21 лiстапада 2019, Чацвер, 15:13
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

Atlantico: Расейцы рыхтуюць замену Башару Асаду?

1
Atlantico: Расейцы рыхтуюць замену Башару Асаду?

Кіраўнікі сірыйскай выведкі былі замененыя, і гэта не можа быць выпадковым супадзеннем.

"Паколькі сітуацыя ў Сірыі ў цяперашні момант застыла на месцы, давядзецца весці перамовы", – сцвярджае ў інтэрв'ю Atlantico (пераклад – inopressa.ru) Ален Радзье, адстаўны афіцэр французскай выведкі, намеснік дырэктара Французскага цэнтра выведвальных даследаванняў, эксперт у ісламскім тэрарызме і арганізаванай злачыннасці.

"Сірыйскія ўрадавыя сілы хоць і зазнаюць увесь час абстрэлы, усё ж утрымліваюць захад краіны за выключэннем агменю супраціву ў Ідлібе, які размешчаны на паўночным захадзе і карыстаецца падтрымкай Турцыі, – тлумачыць эксперт. – Гэты анклаў паўстанцаў немагчыма падпарадкаваць ваенным шляхам, таму што сірыйскія войскі нават пры падтрымцы замежных апалчэнцаў пад кіраўніцтвам Тэгерана і расейскай арміі не маюць для гэтага тэхнічных і чалавечых сродкаў. Вораг занадта моцны (ад 30 тыс. да 60 тыс. загартаваных у баі актывістаў хаваюцца сярод 2,5 млн чалавек у цяжкапраходнай мясцовасці), і ў выпадку надзвычайнай сітуацыі яму дапаможа Анкара. Да таго ж Турцыя ўжо прымае амаль тры мільёны бежанцаў і не мае сродкаў для таго, каб даць прытулак новым. Наступленне сірыйскіх урадавых войскаў у гэтым раёне мела б катастрафічныя наступствы".

"...Злучаныя Штаты паступова сыходзяць з Сірыі, паколькі іх наўпростыя інтарэсы сёння знаходзяцца ў іншых месцах... Турцыя, са свайго боку, імкнецца захаваць бяспеку на сваёй паўднёвай мяжы, засяродзіўшыся на ППК (Працоўная партыя Курдыстана), у Ірана ёсць іншыя асцярогі з нагоды амерыканскіх санкцый і росту напружанасці ў адносінах з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі – апошнія не хочуць уступаць у гэтае балота. І, нарэшце, Расея атрымала тое, што хацела (сваю ваенную прысутнасць цягам наступных 50 гадоў) і т. д. Такім чынам, усе ўмовы разам узятыя спрыяюць пачатку сур'ёзных перамоваў, але без Асада", – кажа Радзье.

"Праблема заключаецца ў тым, што палітычная магчымасць, якую разглядае Масква, робіцца праблематычнай, паколькі патэнцыйныя кандыдаты на пераемнасць клану Асада ўжо знаходзяцца ў чорных спісах Захаду, і ў якасці фону фігуруе перспектыва таго, што яны паўстануць перад Міжнародным крымінальным судом за злачынствы, што не маюць дзеяння тэрміну даўнасці", – адзначае суразмоўца выдання.

"Магчымым пераемнікам уважаецца генерал-маёр Алі Мамлюк, блізкі дарадца Башара Асада, адзін з чальцоў і заснавальнікаў застрашвальных Паветраных выведвальных сілаў. У нядзелю 7 ліпеня ён быў прызначаны віцэ-прэзідэнтам Сірыі ў справах бяспекі. Раней ён узначальваў Нацыянальнае бюро бяспекі, каардынуючы працу ўсіх спецслужбаў у Сірыі", – паведамляе Радзье.

"Нягледзячы на тое, што Мамлюку пераважна забараняецца выязджаць на Захад, ягоная былая пасада дазваляла яму сустракацца з многімі замежнымі афіцыйнымі асобамі як у Сірыі, так і ў іншых месцах. Ён афіцыйна ездзіў у Маскву, Каір і Аман. З большай асцярожнасцю яго, верагодна, прымалі ў Анкары, Джыдзе і нават Рыме (гэта для яго даволі небяспечны пункт – яго маглі арыштаваць там – як здарылася з адным з ягоных блізкіх калегаў). Акрамя таго, ён убачыўся з спадчынным прынцам Саудаўскай Аравіі Махамедам Бэнам Салманам, у якога яго чакаў самы прыязны прыём. Агульнавядома, што прынц карыстаецца даверам прэзідэнта Дональда Трампа. Апошні цалкам гатовы абысціся без думкі Еўропы (гэта здарыцца не ўпершыню) для дасягнення пагаднення, якое ён змог бы прапанаваць у якасці свайго асабістага поспеху на наступных прэзідэнцкіх выбарах 2020 года", – разважае эксперт.

"Расейцы вельмі добра ведаюць генерала Мамлюка, з якім у іх былі блізкія стасункі цягам многіх гадоў, яшчэ да распаду СССР", – падкрэслівае Радзье.

"...Усе кіроўныя супрацоўнікі сірыйскай выведкі былі замененыя, і гэта не можа быць выпадковым супадзеннем. Некаторыя бачаць у гэтым уплыў Масквы, якая ў Сірыі імкнецца абагнаць Тэгеран. Цяпер давядзецца пачакаць, перш чым сцвярджаць, што расейцы сапраўды ўзялі Сірыю ў свае рукі. Праблема заключаецца ў тым, што, як звычайна, за сітуацыю грамадзянскай вайны, якая доўжыцца з 2011 года, расплачваецца грамадзянскае насельніцтва. Надышоў час з гэтым пакончыць", – рэзюмуе суразмоўца выдання.