19 красавiка 2024, Пятніца, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя «лісты шчасця»

43
Новыя «лісты шчасця»

«Фінансісты» ад улады наступаюць на старыя граблі.

Беларускія прадпрымальнікі масава атрымліваюць «лісты шчасця» ад падатковай.

Такім чынам улады надумалі нагадаць ІП аб патрэбе абсталяваць касавыя апараты СКПО. Незалежныя журналісты палічылі, што выкарыстанне касавага апарата ад дзяржавы каштавацьме кожнаму ІП дадаткова 200 рублёў на месяц.

Шмат ці мала гэта ва ўмовах Беларусі, і чаму ва ўсім свеце касавыя апараты усталёўваюць без «лістоў шчасця», а ў нас - добраахвотна-прымусова?

На пытанні Charter97.org адказвае грамадскі актывіст і прадпрымальнік са Слоніма, прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Віктар Марчык.

- Што ў сённяшіх умовах значаць для беларускага ІП дадатковыя выдаткі на 200 рублёў штомесяц?

- 200 рублёў цяпер - гэта фактычна палова сярэдняга заробку беларускага ІП за месяц.

Я надоечы размаўляў з новымі слонімскімі прадпрымальнікамі і мне распавялі пра актуальную сітуацыі. «Адкрыліся - і больш, чым палову месяца працуем толькі на падаткі і іншыя выплаты. Нам застаецца ў канцы месяца даслоўна 300-400 рублёў прыбытку», - вось што мне распавялі.

Калі ІП аддадуць яшчэ 200 на абслугоўванне касавага апарата - ім застанецца толькі 100-200 на жыццё. Гэта значыць, ІП будуць атрымліваць яшчэ менш, чым атрымліваюць людзі на дзяржаўных прадпрыемствах.

Гэта - суздром страты, бессэнсоўная задума. ІП у выніку будуць яшчэ больш актыўна закрывацца - і дзяржава страціць яшчэ больш паступленняў у бюджэт. Перастануць выплачвацца падаходныя падаткі і адлічэнні ў пенсійны фонд, які і так перажывае не найлепшыя часы.

У выніку дзяржава будзе ў страце. Не ведаю, хто там сядзіць і дае парады ва ўладзе, што гэта за «эканаміст» і «фінансіст», які рэкамендуе такі абсурд.

Зразумела, што ўвядзеннем касавых апаратаў СКПО з прадпрымальнікаў хочуць выцягнуць яшчэ нейкія грошы, думаючы, напэўна, што гэтых грошай у іх цэлыя мяхі.

Па-другое, хтосьці ж вырабляе і пастаўляе ў краіну гэтыя касавыя апараты і хоча іх прадаць. І гэты хтосьці, думаю, звязаны з уладай, таму і прынятая такая пастанова: абавязаць усіх набыць гэтую прадукцыю. Хтосьці, звязаны з уладай, шукае шляхі, каб павялічыць свае даходы. А ўлады наступаюць на старыя граблі, знішчаючы прадпрымальнікаў, у якіх бачаць толькі сродак для імгненнага атрымання грошай і не думаюць пра больш аддаленыя наступствы.

- Ці ёсць нейкія гарантыі, што купіўшы касавы апарат, можна будзе «спаць спакойна»? або ад ІП захочуць яшчэ нейкіх выплат?

- Рэч у тым, што касавыя апараты ад дзяржавы маюць у сабе шмат падводных камянёў.

Гэта апарат трэба паставіць на ўлік, забяспечыць праграмным забеспячэннем, рэгулярна плаціць спецыялісту, які б прыходзіў і яго абслугоўваць і правяраць.

Так што будуць яшчэ выдаткі, якія лягуць на плечы ІП. Гэта не так, каб проста «ўзяў - купіў - паставіў». Так што выдаткі і страты прадпрымальнікаў істотна вырастуць.

- Але ж ва ўсім свеце касавымі апаратамі дробныя прадпрымальнікі карыстаюцца добраахвотна. Чаму ў Беларусі ўвядзенне, здавалася б, такога нязначнага новаўвядзення ператвараецца ў спецаперацыю - з «лістамі шчасця» ад падатковай?

- Як я ўжо казаў, тут замяшаная цікавасць звязанага з уладай манапаліста-вытворцы. Відаць, у гэтага вытворцы сапраўды добрыя сувязі і добрае прыкрыццё сярод высокапастаўленых чыноўнікаў, якія лабіююць ягоныя інтарэсы.

А ў Еўропе ўсё па-іншаму: ёсць шмат вытворцаў касавага абсталявання, канкурэнцыя паміж імі, ІП шукае апарат самым нізкім коштам. У нас канкурэнцыі няма і прадпрымальніка прымушаюць купляць касы і абслугоўванне да іх невыгодным коштам.

Акрамя таго, умовы для вядзення малога бізнэсу і пакупніцкая здольнасць насельніцтва ў Еўропе непараўнальныя з нашымі. У той жа Польшчы прадпрымальнік, калі ён толькі адчыняецца, атрымлівае безадсоткавы крэдыт у банку. Ён можа спакойна развівацца: першыя гадоў пяць яго наогул не чапаюць.

У нас жа такіх умоў няма - ёсць толькі «прыгожая карцінка» на БТ. Таму ў Еўропе прадпрымальнік спакойна купляе і выкарыстоўвае касавыя апараты - каб яму самому было лягчэй. А ў нас гэта - лішні груз.

Акрамя таго, трэба ўлічыць адзін немалаважны факт: беларускія касавыя апараты устаноўленага дзяржавай ўзору працуюць на падатковую. Іх адмыслова праграмуюць так, каб усе чэкі за набыткі адразу адлюстроўваліся ў падатковай. Такім чынам, у падатковай будуць бачыць, які прыбытак у ІП і колькі яшчэ з яго можна «ўзяць».

Прасцей кажучы - падатковая прыдумала метад, каб сачыць за кожным рухам цела, за кожным набыткам. Гэтыя апараты СКПО - сродак для татальнага сачэння за прадпрымальнікам. Але не трэба думаць, што гэта клопат толькі для ІП. Бо падатковая атрымлівае аператыўны доступ да звестак пра ўсіх пакупнікоў. І ў людзей з нізкімі даходамі і беспрацоўных таксама змогуць спытаць - адкуль грошы?

Кожны рух на рынку цяпер будзе адлюстроўвацца ў падатковай.

- Надоечы кіраўніца «Беллегпрама», вядомая сваімі нападкамі на сэканд-хэнды, заявіла, што Беларусь не павінна ператварацца ў «скрыню для ўжываных рэчаў». Чым можа скончыцца для ІП гэтая вайна дзяржаўнага канцэрна з «сэкандамі»?

- Гэта вайна не толькі з гандлярамі - гэта вайна з пакупнікамі. Сэканд-хэнды сталі аддушынай і выхадам для простых людзей, якія там адзяваюцца і абувацца. Там ёсць добрыя, практычна новыя рэчы, якія не знойдзеш такім коштам у «Беллегпраме».

І нават людзі, якіх можна назваць «сярэднім класам», прыходзяць туды адзявацца.

Натуральна, дзяржаўнаму канцэрну гэта нявыгадна. А ў нас у краіне працуе толькі метад бізуна, таму прадпрымальнікаў будуць «душыць», каб «прапхнуць» прадукцыю дзяржавы.

Зрэшты, чаму «будуць»? Мне вось проста цяпер падказваюць знаёмыя ІП, што па Менску ўжо пайшлі рэйды па сэканд-хэндах. Думаю, кантралёры падчас рэйдаў знойдуць не адну «прычыну», каб закрыць крамы сэканд-хэнду.

Але гэта ўсё робіцца не для людзей, а для манапалістаў з дзяржаўнага канцэрна.

Паглядзіце, што цяпер робіцца на рынках Беларусі: моладзі сярод ІП амаль не засталося - яны ўсе з'ехалі працаваць за мяжу, многія пры гэтым засталіся на ПМЖ. На рынках засталіся ў асноўным людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Вядома, яны будуць старацца круціцца і выжываць усялякімі метадамі і наўрад ці ў Лукашэнкі атрымаецца «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку». Людзі вельмі жывучыя і ўвішныя.

Але ненармальная і абсурдная сама пастаноўка пытання: чаму ІП павінны выжываць? Ва ўсіх развітых краінах улада робіць стаўку на прадпрымальніцкі клас, на развіццё дробнага і сярэдняга бізнэсу. Толькі ў нас гэта ўважаецца за нейкага заразнага.

Чыноўнікі жывуць адным днём, набіваючы кішэні і імкнучыся выжыць дробны бізнэс у інтарэсах сваіх «праектаў». Але, як я ўжо казаў, гэтая ўлада наступае на старыя граблі.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках