16 лiпеня 2019, aўторак, 14:11
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Суд ЕЗ скасаваў санкцыі ў дачыненні да Януковіча і экс-чыноўнікаў з ягонай каманды

29
ВІКТАР ЯНУКОВІЧ
ФОТА: КОММЕРСАНТ

Пастанова суда тычыцца санкцый ЕЗ, прадоўжаных у перыяд з 2016-га да 2018-га года.

Суд Еўрапейскага Звязу прыняў пастанову скасаваць санкцыі ў дачыненні да экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і ягонага сына Аляксандра, а таксама ў дачыненні да чыноўнікаў з каманды збеглага прэзідэнта Аляксандра Кліменкі, Сяргея Арбузава, Віктара Пшонкі, Арцёма Пшонкі і Андрэя Клюева. Пра гэта паведамляе gordonua.com са спасылкай на прэс-службу суда.

Пастанова была прынятая на пазовы згаданых вышэй асобаў і апублікаваная на сайце суду сёння.

Яна тычыцца санкцый ЕЗ, прадоўжаных у перыяд з 2016 да 2018 года.

У дакуменце гаворыцца, што гэтыя людзі ў 2014 годзе былі ўпершыню ўключаныя ў спіс асобаў, якія падлягаюць замарожванню сродкаў, на той падставе, што яны зазнавалі крымінальны пераслед ва Украіне для расследавання злачынстваў, звязаных з растратай украінскіх дзяржаўных сродкаў і іх незаконным пералічэннем за межы Украіны.

Экс-чыноўнікі звярнуліся ў Суд ЕЗ са скаргамі і матывацыяй, што Рада ЕЗ не выканала крытэрыі ўнясення іх у санкцыйныя спісы.

«Ніякая інфармацыя, якая змяшчаецца ў лістах украінскіх уладаў, на якіх Рада засноўвала сваю пастанову аб ужыванні абмежавальных захадаў, не дазваляе меркаваць, што Рада валодала дастатковай інфармацыяй для таго, каб праверыць, ці былі выкананыя гэтыя правы», - гаворыцца ў дакуменце.

Таксама суд засумняваўся ў тым, што пастанова ўкраінскіх уладаў аб завядзенні крымінальных спраў, на падставе чаго пастанавілі ўжыць абмежавальныя захады, была прынятая ў адпаведнасці з правамі абароны і правам на эфектыўную судовую абарону.

Санкцыі супраць збеглага экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і ягонага найбліжэйшага атачэння Еўразвяз увёў у лютым 2014 года і з тых часоў неаднаразова іх прадаўжаў. Апошні раз Еўрапейскі Звяз падоўжыў іх да 6 сакавіка 2020 года.

13 красавіка 2019 года нямецкае выданне Die Welt са спасылкай на ўнутраныя дакументы Еўрапейскай службы замежных сувязяў (EEAS) паведамляла, што Еўразвяз выключыў з санкцыйнага спісу набліжаных экс-прэзідэнта Украіны Януковіча дзевяць чалавек праз недахоп доказаў іх віны ў прычыненні шкоды тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Прадстаўнік Украіны ў Еўрапейскім Звязе Мікалай Тачыцкі зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

Сёння спікер генпракурора Украіны Ларыса Саргана заявіла, што суд Еўразвязу можа скасаваць санкцыі ў дачыненні да Януковіча і ягоных топ-чыноўнікаў, аднак падкрэсліла, што гэты факт не паўплывае на ход расследавання, у якім яны фігуруюць.