20 красавiка 2024, Субота, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да нас, цыганоў, такое стаўленне!»

«Да нас, цыганоў, такое стаўленне!»

Падлетка за крадзеж тэлефона паклалі ў псіхіятрычную лякарню.

15-гадовы Радзівон Макараў – з цыганскай сям'і. Ён трапіў пад крымінальны пераслед – скраў у суседа тэлефон. З чарговага допыту ў Следчым камітэце хлопца адвезлі ў зачыненае дарослае аддзяленне псіхіятрычнай лякарні, паведамляе «Радыё Свабода».

«За што так з маім Радзівонам? Ён жа не вар'ят! А там ён сапраўды страціць розум!» – плача ягоная маці.

У Наталлі Макаравай чацвёра дзяцей. Двое ўжо дарослыя, двое – няпоўнагадовыя. Малодшаму сыну тры гады. Наталля жыве ў вёсцы Прыбор Гомельскага раёна. Два тыдні таму яе 15-гадовы сын скраў тэлефон у суседа. «Мы аддалі той тэлефон, але крымінальную справу ўсё роўна распачалі. Паехалі ў пятніцу, 5 ліпеня, на допыт у Следчы камітэт. Прыехала туды і Ганна Сяргееўна з аддзела апекі. Яна загадала забраць майго Радзівона ў псіхушку. На якой падставе?» – апавядае Наталля.

Раніцай 8 ліпеня ў аддзеле адукацыі Гомельскага райвыканкама высветлілася, што Ганна Мішына – загадчыца сектара аховы правоў дзяцінства – не працуе з гэтага часу. Наталлю Макараву прыняла намесніца старшыні камісіі справаў няпоўнагадовых Гомельскага райвыканкама Алена Кавалёва. Яна запэўніла, што ўсе дзеянні органаў апекі робяцца з мэтай дапамогі і абароны Радзівона.

Алена Кавалёва падкрэсліла, што дзіця ў Наталлі ніхто не адбіраў, а пастанову пра шпіталізацыю Радзівона прыняў лекар у псіхіятрычнай лякарні. Ганна Сяргееўна з сектару аховы правоў дзяцінства ўсяго толькі адвезла падлетка туды на кансультацыю. З якой мэтай, чаму падлетку спатрэбілася кансультацыя псіхіятра – у камісіі справаў няпоўнагадовых не адказалі.

Схільны да бадзяжніцтва або занадта любіць свабоду

У камісіі справаў няпоўнагадовых ведаюць пра сітуацыю з Радзівонам. Некалькі гадоў таму ён разам з малодшым братам, які толькі нарадзіўся, былі адабраныя ў Наталлі і змешчаныя ў прытулак праз неспрыяльныя жыллёвыя ўмовы. Наталля палепшыла ўмовы, і дзяцей ёй аддалі. Разам з тым Радзівон уцякаў з прытулку – і гэта зімой, у мароз. Яго знайшлі ў летняй вопратцы пад мостам.

У камісіі мяркуюць, што падлетак схільны да бадзяжніцтва. Яго не маглі знайсці, каб прывезці на допыт. Маці сцвярджае, што Радзівон проста вельмі любіць свабоду, і яна не можа яго да сябе прывязаць вяроўкай. «Ён жыве цяпер у свайго таты. Я спецыяльна не казала, калі з міліцыі і апекі прыязджалі па яго, дзе ён, каб яго зноў не забралі ў прытулак», – кажа Наталля.

«Мы не можам перавыхаваць сваіх дзяцей – бо самі не перавыхаваліся»

Цяпер Радзівон знаходзіцца ў 11-м зачыненым аддзяленні Гомельскай абласной псіхіятрычнай лякарні. «Ён, бедны, плача, хоча дадому. Яму там страшна. Ён мне казаў, што выкінецца з акна. Ох, як выратаваць маё дзіця. Я хутка сама патраплю ў псіхушку», – кажа Наталля.

Лекарка з 11 аддзялення адказала Наталлі, што яна пакуль не глядзела Радзівона, таму не ведае – колькі яшчэ хлопчык будзе знаходзіцца ў лякарні. «Ужо чатыры дні мой хлопчык тут, і яго ніхто не глядзеў! Для чаго было яго сюды забіраць?» – дзівіцца жыхарка Прыбор.

Наталля ўпэўненая, што ўсе праблемы цыганоў – праз іхнія законы, якія супярэчаць беларускім. «У нас занадта свабодны народ. Мы не можам жыць не на свае законы. Раней жылі ў будах. Босыя, голыя, галодныя – і ніхто дзяцей не забіраў у нас! У нас усе жывуць паводле свайго закону. Мы не можам перавыхаваць сваіх дзяцей – бо самі пакуль не перавыхаваліся. Нас ніхто не можа перавыхаваць. Нам тлумачаць – як жыць паводле беларускіх законаў, але мы не можам гэтага зразумець – мы ўсё роўна сваё робім, і нашы дзеці сваё робяць. Бо мы вольны народ. Мной бацькі не камандавалі – я ў 13 гадоў выйшла замуж. І я Радзівонам не магу камандаваць. Ён куды захоча – туды ідзе», – кажа Наталля.

«Сістэма адукацыі – рэпрэсіўны да цыганоў апарат»

Праваабаронца Марыя Клімовіч шмат гадоў займаецца праблемамі гомельскіх цыганоў. Знаёмая яна і з Наталляй. Праваабаронца мяркуе, што жанчына «трапіла ў пастку».

«У гэтым немалая віна службовых асобаў. Раней Наталля жыла ў Брагінскім раёне. Там у яе былі добрыя жыллёвыя ўмовы. Але ў вёсцы не было працы. Яна была вымушаная перабрацца сюды, да радні, у Прыбор. Цяпер яе тэрарызуюць з аддзела адукацыі за дрэнныя жыллёвыя ўмовы, пагражаюць забраць дзяцей. Адзін раз дзяцей забіралі ў прытулак. Праз гэта Наталля страціла права атрымаць дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. А за тыя грошы яна магла б палепшыць свае ўмовы жыцця. Пастка», – кажа Марыя Клімовіч.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках