24 красавiка 2024, Серада, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарнобыль у Нарвежскім моры

7
Чарнобыль у Нарвежскім моры
АПЛ К-278 «КАМСАМОЛЕЦ» НА ДНЕ НАРВЕЖСКАГА МОРА
ФОТА: NORWEGIAN INSTITUTE OF MARINE RESEARCH

Савецкая АПЛ «Камсамолец» стала крыніцай радыеактыўнасці ў Арктыцы.

У Нарвежскім моры выяўленыя радыеактыўныя рэчывы. Перавышэнне нормаў канцэнтрацыі – у 100 тысячаў разоў. Крыніца – савецкая атамная субмарына «Камсамолец» (К-278), патанулая на поўдзень ад вострава Мядзведжы, паміж мацерыковай Нарвегіяй і архіпелагам Шпіцберген, 7 траўня 1989 года, піша «Новая газета».

Роўна 30 гадоў «Камсамолец» праляжаў на дне Нарвежскага мора, маючы цікавасць толькі для ваенных гісторыкаў: прычыны пажару на найлепшай на той момант савецкай АПЛ так і не былі апублікаваныя.

«Камсамолец» называлі «залатой рыбкай» – неймаверна дарагі праект быў параўнальны з праектамі касмічнай галіны. Тытанавы корпус забяспечваў магчымасць апускання на рэкордныя глыбіні, што, у сваю чаргу, гарантавала нябачнасць АПЛ для пеленгатараў.

Гісторыя гібелі гэтага амбіцыйнага праекта злавесна нагадвае нядаўнюю гібель «Лашарыка»: сістэма пажаратушэння не справілася з аб'ёмным пажарам, у сістэму падачы паветра для шлангавых дыхальных апаратаў трапілі прадукты гарэння. Недасягальная для нападу, няўлоўная, магутная, зусім новая лодка загінула, стаўшы магілай для маракоў. Загінулі 42 чальцы экіпажу, выратаваліся 27.

Праз 10 гадоў пасля трагедыі следства было прыпыненае з фармулёўкай: «Вызначыць сапраўдныя прычыны пажару і затаплення да ўздыму падводнай лодкі не ўяўляецца магчымым». Пра ўздым АПЛ з глыбіні паўтары тысячы метраў гаворка ніколі не ішла – падобных аперацый гісторыя не ведае. Рэактар, паводле афіцыйных паведамленняў, падчас пажару быў заглушаны аўтаматычна.

З тых часоў «Камсамолец» рэгулярна абследавалі айчынныя спецыялісты – з дапамогай глыбакаводных апаратаў «Мір». Справаздачы зводзіліся да таго, што АПЛ не ўяўляе пагрозы для навакольнага асяроддзя. Праўда, фіксаваліся невялікія выцечкі радыеактыўных рэчываў, у тым ліку цэзію-137. Зрэшты – у нязначнай колькасці.

Таму твіт нарвежскага Агенцтва ядзернай бяспекі пра выяўленне высокіх канцэнтрацый радыеактыўных рэчываў паблізу «Камсамольца» стаў не толькі сенсацыяй, але і падставай для панікі.

У справаздачы супольнай экспедыцыі нарвежскіх і расейскіх навукоўцаў, якія даследавалі лодку з дапамогай дыстанцыйна кіраванага глыбакаводнага апарата, паказанае перавышэнне канцэнтрацыі ў 100 000 разоў у параўнанні з нормай.

Нарвежскі тэлеканал TV2 цытуе кіраўніцу экспедыцыі Хільду Хельдал: «Узровень, які мы знайшлі тут, складае 10 бекерэляў на літр».

Расейскія медыя неадкладна напісалі пра залімітавае выпраменьванне, што выходзіць ад лодкі, стаўшы, відавочна, ахвярай цяжкасцяў перакладу.

Нарвежцы кажуць не пра перавышэнне радыяцыі, а канцэнтрацыю радыеактыўных рэчываў – а гэта вялікая розніца.

