18 красавiка 2024, Чацвер, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым была Люблінская унія?

1
Чым была Люблінская унія?

Гісторыкі зь Беларусі, Літвы і Польшчы ацэньваюць агульную гістарычную падзею.

Сёньня спаўняецца 450 гадоў з дня падпісаньня Люблінскай уніі — зьвязу паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім. Яны на больш як 200 гадоў аб’ядналіся ў адну фэдэратыўную дзяржаву. Уплыў Люблінскай уніі на гісторыю краін, якія ўтваралі Рэч Паспалітую, ацэньваюць гісторыкі зь Беларусі, Польшчы і Літвы, піша «Радыё Свабода».

Беларускі пункт гледжаньня

Андрэй Янушкевіч — гісторык, кандыдат гістарычных навук, былы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Спэцыялізуецца ў ваеннай і сацыяльна-палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVI ст.

Пра галоўныя здабыткі і страты для ВКЛ і Польшчы ад Люблінскай уніі

Андрэй Янушкевіч

Для ВКЛ Люблінская ўнія была натуральным заканчэньнем эвалюцыі палітычнай сыстэмы з часоў Крэўскай уніі. Інфлянцкая вайна паскорыла гэты працэс. ВКЛ мела вялікую неабходнасьць у падтрымцы, каб абараніцца ад Масквы. Сваіх рэсурсаў бракавала, і асаблівага імпэту з боку кіроўнай эліты не назіралася. Атрыманьне польскай падтрымкі — гэта, безумоўна, плюс.

Але і ня трэба забываць, што яна была зусім не добраахвотным, а вымушаным крокам у варунках вайны. Наша арыстакратыя, зь некаторымі выключэньнямі, перажывала зусім не ад страты дзяржаўнага сувэрэнітэту, а з прычыны скарачэньня сваіх уплываў і ўладных паўнамоцтваў на дзяржаўным узроўні.

Польшча Люблінскай уніяй канчаткова зацьвердзіла за сабой «літоўскую» сфэру ўплываў. У гэтым саюзе дамінавала Польшча. За пашырэньне сфэры ўплываў трэба было плаціць — цяпер на палякаў перакладвалася таксама задача абароны неспакойнай усходняй мяжы. Зь мінусаў для палякаў быў той факт, што эліта ВКЛ не дазволіла займацца землеўласьніцкай экспансіяй — звычайная купля землеўладаньняў польскай шляхце ў ВКЛ была забаронена.

Хто выйграў ад уніі найбольш

Выйгралі, безумоўна, палякі, якія дамінавалі ў новастворанай Рэчы Паспалітай. ВКЛ як самастойная дзяржава пацярпела паразу. Польшча давіла Літву і Беларусь на палітычным полі, на тых жа соймах была вялізная перавага прадстаўнікоў польскіх ваяводзтваў. На культурным полі адбываліся імклівыя працэсы палянізацыі, нават шлюбныя стратэгіі нашых магнатаў ужо зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя былі накіраваны на яднаньне з прэстыжнымі родамі польскай арыстакратыі. Мы скаціліся да ўзроўню рэгіёну ў складзе Рэчы Паспалітай, з пэўнымі маркерамі асобнасьці, якія могуць цешыць самалюбства, але не вызначалі сутнасьць палітычнага працэсу.

Люблінская ўнія выратавала ВКЛ ад паразы ад вайны з Масквою, не дала той захапіць беларускія зямлі. Шкада толькі, што дзеля гэтага быў выбраны згодніцкі шлях уніі, а не ваеннае змаганьне, цалкам магчымае, як гэта на ўласным прыкладзе паказваў польны гетман Раман Сангушка.

Якой бы была гісторыя бяз уніі

Нават калі Люблінскай уніі не было б, зь цягам часу саюз Польшчы і ВКЛ быў бы аформлены ў іншых формах. Масква была занадта чужая, цывілізацыйна неразьвітая, каб шляхта ВКЛ рабіла стаўку на яе. ВКЛ трапіла ў «пастку гісторыі», калі прыватныя інтарэсы эліты, кіроўных колаў, пачынаюць пераважваць над грамадзкімі. З гэтай прычыны сканала ў гісторыі не адна дзяржава — і Заходняя Рымская імпэрыя, і СССР.

Літоўскі пункт гледжаньня

Альфрэдас Бумблаўскас — літоўскі гісторык, доктар навук, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Спэцыялізуецца ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэфармацыі.

