16 лiпеня 2019, aўторак, 16:13
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Беларускія ўлады не зробяць высноваў з падзей 3 ліпеня

10

Дагэтуль Лукашэнка маўчыць пра трагедыю.

Адзін чалавек загінуў, дзесяць параненыя ў выніку святочнага салюту, які прагрымеў у Менску 3 ліпеня. Дзяржава абяцала грамадзянам дэманстрацыю велічы і моцы, а пасеяла смерць і боль. Пры гэтым прыкметна, што ўлады з цяжкасцю адаптуюцца да працы ў новай інфарэальнасці: чым больш інфармацыі выдаюць праваахоўныя органы, тым мацнейшы недавер грамадства да яе. Пра палітычныя наступствы і магчымыя ўрокі трагедыі «БелГазета» пагутарыла з палітолагам Валерам Карбалевічам.

– Падобныя трагедыі магчымыя ў любой краіне: у Парыжы згарэў Нотр-Дам, у ЗША неаднаразова адбываліся аварыі. Але падобная трагедыя 3 ліпеня – у галоўнае дзяржаўнае свята краіны – аб'ектыўна, па-за жаданнем каго б там ні было, становіцца праблемай палітычнай. Улады таксама разумеюць гэта і рэагуюць на сітуацыю з палітычнага гледзішча.

– Як Вы ахарактарызуеце рэакцыю на трагедыю дзяржаўных СМІ, Мінабароны, Аляксандра Лукашэнкі?

– Дзяржаўныя СМІ адразу ж, яшчэ ноччу, паведамілі пра трагедыю. У былыя часы, калі адбываліся непрыемныя падзеі, улады альбо замоўчвалі іх, альбо паведамлялі з велізарным спазненнем.

Міністэрства абароны, Следчы камітэт вельмі аператыўна адрэагавалі на трагедыю, даўшы свае каментары і прапанаваўшы высновы. Абедзве ўстановы не вылучаюцца адкрытасцю і празрыстасцю працы: мы памятаем, як Міністэрства абароны доўгі час увогуле адмаўляла дзедаўшчыну ў войску, як нервова рэагавала на шматлікія паведамленні пра суіцыды і іншых надзвычайныя здарэнні. Часам ад Следчага камітэта не дамагчыся інфармацыі, каго арыштавалі, за што, якія абвінавачанні вылучаны (асабліва калі гаворка ідзе пра чыноўніка з уладай), а цяпер там вельмі хутка адрэагавалі і нават арыштавалі двух інжынераў з Расеі, якія суправаджалі груз феерверкаў.

«СПАЧАТКУ АРЫШТУЕМ, А ПОТЫМ РАЗБІРАЦЦА БУДЗЕМ»

– Калі казаць пра мінусы, то дзяржаўныя СМІ спрацавалі ў сваім стылі. Назаўтра пра падзеі ў Дзень незалежнасці апавядалі так: у Менску адбыўся парад, урачыстае ўскладанне вянкоў, выступ Лукашэнкі, усё выдатна – і толькі бліжэй да канца як пра непрыемны інцыдэнт паведамілі пра гібель жанчыны. Думаю, у дэмакратычным грамадстве трагедыя апынулася б на першым месцы, усё астатняе – фон. Але афіцыйны ідэалагічны канцэпт апрыёры фіксуе прыярытэт дзяржавы над правамі чалавека: спачатку – пра дзяржаўную моц і веліч і толькі потым – пра трагедыю чалавека. Менавіта ў такім стылі, дарэчы, у Беларусі трактуецца і культ Вялікай Айчыннай вайны: галоўнае – гераізм, а трагедыя, страты – ужо на заднім плане. Зыходзячы з ідэалагічнага канцэпту ўлады і трактавалі падзеі, якія адбыліся 3 ліпеня.

Дагэтуль (на момант падпісання нумара ў друк. – Рэд.) Аляксандр Лукашэнка таксама ні слова не сказаў пра трагедыю. У дэмакратычнай краіне кіраўнік дзяржавы перш за ўсё павінен быў выказаць спачуванні сем'ям загінулай і параненых – інакш яго проста задзяўблі б і апазіцыя, і СМІ. Але паколькі наша ўлада непадкантрольная грамадству, Лукашэнка можа дазволіць сабе ўвогуле не каментаваць трагедыю. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста ён выказаў спачуванні прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і сем'ям загінулых у выніку паводкі ў Іркуцкай вобласці, а вось з спачуваннямі беларускім грамадзянам не спяшаецца. Зноў-такі, Лукашэнка дзейнічае ў рамках звыклай схемы: калі здараецца падзея, непрыемная для ўлады, ён вытрымлівае паўзу, глядзіць на рэакцыю, ацэньвае – і толькі потым выказваецца. Так адбылося пасля сумна вядомага «крыжалому» ў Курапатах, пасля цыганскага пагрому, думаю, так адбудзецца і цяпер.

