19 кастрычнiка 2019, Субота, 23:49
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Што хавае ад грамадзкасьці кіраўніцтва Беларусі і Расеі?

30
Што хавае ад грамадзкасьці кіраўніцтва Беларусі і Расеі?
Валер Карбалевіч

Праўды чакаць засталося зусім нядоўга.

Ужо амаль тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але зьмест гэтых пасланьняў зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай. Абодва бакі іх усяляк хаваюць ад грамадзкасьці, нават ад дэпутатаў.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў: «Прыйдзе час, і ўсе пра ўсё даведаюцца. Зараз ідзе руцінная праца». Нешта падобнае казаў кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў: «Калі ідуць перамовы, то перагаворшчыкі кожны дзень не выходзяць на публіку і не распавядаюць, хто каму чаго прапанаваў».

Аднак праблема ў тым, што назваць «руціннай працай» сытуацыю, калі на кану лёс дзяржаўнасьці, не выпадае. Тым больш, калі расейскія афіцыйныя асобы сьвядома напускаюць туману, кажуць ня ўсю праўду ці зусім няпраўду, імкнуцца схаваць свае сапраўдныя пляны.

Хітрасьць расейскага боку

Вось, напрыклад, Уладзімер Пуцін 7 чэрвеня на пленарным пасяджэньні Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму, разважаючы пра беларуска-расейскія адносіны, заявіў: «Сёньня няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб’яднаньня, у нас няма такіх плянаў, мэтаў няма». І пры гэтым дадаў, што гаворка ідзе ўсяго толькі пра будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

Але хітрасьць ці падвох расейскага прэзыдэнта палягае ў тым, што рэалізацыя дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы якраз і азначае дзяржаўнае аб’яднаньне. Бо там гаворка ідзе аб стварэньні адзіных органаў улады, прыняцьці Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, пераход да адзінай валюты. А гэта і ёсьць аб’яднаньне, дакладней, нават, паглынаньне Беларусі Расеяй.

Таму такія тлумачэньні, як і аптымістычна-бадзёрыя заявы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса (пазыцыі бакоў супадаюць на 70%) толькі дадаюць недаверу.

Што схавана за хітрымі заявамі

Заявы расейскіх і беларускіх урадоўцаў на палях Пецярбургскага эканамічнага форуму 8 чэрвеня хоць не праясьнілі сытуацыю, але дазволілі ўбачыць нейкія контуры перамоваў.

Міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін апавядаў, што пытаньне пра адзіную валюту актыўна абмяркоўваецца, прычым, як можна зразумець, ужо ў практычнай плоскасьці: «Як гэта рабіць, у якія тэрміны гэта рабіць». Цікава, што інфармацыю пра гэта дае расейскі бок, беларускія ўрадоўцы гэта якраз спрабуюць хаваць. Бо пераход Беларусі на расейскія грошы аўтаматычна вядзе да адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі, макраэканамічнай палітыкі.

То бок, пазбавіўшыся сваіх грошай, Беларусь страчвае магчымасьць правядзеньня самастойнай эканамічнай палітыкі. Без уласных грошай залежнасьць Беларусі ад Масквы будзе прыкладна такая, як ў любой расейскай губэрні.

Абодва бакі адзначаюць, што ўсе праблемныя пытаньні павінны вырашацца ў пакеце. Але высьвятляецца, што ў Менску і Масквы розныя пакеты.

Розьніца ў пазыцыях бакоў

Першы віцэ-прэм’ер РФ Антон Сілуанаў заявіў, што пакуль ня будуць вырашаны пытаньні інтэграцыі, ня мае сэнсу «выдзіраць» пытаньні кампэнсацыі за страты ад падатковага манэўра або пытаньні крэдытаваньня Беларусі. То бок, спачатку аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў і толькі потым працяг субсыдый беларускай эканоміцы.

А вось міністар эканомікі Беларусі Дзьмітрый Круты гэты пакет трактуе інакш. Паводле яго, пытаньні кампэнсацыі за падатковы манэўр павінна разглядацца ў энэргетычным пакеце, у кантэксьце фарміраваньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, і рынку электраэнэргіі. Трэба разумець, гаворка ідзе пра дакумэнты ЭАЭС, паводле якіх Расея абавязалася не пагаршаць умовы паставак энэргарэсурсаў у Беларусь.

Па-іншаму Дзьмітрый Круты бачыць і праблему адзінай валюты: «У самой саюзнай дамове напісана, што ва ўмовах стварэньня адзінай эканамічнай прасторы па ўсіх напрамках ужо фіналам становіцца адзіная валюта». То бок, спачатку бесьперашкодныя пастаўкі беларускай прадукцыі на расейскі рынак, імпарт нафты і газу па ўнутраным цэнам РФ, і толькі потым пагаворым пра адзіную валюту.

Праўды чакаць нядоўга

І яшчэ. 15 чэрвеня у Маскве сустракаюцца міністры, 20 чэрвеня — прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі. У выніку гэтых перамоваў і павінен з’явіцца дакумэнт аб пэрспэктывах інтэграцыі. Чакаць засталося нядоўга.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода».