24 лiпеня 2019, Серада, 2:25
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Суд у Лондане заблакаваў капіталы мільярдэра з Расеі

8
БАРЫС МІНЦ
ФОТА: КАЦЯРЫНА КУЗЬМІНА / РБК

Барысу Мінцу і ягоным сынам забаронена адчужаць актывы.

Высокі суд Лондана забараніў расейскаму прадпрымальніку, уладальніку прыватнай кампаніі прамых інвестыцый O1 Group Барысу Мінцу і тром ягоным сынам – Дзмітрыю, Аляксандру і Ігару – адчужаць маёмасць на суму да 572 млн даляраў (507 млн еўра) па ўсім свеце, у сутнасці справы наклаўшы арышт на іхнія актывы, паведамляе dw.com.

Фактычна гэта зроблена ў адказ на пазоў Нацыянальнага банка "Траст", які патрабуе спагнаць з Мінца страты памерам больш як 700 млн даляраў (621 млн еўраў). Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы банка дрэнных і няпрофільных актываў "Траст". Вытрымкі з дакумента ў чацвер, 11 ліпеня, прывёў на сваім сайце часопіс Forbes.

Банк падаў пазоў у канцы чэрвеня, пазоўнікам разам з ім выступае банк "ФК Адкрыццё". За перыяд разгляду справы, які ў Высокім судзе Лондана займае ў сярэднім два-тры гады, адказнікі павінны раскрыць усе свае актывы.

Забяспечаныя крэдыты замянілі на нізкаліквідныя

Банк "Траст" ажыццяўляў санацыю і акумуляваў у сабе ўсе праблемныя пазыкі "ФК Адкрыццё" і "Рост банка". У 2017 годзе апошнія два інстытуты набылі аблігацыі O1 Group Finance агульным памерам блізу 57 млрд рублёў, удакладняе агенцтва РІА "Навіны". Умовы пагашэння аблігацый насілі нярынкавы характар, сцвярджаюць у банку "Траст".

Грошы ад продажу аблігацый О1 Group накіравала на выплату сваіх крэдытаў у "ФК Адкрыццё" і "Рост банку", пры гэтым забяспечаныя крэдыты былі замененыя на нізкаліквідныя.

"Мы задаволеныя пастановай суда, бо нам падыходзяць любыя абмежавальныя захады, накладзеныя на актывы адказнікаў", – адзначыў кіраўнік управы Нацбанка "Траст".

Пераехаў у Лондан

З траўня 2018 года Барыс Мінц, а таксама ягоныя сыны з сем'ямі, паводле звестак СМІ, жывуць у Лондане. Са студзеня таго года ягонае імя ўключанае ў "Крамлёўскі даклад" Мінфіна ЗША. У дачыненні да фігурантаў спісу могуць быць уведзеныя амерыканскія санкцыі.

Барыс Мінц у дзевяностыя гады быў кіраўніком управы прэзідэнта РФ у пытаннях мясцовага самакіравання, потым шмат гадоў быў чальцом партыі "Звяз правых сілаў". Ён узначальваў выканкам і фінансава-бюджэтны камітэт ЗПС. Асноўны актыў Мінца – інвестыцыйны холдынг O1 Group, які на стан траўня 2018 года валодаў 60 адсоткамі акцый O1 Properties (бізнэс-цэнтры ў Маскве) і 80 адсоткамі фінансавай групы "Будучыня" (недзяржаўныя пенсійныя фонды).