Пра галоўныя здабыткі і страты для ВКЛ і Польшчы ад Люблінскай уніі

Альфрэдас Бумблаўскас

Галоўным плюсам уніі было тое, што мы змаглі на доўгі час адцягнуць уваход у склад Расейскай імпэрыі. Абарона ад Масквы і была галоўнай мэтай ўніі, і яна была цалкам выкананая. Небясьпека была блізка, бо войскі Івана Жахлівага ўжо захапілі Полацак і не спыніліся б на ім. Сама Літва не дала б рады расейскаму войску. А абараніцца мы маглі толькі разам з Польшчай.

— Літва абаранілася ад Расеі і вярнула страчаныя землі. Літоўцы плачуць, што з прычыны уніі ВКЛ страціла траціну тэрыторыі на карысьць Польшчы: Падляшша і тры ўкраінскія ваяводзтвы. Але некаторыя проста ня хочуць разумець, што гэта была цана кампрамісу. Часам неабходна нечым ахвяраваць, каб выйграць больш. Так, гэта была несправядлівасьць з пункту гледжаньня ВКЛ, але які быў выбар? Калі Літва адчувала сябе ў горшай пазыцыі, то чаму тады яна не разарвала унію і не абвясьціла Польшчы вайну? Таму што на той час для ВКЛ проста не было іншай альтэрнатывы, каб выжыць.

Хто выйграў ад уніі найбольш

Польшча атрымала вельмі шмат, але галоўным пераможцам было ВКЛ. Яно здолела абараніцца ад Масквы. А ўжо потым, унутры Рэчы Паспалітай, усе нашыя страты і перамогі залежалі ўжо ад нас.

Якой бы была гісторыя бяз уніі

Часам кажуць, што гісторыя ня любіць умоўнага ладу. Але я лічу, што гісторыкі вельмі павінны любіць умоўны лад. Бо гісторык павінен ня толькі апісваць гісторыю, але і разумець яе, і рабіць зь яе высновы. Галоўная выснова з гісторыі Люблінскай уніі, што калі б яе не было, то мы значна раней сталі б часткай Расейскай імпэрыі. Да чаго гэта магло б прывесьці, няцяжка ўявіць. Зрэшты, Расейская імпэрыя так ніколі і не адмовілася ад жаданьня ўключыць у свой склад так званыя постлітоўскія землі.

Польскі пункт гледжаньня

Конрад Бабятыньскі — польскі гісторык, доктар навук, працуе ў Інстытуце гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Займаецца палітычнай і грамадзкай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Пра галоўныя здабыткі і страты для ВКЛ і Польшчы ад Люблінскай уніі

Конрад Бабятыньскі

Плюсамі для Польшчы стала забесьпячэньне згуртаванасьці ўсёй дзяржавы ў выпадку сьмерці дынастыі Ягайлавічаў, забесьпячэньне дамінантнага ўплыву на выбары новага кіраўніка і перавага ў парлямэнце. Гэта таксама магчымасьці пашырэньня эканомікі (калянізацыя, гандаль) на паўднёва-ўсходніх землях ВКЛ, злучаных з Каронай. Мінусам для Польшчы стала накіраваньне ўсяго патэнцыялу: мілітарнага, дэмаграфічнага і эканамічнага на ўсходнюю экспансію. Ад гэтага пацярпелі справы на захадзе — Сілезія, Герцагства Прусія. Мінусам было таксама адкрыцьцё новых франтоў — поўнае ўзяцьце на сябе абароны ад татарскіх пагрозаў, удзел у вайне з Масковіяй.

Для Літвы плюсы — гэта ўзмацненьне мілітарнага патэнцыялу і ўступленьне ў барацьбу за гегемонію ў гэтай частцы Эўропы з Маскоўскай дзяржавай, вяртаньне Смаленску і Полацку. Для літоўскай шляхты плюсамі стала прыняцьце правоў і свабод шляхты ў Польшчы, рэформа самакіраваньня (яшчэ да ўніі, рэформы 1564–1566).

Мінусам для Літвы стала страта 40% тэрыторыі, горшая пазыцыя ў Рэчы Паспалітай, страх перад польскай экспансіяй у ВКЛ.

Хто выйграў ад уніі найбольш

Выйграла найбольш Рэч Паспалітая як дзяржава. Яна сталася найбуйнейшай імпэрыяй гэтай часткі Эўропы і ўтрымлівала мілітарную перавагу над Масковіяй ажно да вайны 1654–1667. Толькі аб’яднаньне патэнцыялаў дзьвюх краін магло прынесьці такі вынік. І літоўская шляхта як палітычны народ і суб’ект палітычнай гульні з часам прымала польскія палітычныя і культурныя ўзоры.

Якой бы была гісторыя бяз уніі

Без падтрымкі Польшчы ВКЛ не абараніла б сваёй незалежнасьці і неўзабаве трапіла б у рукі Масквы. Была б таксама прайграная барацьба з царом і швэдамі за Лівонію.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках