18 красавiка 2024, Чацвер, 9:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніца з Берасця: Спытала суддзю, як будзе глядзець сваім унукам у вочы?

57
Настаўніца з Берасця: Спытала суддзю, як будзе глядзець сваім унукам у вочы?

Людміла Карчэўская кожную нядзелю выходзіць на цэнтральную плошчу Берасця.

Людміла Паўлаўна Карчэўская – адзіная настаўніца, якая выходзіць на плошчу ў Берасці на акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода. Яе двойчы судзілі за ўдзел у акцыях, але педагога гэта не спыніла.

У інтэрв'ю «Салідарнасці» Людміла Паўлаўна апавяла, што прывяло яе на плошчу, чаму іншыя настаўнікі падтрымліваюць яе на словах, але не спяшаюцца браць з яе прыклад, і што яна адчувала, калі чула лжэсведчанні міліцыянтаў на судзе.

– Гадоў 30 таму мы з мужам атрымалі кватэру ў вёсцы Тэльмы. Былі рады, што нашы дзеці будуць дыхаць свежым паветрам. Побач лес, недалёка рэчка, – успамінае Людміла Карчэўская.

Яна і ўявіць сабе не магла, што недалёка ад яе дома пачнецца будаўніцтва акумулятарнага завода.

– Да сходу ў Тэльмах я не ведала пра гэты праект. Зала была поўная, людзі стаялі нават у праходах. Я ўпершыню пачула пра тое, якую пагрозу для здароўя і экалогіі ўяўляе завод АКБ. Арганізатары сходу і прадстаўнікі прадпрыемства, мабыць, думалі, што збяруцца бабулі-дзядулі, пакрычаць «не заводу» – і на гэтым усё. Але пайшло на так. Кіраўніцтва завода не змагло адказаць на пытанні людзей, галасы якіх гучалі пераканальна, таму што яны аперавалі разлікамі і валодалі інфармацыяй пра падобныя вытворчасці.

Пасля сходу Людміла Паўлаўна стала выходзіць на плошчу ў Берасці, каб даведацца апошнія навіны пра завод:

– Я вельмі здзіўленая, што на плошчы мала мамаў. У мяне пяцёра ўнукаў. Мая ўнучка жыве за 800 метраў ад завода. Я разумею, чаму не выходзяць пенсіянеры: яны не чытаюць у інтэрнэце. Але чаму ў моладзі, якая ведае, што адбываецца, не спрацоўвае мацярынскі інстынкт – абараніць сваіх дзяцей?

...Мая мама і дзядзька памерлі ад анкалогіі. На рак хварэла мая сястра. У снежні мы пахавалі яе ўнука, якому было ўсяго толькі 18 гадоў.

У панядзелак яго адвезлі ў Бараўляны, а ў пятніцу ён памёр. Калі яго прывезлі дадому, над ім плакалі, на вачах у памерлага хлопчыка выступілі слёзы. Раней я была атэісткай, пасля гэтай гісторыі яшчэ раз пераканалася, што душа чалавека жыве.

Няма нічога страшнейшага за хваробы дзяцей і ўнукаў. Таму я кожную нядзелю выходжу на плошчу. Тут абмяркоўваюць дзеянні, якія робяцца на заводзе. Дзяржаўныя СМІ пра гэта не пішуць. Праўду мы даведваемся ад актывістаў.

Мяне двойчы судзілі за ўдзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Але на плошчы няма палітыкі. Толькі барацьба за экалогію. Хачу, каб мае ўнукі дыхалі чыстым паветрам, не хварэлі, каб маглі з градак ёсць трускаўкі.

Калі завод патрэбны краіне – перанясіце яго ў чарнобыльскую зону. Хай туды ездзяць людзі, якія хочуць зарабіць.

Людміла Паўлаўна – адзіная настаўніца, якая выходзіць на плошчу на знак пратэсту супраць акумулятарнага завода. Паводле ейных словаў, калегі падтрымліваюць, але далучыцца не адважваюцца праз кантрактную сістэму.

