13 лiстапада 2019, Серада, 11:33
Добрая навіна
Рубрыкі

У Італіі пачалі расследаванне таемнага фінансавання партыі ўлады Расеяй

У Італіі пачалі расследаванне таемнага фінансавання партыі ўлады Расеяй

Італійскае заканадаўства забараняе партыям прымаць ахвяраванні ад замежных арганізацый.

Італійскія пракуроры пачалі расследаванне пасля паведамленняў у СМІ аб тым, што партыя ўлады «Ліга» спрабавала прыцягнуць мільёны еўраў у рамках тайнага пагаднення з расейскай нафтавай кампаніяй.

Як паведамляе "Европейская правда", пра гэта агенцтву Reuters у чацвер паведамілі дзве крыніцы.

Лідар «Лігі» Матэа Сальвіні, які адначасова з'яўляецца намеснікам прэм'ер-міністра і міністрам унутраных спраў, адмаўляе, што ягоная партыя атрымала якія-небудзь грошы з Масквы.

У лютым італійскі часопіс навін L'Espresso паведаміў, што былы прадстаўнік Сальвіні Джанлука Савайні правёў у Маскве ў кастрычніку мінулага года перамовы з расейскімі бізнэсоўцамі аб магчымым нафтавым пагадненні, якое дазволіць пералічыць сродкі для «Лігі». Савайні адмаўляў абвінавачванні ў той час.

У сераду амерыканскае выданне Buzzfeed паведаміла, што атрымала аўдыёзапіс маскоўскай сустрэчы, і апублікавала стэнаграму, у якой Савайні спрабуе дамовіцца з расейцамі.

Дзве крыніцы, блізкія да справы, паведамілі агенцтву, што следчыя пачалі расследаванне пасля публікацыі артыкула ў L'Espresso. Адна з крыніц паведаміла, што следчыя ведалі пра аўдыёзапісы яшчэ да таго, як Buzzfeed апублікаваў іх змест.

Італійскае заканадаўства забараняе партыям прымаць ахвяраванні ад замежных арганізацый, а апазіцыйная левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя запатрабавала, каб Сальвіні з'явіўся ў парламенце для тлумачэння абвінавачванняў.

Сальвіні ў апошнія гады некалькі разоў наведваў Маскву, ён неаднаразова асуджаў эканамічныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да Расеі і абяцаў паспрабаваць скасаваць іх.