Мне цяжка меркаваць пра законнасць затрымання інжынераў, якія суправаджалі феерверкі. Магчыма, самі вырабы сапраўды няякасныя, магчымыя сур'ёзныя прэтэнзіі на адрас расейскай кампаніі-вытворцы, але ў мяне ёсць сумневы ў вінаватасці затрыманых. Беларускія праваахоўныя органы дзейнічаюць даволі схематычна: паступіла каманда адрэагаваць – адрэагавалі ў звыклым стылі, маўляў, спачатку арыштуем, а потым разбірацца будзем. Як з акумулятарным заводам у Берасці: як толькі была дадзеная каманда разабрацца з будаўніцтвам, першае, што зрабілі праваахоўнікі, – арыштавалі гаспадара. Колькі часу «не заўважалі» парушэнняў пры будаўніцтве завода, але як толькі далі каманду – пачалі дзейнічаць.

І апошні мінус. Да высвятлення прычынаў трагедыі трэба было б спыніць любыя салюты. А тут, аказваецца, на Купалле, праз тры дні пасля трагедыі, у дзень развітання з загінулай падчас салюту ў Менску, зноў ладзяць феерверк у Александрыі. Мне гэта здаецца нелагічным і няправільным.

«Самае актуальнае пытанне – хто вінаваты?»

– Ідзе следства, затрыманыя два расейцы, але кампанія-пастаўшчык адмаўляе сваю віну. Ці павінна Мінабароны правяраць якасць набыванай прадукцыі? За час знаходжання Андрэя Раўкова на пасадзе міністра ў арміі адбылося занадта шмат надзвычайных здарэнняў. Палітычныя наступствы для Мінабароны будуць?

– Цяжка меркаваць, таму што ў Лукашэнкі свае ўяўленні пра тое, што дрэнна, а што добра. Колькі адбылося скандалаў з МУС – а міністра Ігара Шуневіча ён трымаў больш за восем гадоў.

Бачыце, ступень віны Міністэрства абароны – гэта не такое ўжо і простае пытанне. У беларускай арміі заўсёды была дзедаўшчына, але толькі ў 2017 г., пасля скандальнай смерці Аляксандра Коржыча ў Барысаве, праблема дзедаўшчыны перарасла ў палітычную, выклікаўшы рэакцыю Лукашэнкі. Я думаю, што сваю ролю згуляла новая інфармацыйная сітуацыя: калі раней падзеямі з'яўлялася тое, што транслявалася на беларускіх тэлеканалах, то цяпер сітуацыя рэзка змянілася ў сувязі з развіццём інтэрнэту. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі любую праблему робяць больш выпуклай і больш гучнай і значнай. Бо і раней адбываліся суіцыды, але не было такой рэакцыі грамадства.

Усіх сабак вешаць на Міністэрства абароны, напэўна, не варта, хоць праблемаў ва ўстановы дастаткова. Возьмем той жа новы закон пра адтэрміноўку – наколькі міністэрства вінаватае?

Яно развязвае вузкую задачу ўласных інтарэсаў: не хапае вайскоўцаў, і ўстанова прапануе свае захады папаўнення вайсковых шэрагаў. Міністэрства абароны не абавязанае думаць пра эканоміку, якую шкоду новы закон нанясе беларускай адукацыі, пра шкоду IT-сферы. У міністэрства свае функцыі, а ўсе астатнія пастановы прымае палітычнае кіраўніцтва. Беларускія ўлады з цяжкасцю адаптуюцца да працы ў новых інфармацыйных умовах, адпаведна, усе ўстановы, у тым ліку Міністэрства абароны, таксама з цяжкасцю прыстасоўваецца да новай сітуацыі.

«ТРЭБА РАЗМАЎЛЯЦЬ З ГРАМАДСТВАМ»

– Гэта ўжо не першая трагедыя на Дзень незалежнасці, мы памятаем і тэракты 2008 г. Якія высновы ўлада павінна зрабіць?

– Якія высновы беларуская ўлада зробіць, а якія павінна зрабіць – гэта зусім розныя пытанні. Улада павінна б засвоіць самы галоўны ўрок – неабходна весці дыялог з грамадствам: і пры прыняцці закона аб адтэрміноўцы, і пры развязанні пытання аб парадзе, таму што значная частка соцыуму незадаволеная яго наступствамі. Трэба размаўляць з грамадствам, калі ўлада сапраўды хоча прадэманстраваць дзяржаўную веліч у ходзе парадаў. Трэба размаўляць з менчукамі, тлумачыць ім, загадзя папярэджваць пра перакрыццё вуліцаў. Калі ладзіць салют, то неабходна зрабіць усе захады бяспекі.

Але я не ўпэўнены, што ўлада зробіць гэтыя высновы. Бо яна, наадварот, вельмі ганарыцца, што няма неабходнасці ў кантактах з грамадствам. Калісьці Лукашэнка з гонарам казаў: я не аддаў т.зв. грамадзянскай супольнасці кантроль над сілавымі структурамі. Цалкам дакладна, не даў – а цяпер пажынае плады, не паспявае расхлёбваць скандалы. Я не веру, што беларуская ўлада здольная атрымаць адэкватныя палітычныя ўрокі. Я не кажу пра тэхнічную працу над памылкамі, напрыклад, пашырыць радыус бяспечнай зоны з цяперашніх 500 метраў до 1000 – гэта магчыма. Але пачаць дыялог з людзьмі, размаўляць з грамадствам як з самастойным суб'ектам, даваць справаздачу перад грамадствам – гэтую выснову ўлада не зробіць.