каго прывабны праект, за якім сочыць не шмат заўзятараў. Ды і Менск не такі вядомы і не такі цікавы, каб спартовае спаборніцтва стала стымулам для прытоку турыстаў.

- Для краіны з не вельмі багатай эканомікай, як Беларусь, імкненне стаць месцам правядзення разнастайных спартовых турніраў выглядае некалькі дзіўна, - кажа Леанід Фрыдкін.

Вялізныя марнаванні ў будаўніцтва спартовых арэн, якія большую частку часу прастойваюць, заўсёды акупляюцца з вялікай цяжкасцю.

- Ёсць шмат прыкладаў, калі краіны з больш чым сціплай эканомікай праз ганарыстасць або ў надзеі на бурнае развіццё турызму марнуюць у спартыўную інфраструктуру вялікія грошы. Але гэтыя фундаванні не акупляюцца, - мяркуе экспэрт.

Улады нібы не заўважаюць, што іміджавыя праекты становяцца для беларускай эканомікі занадта дарагім задавальненнем.

- Мы ўпісаліся ў загадзя стратны праект. Мяне не здзіўляе, калі Сяргей Румас пытаецца, чаму ад Захаду няма грошай. Здзіўляе тое, што спадзяваліся атрымаць гэтыя грошы: ніхто не стане спонсарам «другой лігі», - тлумачыць спартовы журналіст Сяргей Шчурко.

Еўрапейскія гульні не надта цікавыя

Еўрапейскія гульні, безумоўна, зробяць больш разнастайнымі шэрыя будні жыхароў сталіцы. Пацешацца спаборніцтвам і расейцы.

- Абсалютная большасць заўзятараў будзе з Расеі. Гэта турысты, якія і без таго часта прыязджаюць на ўікэнд у Беларусь. А тут ёсць магчымасць добра правесці час, тым больш што Расея зноў будзе змагацца за першае месца ў камандным заліку, - кажа Сяргей Шчурко.

А вось іншыя замежнікі на гэтыя спаборніцтвы масава не ірвуцца, бо гульні не канкуруюць нават з чэмпіянатамі свету і Еўропы, адзначае журналіст. Прычын для масавага прытоку гасцей у сувязі з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў няма. І бонусаў у выглядзе росту турыстаў з краін Захаду і прытоку валюты, якую яны тут будуць марнаваць, чакана, не прадбачыцца.

Больш за тое, шматлікіх патэнцыйных турыстаў адпужвае рынак гатэльных паслуг.

- Яны не гатовыя плаціць за чатырох-і пяцізоркавыя гатэлі столькі, колькі паказана ў прэйскурантах менскіх гасцініц. Гэта вялікая памылка, якую дапусцілі яшчэ пры падрыхтоўцы да Чэмпіянату свету ў хакеі. Трэба было засяродзіцца на гатэлях эканом-класа, а не на дарагіх, - мяркуе Леанід Фрыдкін.

Экспэрты не бачаць бонусаў, якія б абгрунтавалі фінансавыя страты. Для рэкламы краіны гэта не найлепшы варыянт. А прасоўваць спорт можна за значна меншыя грошы, адзначае Сяргей Шчурко.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках