21 лiстапада 2019, Чацвер, 15:11
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

Чаму нам такая дарагая памяць пра Тадэвуша Касцюшку

1
Чаму нам такая дарагая памяць пра Тадэвуша Касцюшку

Герой трох народаў заклікаў не мірыцца з нацыянальнай здрадай, а змагацца за будучыню.

Адразу тры драпежнікі рвалі слабую дзяржаву літвінаў і палякаў у канцы веку Асветы. З усходу надыходзілі екацярынінскія генералы, загартаваныя на франтах расейска-турэцкіх войнаў. Расейскія палкі выпальвалі гарачым жалезам любы супраціў імператрыцы-матухне. З захаду рваліся дзяліць польскае дабро прусакі. З поўдня рушылі аўстрыйцы, маючы на мэце Кракаў, піша «Літвін».

Нацыянальная ганьба, горыч прыніжэння і боль за знішчаную Айчыну абуджалі найлепшых сыноў Рэчы Паспалітай да барацьбы. Дэвіз старадаўняй шляхты «Бог. Гонар. Айчына» вярнуў на радзіму і Тадэвуша Касцюшку. Прафесійны вайсковец змагаўся за вольнасць амерыканскіх каланістаў супраць брытанскага дэспатызму. Невыпадкова ён апынуўся ў шэрагах змагароў за свабоду і ў роднай Польшчы і Літве.

Касцюшка заклікаў не мірыцца з нацыянальнай здрадай, а змагацца за будучыню агульнай дзяржавы літвінаў і палякаў са зброяй у руках. Ягоны заклік быў пачуты і шляхтай, і сялянамі, якія масава папаўнялі шэрагі касінераў. Войскам, якія абаранялі ідэалы другой у свеце Канстытуцыі, прынятай соймам у Варшаве ў 1794 годзе, не хапала баявога досведу, затое энтузіязму было не займаць.

Гарачы патрыятызм Касцюшкі высунуў яго ў кіраўнікі паўстання. Пасля перамог у бітвах на амерыканскім кантыненце, пасля перамог над адной з найлепшых армій Еўропы, якой была ў 18 стагоддзі армія Брытаніі, паўсталым палякам і ліцвінам здавалася, што лепшага ваеннага кіраўніка не знайсці.

Неўзабаве адно толькі імя генерала Тадэвуша Касцюшкі падымала да барацьбы тысячы паўстанцаў.

Феномен ягонай папулярнасці гісторыкі тлумачаць сёння тым, што фармаваныя ў канцы веку Асветы нацыі мелі патрэбу ў сапраўдных героях, якія маглі б аб'ядноўваць людзей агульнымі ідэямі, нягледзячы на саслоўныя межы. Перад абліччам знешняй пагрозы страты незалежнасці не было ў палякаў і ліцвінаў шляхцічаў, арыстакратаў, простых мужыкоў, гандляроў або манахаў. Былі толькі суайчыннікі, гатовыя пакласці свае жыцці на алтар свабоды і будучага росквіту вольнай краіны.

І Тадэвуш Касцюшка ў сваіх прамовах стараўся падкрэсліваць сваё яднанне з усімі патрыётамі Рэчы Паспалітай. Ён невыпадкова часам апранаўся ў каптан касінера. Людзі павінны былі бачыць ягоную простасць і імкненне быць на роўных з любым байцом за Радзіму.

Роўнасць, братэрства, нянавісць да здраднікаў Радзімы. Для Касцюшкі ўсё гэта былі не пустыя звонкія словы. Ён змагаўся ў імя гістарычнай справядлівасці, пратэстуючы са зброяй у руках супраць хітрай і падступнай расейскай дэспатыі, якая навязвала вольным людзям рабства, змрок, невуцтва, дзікунства.

Шляхта Польшчы і Літвы, прадажныя дыпламаты і палітыкі схілялі соймы да прыняцця пастановаў, якія назаўсёды ўзаконілі б падзел Рэчы Паспалітай паміж трыма драпежнымі імперыямі. Кацярына Вялікая настойвала на тым, каб будучыя пакаленні тых, хто жыў калісьці ў межах Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, думалі, што ў канцы 18 стагоддзя самі палякі і ліцвіны адмовіліся ад сваёй дзяржавы. У імя чаго? У імя жадання належаць да народаў імперый, што ваеннай сілай захоплівалі ўсё новыя і новыя землі.

Для сённяшніх беларусаў вельмі важна часцей успамінаць менавіта такога Касцюшку – палымянага правадыра і непахіснага патрыёта, які аддаваў усяго сябе барацьбе за свабоду. Вобраз Вялікага патрыёта і рэвалюцыянера натхняў тых, хто і ў 19 стагоддзі змагаўся за вольнасць. Ягонае імя згадвалі ў сваіх пракламацыях і вершах героі 1863 года. Справы Касцюшкі надоўга перажылі яго самога, застаўшыся ў фальклорных паданнях, у песнях.

Сёння здаецца, быццам гісторыя паўтараецца на новым вітку. І беларусам ізноў даводзіцца змагацца. Цяпер ужо за захаванне памяці Вялікага героя Беларусі, Польшчы, ЗША.

У былых калоніях Брытаніі, якія сталі самай моцнай краінай свету, помнікі Тадэвушу Касцюшку ўзведзеныя ў Ваеннай акадэміі Амерыкі ў Вэст-Пойнце, усталяваныя статуі ў буйных гарадах – Чыкага, Філадэльфіі. У Беларусі імя Героя носяць вуліцы ў Берасці, Лідзе, Косаве, Гродне. Ствараецца музей у Мерачоўшчыне.

Памяць пра Касцюшку павінна зберагацца беларускім народам у імя будучыні. Гісторыя барацьбы польска-літвінскага патрыёта паказвае, што за дзяржаўнасць і свабоду неабходна змагацца да самай апошняй магчымасці, насуперак любым абставінам.