– Пачнем з таго, што пра радыяцыю мы ўвогуле не гаворым, – тлумачыць Андрэй Залаткоў, дырэктар АНА «Беллона». – Радыяцыя – гэта плынь часціцаў, а мы маем справу з нейкімі рэчывамі, растворанымі ў вадзе. У метры ад месца ўзяцця спробаў іх увогуле можа не быць. На глыбіні, у тоўшчы вады 10 бекерэляў разбаўленыя ў тысячу разоў – гэта неістотны паказнік. Іншае пытанне, што гэта падстава задумацца наконт прычынаў. Гэта званочак. На дне ляжыць затопленая АПЛ, на якой ідуць каразійныя працэсы. Між тым калі практыка ўздыму лодак са 100–200 метраў у свеце ёсць, то з паўтары тысячы субмарыны не ўздымаў ніхто.

Залаткоў – безумоўны эксперт у галіне радыеактыўнага забруджвання, прафесійны атамшчык, які ведае ўсё пра радыеактыўныя аб'екты Паўночнага Захаду. Ён рэкамендуе звярнуць увагу на тое, якія высновы абнародуюць нарвежцы, падводзячы канчатковыя вынікі экспедыцыі. Галоўнае пытанне – якія менавіта рэчывы выяўленыя ў спробах? Калі мы маем справу з ізатопамі цэзію і стронцыю, значыць, фаніць сапраўды рэактарная ўстаноўка. І гэты выклік будзе самым цяжкім для свету. Першай яго адчуе рыбная галіна, якая складае значную частку эканомікі паўночных краінаў, у тым ліку Расеі. З ідэяй чыстай Арктыкі таксама давядзецца развітацца. Зрэшты, заражэнне радыеактыўнымі ізатопамі Сусветнага акіяну наўрад ці застанецца лакальнай праблемай.

Савецкая лодка можа стаць другім Чарнобылем, толькі павольным – забіваць ён будзе з хуткасцю карозіі металу.

Рэпутацыйныя страты расейскі бок відавочна ўжо спрабуе знізіць. СМІ цытуюць ваеннага эксперта Аляксея Леанкова, які абвінаваціў нарвежцаў у тым, што яны нібыта самі парушылі ў ходзе даследаванняў герметычнасць трывалага корпуса лодкі, які – увага – «мае ролю саркафага, як у Чарнобылі». Тут варта нагадаць, што ніякага ядзернага выбуху на лодцы не было, а значыць, няма і саркафага, гэта па-першае, а па-другое, трывалы корпус «Камсамольца» страціў герметычнасць падчас пажару – таму, уласна, субмарына, якую экіпаж здолеў падняць на паверхню, у канчатковым выніку ўсё ж затанула. Ну і, па-трэцяе, нарвежцы, зразумела, нікуды не пранікалі і ніякіх дзірак у корпусе лодкі не свідравалі.

Зрэшты, магчыма, алармісцкія настроі пакуль зусім не да часу. Рэактар можа апынуцца цалкам герметычным, крыніцай ізатопаў у тэорыі здольныя быць іншыя металічныя дэталі субмарыны.

– Каразіяваць можа іншае абсталяванне на лодцы, якое мае так званую наведзеную радыяцыю, – кажа Андрэй Золаткаў. – У выніку ўтвараюцца радыеактыўныя ізатопы.

Эксперт рэкамендуе не панікаваць, а дачакацца высноваў абследавання. Але, незалежна ад дэталяў, апублікаваная інфармацыя ўжо адназначна кажа пра новую задачу прыарктычных краінаў – развязваць праблему «Камсамольца». Будаўніцтва саркафага на глыбіні паўтары тысячы метраў – мэта фантастычная, аперацыя ўздыму – не менш складаная і да таго ж рызыкоўная ідэя. І нешта падказвае, што ратаваць свет ад патанулай савецкай лодкі, прыдумляючы ўнікальныя праекты і вылучаючы фінансаванне, будзе не Расея, а Скандынавія.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках