19 красавiка 2024, Пятніца, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слуцкі гаспадар: Як Юры Алелькавіч перамагаў Маскву і татараў

Слуцкі гаспадар: Як Юры Алелькавіч перамагаў Маскву і татараў

Ваенны лёс слуцкага князя цесна звязаны з легендарным гетманам Канстанцінам Астрожскім.

Юры Алелькавіч, сын слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча і княгіні Настассі, нарадзіўся ў 1492-м годзе. У 14 гадоў прыняў баявое хрышчэнне, калі разам з маці, Настассяй Слуцкай, абараняў горад ад войскаў крымскіх татараў, якія аблажылі горад, піша vklby.com.

Праз два гады Юры Алелькавіч зноў бароніць Слуцк ад аблогі, на гэты раз горад спрабавалі захапіць войскі мяцежнага князя Міхайлы Глінскага. У гэтай бітве юны князь удала адбіў два штурмы, а потым праз таемны падземны праход вывеў свой атрад за сцены замка і здзейсніў вылазку на праціўніка, нанёсшы яму значную шкоду.

У 1511-м годзе Юры Алелькавіч пад Кіевам, ва ўрочышчы Рутка, разам з войскамі Юрыя Радзівіла і кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча, здзяйсняе начны напад на татарскі лагер, у выніку быў знішчаны буйны татарскі загон і вызваленая вялікая колькасць палонных. Ваенны лёс князя Юрыя Алелькавіча цесна звязаны з лёсам гетмана Канстанціна Астрожскага. Яны біліся разам, плячо ў плячо, амаль ва ўсіх ваенных кампаніях гетмана. У бітве пад Оршай у 1514-м годзе на чале слуцкага атрада князь Юрый удзельнічаў у разгроме маскоўскіх войскаў. Узімку 1527 года ваяваў на полі бою супраць татараў у бітве на рацэ Альшанцы. Пасля разгрому асноўных сілаў ворага ўзначаліў пагоню за рэшткамі войскаў, якія дагнаў і знішчыў каля Чаркасаў і Канева.

Падчас Старадубскай вайны (1534 – 1537) паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам, у 1534 г. Юры Алелькавіч разам з Андрэем Неміровічам і літоўскім канюшым Васілём Чыжом камандаваў авангардам войскаў ВКЛ у паходзе на Севершчыну. Разбіў два маскоўскія атрады пад Старадубам і рушыў далей на Смаленшчыну. На 30 міляў уварваўся ўглыб маскоўскага княства, спустошыўшы ваколіцы і ўзяўшы ў палон мноства людзей. Пасля займаўся абаронай паўночна-ўсходніх рубяжоў ВКЛ.

У ВКЛ Юрый Алелькавіч падкрэсліваў свой статус як незалежнага ўдзельнага князя. Зрабіў Слуцк адным з палітычных цэнтраў. У ваенныя паходы выступаў са сваім войскам, якое фармавалася з ягоных салдатаў і нанятых ваяроў. У паспалітае рушэнне (усеагульнае шляхецкае апалчэнне) выстаўляў разам з апалчэнцамі неабходную колькасць ратнікаў.

Акрамя ваенных і палітычных справаў Юры Алелькавіч таксама займаўся будаўніцтвам. У Петрыкаве, на высокім беразе ракі Прыпяць, ён пабудаваў драўляны абарончы замак, які быў разбураны маскоўскімі войскамі падчас Старадубскай вайны.

Будучы праваслаўным князем, у 1526-м годзе ў сваіх уладаннях у Лішкаве і Весічах (цяпер гэта горад Вейсеяй Літоўскай Рэспублікі), для сваёй жонкі каталічкі Алены Гаштольд пабудаваў касцёл, які захаваўся да нашых часоў.

Памёр князь Юры Алелькавіч у 1542-м годзе, пакінуўшы двух сыноў, якія пасля смерці бацькі сталі супольна кіраваць Слуцкім княствам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках