19 лiпеня 2019, Пятніца, 22:37
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Віця-свінец»: За што на самай справе затрымалі суўладальніка завода АКБ пад Берасцем

17
Фота: RFE/RL

На бізнэсмэна Лемяшэўскага завялі адразу некалькі крымінальных справаў.

За два гады да затрымання суўладальніка акумулятарнага завода пад Берасцем Віктара Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасцю яго завода ў Белаазёрску. Тады абышлося без арыштаў, паведамляе «Радыё Свабода».

2 ліпеня Генеральная пракуратура краіны афіцыйна паведаміла пра затрыманне Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага завода пад Берасцем, вядомага таксама як «Віця-свінец».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на Лемяшэўскага КДБ завёў адразу некалькі крымінальных справаў – за атрыманне і даванне хабару. Пры гэтым берасцейскі завод Лемяшэўскага афіцыйна пакуль так і не запрацаваў.

Журналісты разбіраліся, за што на самай справе маглі арыштаваць аднаго з самых заможных бізнэсоўцаў краіны.

Паводле таго ж паведамлення Генпракуратуры, Віктар Лемяшэўскі быў арыштаваны 1 ліпеня. Разам з ім затрымалі Святлану Лемяшэўскую (паводле інфармацыі журналістаў, яна бізнэсмэну не жонка і не з'яўляецца сваячкай), якая афіцыйна выконвала абавязкі галоўнай бухгалтаркі на іншым акумулятарным прадпрыемстве – Белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў».

Завод «БІТ-сплаў» у Белаазёрску

Акрамя Святланы Лемяшэўскі, супрацоўнікі КДБ арыштавалі таксама былога кіраўніка завода «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрамчука, які на момант затрымання выконваў абавязкі кіраўніка аддзела тэхнічнага развіцця завода. І Івана Пакіслюка – намесніка дырэктара «БІТ-сплаву».

Акрамя бізнэсмэна Лемяшэўскага, галоўнай бухгалтаркі і двух мэнэджараў завода ў Белаазёрску, затрымалі двух індывідуальных прадпрымальнікаў з Бярозы – Дзмітрыя Рудкога і Сяргея Жуковіча. У адрозненне ад першых чатырох, іх абвінавачваюць паводле іншых артыкулаў. Генеральная пракуратура паведамляе, што прыпыненае раней расследаванне да ІП аднавілі. Цяпер Рудкой з Жуковічам за кратамі.

«БІТ-сплаў»

Завод «БІТ-сплаў» працуе далей, нягледзячы на затрыманне кіраўнікоў. Да брамы пад'язджаюць гружаныя старымі акумулятарамі фуры, на паркоўцы поўна аўтамабіляў, у тым ліку нятанных. Іхнія кіроўцы на журналістаў рэагуюць нервова. Урэшце з-за плоту выходзіць ахоўнік у камуфляжы, які патрабуе спыніць здымкі і нават спрабуе затрымаць, пагражаючы міліцыяй. Пасля некалькіх тэлефонных кансультацый з кіраўніцтвам ахоўнік хаваецца за агароджай.

Прадпрыемства «БІТ-сплаў» пачалі будаваць у 2012 годзе. Тады ж у Белаазёрску адбылася гісторыя, вельмі падобная на сітуацыю з будаўніцтвам акумулятарнага завода каля Берасця. Спачатку мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць супраць шкоднага прадпрыемства. Як і ў Берасці, яны сцвярджалі, што Белаазёрскія ўлады не правялі належным чынам грамадскіх слуханняў.

Як апавядаюць мясцовыя жыхары, пратэсты ў 2012 годзе былі нешматлікія. У ініцыятыўную групу ўвайшло блізу 20 чалавек, яны збіралі подпісы супраць завода, аднак нікуды іх так і не паслалі. Людзі проста не ведалі, як дзейнічаць. Рэзанансу ў СМІ гісторыя не атрымала.

Потым да прадпрыемства з’явіліся пытанні ўжо ў Мінпрыроды, будоўля на час прыпынілася. Аднак у 2014 годзе завод «БІТ-сплаў» усё ж пачаў працаваць. Ад берасцейскага завода Белаазёрскі адрозніваецца тым, што на ім са старых акумулятараў, якія адпрацавалі свой тэрмін, выплаўлялі чысты свінец. Тое, што застаецца, ідзе на перапрацоўку або хаваецца. Якраз праз адкіды вытворчасці прадпрыемства «БІТ-сплаў» патрапіла ў свой другі скандал.

Супрацоўнікі заводу «БІТ-сплаў» на ўмовах ананімнасці апавядаюць, што на прадпрыемстве не спыняюцца праверкі. Людзі ў пагонах ходзяць па кабінетах, вывучаюць бухгалтэрыю, размаўляюць з кіраўнікамі. Па Белаазёрску паўзуць чуткі, што «БІТ-сплаў» увогуле могуць зачыніць. Стаўленне да гэтага варыянту развіцця падзей у горадзе неадназначнае. З аднаго боку, вытворчасць шкодная, з другога – блізу сотні працоўных месцаў. Нямала для 12-тысячнага горада.

Браты-ІПэшнікі

Адны з ключавых фігураў у «справе Лемяшэўскага» – два бярозаўскія іпэшнікі, 26-гадовы Дзмітрый Рудкой і 38-гадовы Сяргей Жуковіч. Яны стрыечныя браты. Жуковіч раней служыў у міліцыі. А для Рудкога дамова на перапрацоўку свінцовага попелу з «БІТ-сплаву» стала ледзь не першым сур'ёзным заняткам. Пры гэтым менавіта Рудкой быў у схеме галоўнай асобай: ён меў дазвол ад Мінпрыроды на працу са свінцовымі адкідамі. Праз яго афармляліся ўсе дамовы, яму ж пералічваліся грошы за паслугі. Усяго Дзмітрый Рудкой за вываз з «БІТ-сплаву» свінцовага попелу і другаснага пластыку атрымаў ад прадпрыемства Віктара Лемяшэўскага блізу 400 тысячаў даляраў.

Крымінальныя справы на Рудкога і Жуковіча завялі вясной 2017 года. Спачатку за ўхіленне ад выплаты падаткаў, потым за парушэнне правілаў бяспекі падчас аперацый з экалагічна шкоднымі рэчывамі і адкідамі. Абодва пасля гэтага з'ехалі ў Расею. Пракуратура і Берасцейскі абласны камітэт аховы прыроднага асяроддзя праз суд вярнулі прадпрыемству Лемяшэўскага права ўласнасці на 8 тысячаў тонаў перададзенага раней братам-ІПэшнікам свінцовага попелу. Яшчэ праз нейкі час крымінальныя справы супраць іх прыпынілі і абодва прадпрымальнікі вярнуліся ў Бярозу.

«Пасля пачатку крымінальных справаў яны абодва былі на волі, – апавядае бярозаўскі актывіст і блогер Аляксандр Кабанаў. – Я з імі нават сустракаўся. Ліцэнзіі мне паказвалі, з паперамі ўсё было ў парадку ў Рудкога. Ужо потым я даведаўся, што нібыта нейкі іхні сваяк працуе ледзь не ў Мінпрыроды. Я ў Жуковіча адкрытым тэкстам пытаўся, як так атрымалася, што яны з братам атрымалі дамову фактычна на паўмільёна даляраў, там гучалі лічбы 470 тысячаў даляраў нават? Гэта ж шалёныя грошы! Яны мне адказалі, што пра ўсё самі даведаліся. Самі даведаліся, самі атрымалі ліцэнзію, самі прыйшлі на завод і падпісалі дамову з кіраўніцтвам. Пры гэтым я ведаю, што туды хацелі іншыя прадпрымальнікі патрапіць, якія шмат гадоў займаюцца перапрацоўкай і пахаваннем адкідаў. Цяпер яны дзякуюць Богу, што не ўлезлі ў гэтую справу».

Паводле словаў Кабанава, свінцовы попел з «БІТ-сплаву» Рудкой з Жуковічам вывозілі без ніякага кантролю. Браты арандавалі надзел на прамбазе каля пасёлка Зялёны Бор і проста скідалі там самазваламі шкоднае рэчыва ў яму. Паводле інфармацыі журналістаў, усяго ў Зялёны Бор Рудкой і Жуковіч вывезлі блізу 8000 тонаў шкодных рэчываў. Гэта блізу 400 вялікіх самазвалаў МАЗ.

Якім чынам малады і недасведчаны прадпрымальнік Рудкой і былы міліцыянт Жуковіч змаглі атрымаць кантракт на паўмільёна даляраў, застаецца загадкай. Таксама незразумела, ці ведала кіраўніцтва «БІТ-сплаву», што робяць ІПэшнікі з іх свінцовым попелам. Напэўна, менавіта гэтым цяпер займаюцца следчыя КДБ.

Зялёны Бор

«Вам на базу, дзе свінец знайшлі? Гэта вунь там, – паказвае дарогу прадаўшчыца першай крамы, якая трапілася на вочы. – Але там ужо няма яго, як нам сказалі. Вывезлі ўсё, усё лета вазілі праз наш пасёлак самазваламі. Куды павезлі, нам не сказалі. Але хто быў там, то кажа, што і праўда вывезлі. Толькі жоўты пясок застаўся на тым месцы».

Свінцовыя адкіды з палігона ў Зялёным Бары вывозіў «БІТ-сплаў» за ўласны кошт. Кажуць, што на гэта выдаткавалі блізу 2 мільёнаў даляраў. Паводле інфармацыі, якую неўзабаве пасля распачынання крымінальных справаў бярозаўскіх ІП апублікавалі СМІ, шкодныя рэчывы вывозіліся на палігон у Зялёным Бары цягам двух гадоў. Сума нанесенай ІПэшнікамі дзяржаве шкоды – 60 502 рублі. Паводле дакументаў, якія бярозаўскія прадпрымальнікі нібыта паказвалі кіраўнікам завода ў Белаазёрску, увесь свінцовы попел яны перапрацоўвалі і адпраўлялі ў якасці мінеральных дабавак для вытворчасці асфальту ў Расею.

Палігон, куды два гады вывозілі шкодныя адкіды, за некалькі кіламетраў ад пасёлка Зялёны Бор. Вакол лес, даехаць можна адзінай дарогай. Цяпер тут амаль няма ніякай дзейнасці. На месцы журналісты сустрэлі адзінага ахоўніка, які лянотна патэлефанаваў кіраўніцтву, пасля чаго прапусціў журналістаў на тэрыторыю. У месцы, дзе калісьці ляжалі амаль 8 тысячаў тонаў свінцовага попелу, цяпер яма з жоўтым пяском на дне.

Пасля скандалу 2017-га года і распачынання крымінальных справаў супраць бярозаўскіх прадпрымальнікаў ніхто з іх за краты не трапіў. Справы былі прыпыненыя, абвінавачванні на адрас кіраўніцтва «БІТ-сплаву» і Віктара Лемяшэўскага не выстаўляліся. Пра вяртанне да старой гісторыі стала вядома толькі 2 ліпеня 2019 года. Паводле афіцыйнага паведамлення Генпракуратуры, праверку пачалі «на даручэнне Лукашэнкі».