29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі прапанаваў пашырыць закон аб люстрацыі

27
Зяленскі прапанаваў пашырыць закон аб люстрацыі
Уладзімір Зяленскі

Пад закон павінны трапляць прэзідэнт Украіны, шэраг чыноўнікаў і нардэпы з 2014 года.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб планах унесці змены ў закон аб ачышчэнні ўлады і ўнесці ў пералік пасад, якія падпадаюць пад люстрацыю, усіх прадстаўнікоў улады, якія кіравалі краінай з 2014 да 2019 года.

Пра гэта ён сказаў у відэазвароце, апублікаваным у Facebook, паведамляе pravda.com.ua.

«Хачу падзяліцца тым, што набалела. Менш, чым два месяцы на пасадзе, асабліва пасля апошніх паездак па краіне, адчуванне адно - проста бракуе цэнзурных слоў», - сказаў ён.

З ягоных слоў, ён штодня гутарыць з чыноўнікамі розных узроўняў і разумее - гэта «безнадзейны дыягназ».

«Бела-сінія, чырвона-белыя, аранжавыя, бардовыя, ружовыя. Напраўду, яны ўсе адной масці. Ім усім фіялетава», - заявіў прэзідэнт Украіны.

«Для чаго патрэбныя народныя дэпутаты, якія пакідаюць недатыкальнасць, узаконьваюць незаконнае ўзбагачэнне, проста не ходзяць на працу. Для чаго міністры, якія распавядаюць, што ўкраінцы вельмі шмат ядуць і будуюць дарогі толькі ва ўласным фэйсбуку, і нараджаюць дзяцей у Амерыцы. Якія загубілі здароўе нацыі і распавядаюць пра шкоду вішнёвых костачак», - пералічыў ён.

«Для чаго патрэбныя пракуроры, якія могуць пасадзіць толькі ўласную печань. Для чаго міністр эканомікі часоў Януковіча, які называе людзей вырадкамі, вырывае з рук тэлефоны і абяцае даць ім аплявуху», - дадаў ён.

Са слоў Зяленскага, ён штодня думае, што з імі рабіць: «абмяняць на палонных, ці апрануць у бракаваныя бронекамізэлькі, якія яны закупілі і адправіць на перадавую».

«Думаю, самае малое, што можна зрабіць цяпер, пазбавіць іх усіх магчымасці ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай», - сказаў Зяленскі.

«Нас абвінавачваюць у тым, што мы хочам скасаваць люстрацыю. Каб усе зразумелі, што мы не збіраемся касаваць люстрацыі, мы прапануем яе ўзмацніць», - дадаў ён.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што ягоная каманда напрацавала законапраект аб пашырэнні норм закона аб ачышчэнні ўлады.

«Прапануецца ў пералік пасад, якія падпадаюць пад люстрацыю, дадаць прэзідэнта Украіны, усіх народных дэпутатаў, старшыню Вярхоўнай Рады, чальцоў урада, генпракурора, старшыню СБУ, кіраўнікоў антыманапольнага камітэта і Фонду дзяржмаёмасці, старшыняў дзяржаўнай фіскальнай службы і мытні, сакратара РНБА, кіраўніцтва абаронных прадпрыемстваў, якія займаюць пасады з 23 лютага 2014 года да 19 траўня 2019 года», - сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што гэты законапраект толькі грамадская ацэнка дзейнасці старых чыноўнікаў.

Кіраўнік украінскай дзяржавы выказаў надзею, што дзеянні ўсіх названых асоб у будучыні атрымаюць справядлівую юрыдычную ацэнку.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках