16 лiпеня 2019, aўторак, 6:12
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Барыс Xамайда: Прайду шлях грэка-каталіцкіx паломнікаў самастойна

3
БАРЫС ХАМАЙДА

Забаронай на пілігрымку з Віцебска ў Полацк улады толькі зрабілі рэкламу гэтаму мерапрыемству.

25-е штогадовае паломніцтва з Віцебска ў Полацк было скасаванае праз тое, што ад арганізатараў запатрабавалі абсалютна непад'ёмную суму за суправаджэнне калоны міліцыяй, паведамляе «Радыё Рацыя».

Ёсць толькі адзіны спосаб, каб міліцэйскую ахову, паслугі медыкаў і ЖКГ улады далі бясплатна, кажа святар Дзмітрый Грышан, настаяцель віцебскай парафіі Уваскрэсення Хрыстовага: «Ёсць святкаванні, якія ўключаныя ў план або вобласці, або раёнаў. Гэта значыць, што дзяржава зацікаўленая ў іх правядзенні. І ўсё, што з гэтым святкаваннем звязанае, у тым ліку паломніцтва, яна таксама разглядае як частку гэтага плана. Калі ў нас атрымаецца пераканаць уладу, што наша паломніцтва таксама нясе нешта добрае, то яно, магчыма, таксама трапіць у гэты план. Я адкрыты да дыялогу і спадзяюся, што з боку ўладаў гэты дыялог таксама пачнецца».

Згодна з заканадаўствам пра масавыя мерапрыемствы, грашовых выплатаў за абслугоўванне не патрабуюць у тым выпадку, калі дзяржава становіцца суарганізатаркай мерапрыемства.

Сёлета гэтую ідэю рэалізаваць не атрымалася, але гэта не значыць, што паломніцтва ў Полацк сарванае – яно проста памяняла фармат.

Цяпер ён такі, як агучыў адзін з вернікаў Барыс Хамайда: «Я не здзіўляюся таму, што гэты рэжым робіць – што забаранілі прайсці калонай. Гэтым яны толькі зробяць нам вельмі вялікую рэкламу. Але ведаеце, гэта ж духоўная справа! Мне могуць забараніць ісці агульнай калонай, але я магу асабіста прайсці гэты шлях!»

Вернікі будуць дабірацца да Полацка ўласным ходам – на асабістым і грамадскім транспарце – каб у суботу 13 ліпеня трапіць да полацкай Сафіі.

У грэка-каталікоў ёсць традыцыя маліцца пад сценамі храма ў памяць аб полацкіх пакутніках, закатаваных за веру расейскім царом Пятром Першым. Сёлета ў саборы будзе арганізаваны канцэрт а 16-й гадзіне, а на наступны дзень, у нядзелю 14-га ліпеня, ахвотных запрашаюць на ўрачыстую літургію ў полацкую ўніяцкую царкву.