– Я ўжо на пенсіі, і мне не пагражае звальненне. Многія не ідуць на плошчу, каб не страціць працу, – кажа Людміла Карчэўская. – Калі ты страціў працу, прыбіральніцай цябе возьмуць і пару капеек усё роўна можна зарабіць. Але бачыць хваробы дзяцей – ворагу не пажадаю.

Людміла Паўлаўна сустракае на плошчы сваіх былых вучняў, ходзіць на суды, каб падтрымаць іх.

– Для мяне тыя, хто прыходзіць на плошчу, – патрыёты. Сябры ініцыятыўнай групы – героі нашага часу. Яны маглі б плюнуць на барацьбу і з'ехаць. Я не раз чула ад іх: «Як я буду глядзець сваім дзецям у вочы? Чаму я павінен пакідаць свой дом?» Ім да ўсяго ёсць справа. Гэтыя людзі хочуць пераменаў да лепшага.

Людміла Паўлаўна мяркуе, што адзін чалавек не можа паўплываць на ўладу ў нашай краіне. Людзей, якія супраць запуску акумулятарнага завода, нашмат больш, чым тых, хто выходзіць на плошчу, упэўненая яна.

– Нас шмат, проста не ўсе могуць адкрыта выйсці. Ведаю, што ініцыятыўнай групе дапамагаюць юрысты, эканамісты. Людзі салідарныя. Мне дапамагаюць выплачваць штрафы сяброўкі і тыя, хто выходзіць на плошчу.

Я ўсім кажу: выйсці на плошчу не страшна, страшнейшае тое, што нас чакае. Грошы могуць многае, але багатыя людзі таксама паміраюць.

У мінулую пятніцу Людмілу Паўлаўну аштрафавалі на 510 рублёў – за ўдзел у мерапрыемстве:

– Я нічога не рабіла дрэннага. На плошчы няма шыльды, дзе напісана, што яе нельга наведваць і стасункаваць з людзьмі. Савецкая вуліца – пешаходная. Я ішла там, дзе дазволена хадзіць. Таму мяркую, што мяне затрымалі незаслужана. Сказала суддзю, што мая грамадзянская пазіцыя нязменная, і я смела магу глядзець у вочы маім унукам, а вось як вы будзеце глядзець сваім дзецям і ўнукам у вочы – не ведаю.

Суддзя сказаў, што мы не бралі дазвол на мерапрыемства. Кажу: вы, напэўна, не ў курсе, што мы падавалі шмат заявак на правядзенне мітынгаў – нам не дазвалялі. Колькі зваротаў за паўтара года было скіравана кіраўніку Берасцейскага аблвыканкама Анатолю Лісу... І толькі нядаўна ён саспеў для сустрэчы з ініцыятыўнай групай.

Паводле словаў Людмілы Паўлаўны, на судзе міліцыянт сказаў, што яна ішла ў калоне і крычала «Не заводу!»

– Суддзя прапанаваў паглядзець відэа. Спыталася ў яго пасля прагляду: «Я крычала?»

– Не, – сказаў суддзя і спаслаўся на словы міліцыянта, які сцвярджаў, што так было.

– А нічога, што ён ілжывы сведка? – абураецца жанчына. – Я, настаўніца з 24-гадовым стажам кажу, што гэтага не рабіла, а на судзе вераць міліцыі. Крыўдна.

Людміла Паўлаўна мяркуе, сярод міліцыянтаў ёсць і тыя, хто разумее, да чаго прывядзе запуск завода.

– Я бачу гэта ў іх вачах, калі размаўляеш з імі, калі яны слухаюць на плошчы актывістаў. Самае страшнае – калі сустракаеш тых, хто затрымлівае людзей на плошчы і кайфуе ад гэтага – упіваецца сваёй уладай, – падсумавала суразмоўца.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках