28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, якім будзе ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі сёлета

8
Стала вядома, якім будзе ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі сёлета

На ўраджай паўплывала надвор'е.

Навуковая супрацоўніца сектара харчовых і лекавых рэсурсаў лесу Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Майсеева распавяла БелТА пра ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі сёлета.

«Красавік, травень і чэрвень былі засушлівымі амаль ва ўсёй краіне, тэмпература паветра перавышала кліматычную норму. Усё гэта, вядома, паўплывала на ўраджай грыбоў і ягад. Грыбы з'явіліся ў канцы красавіка - пачатку траўня, асабліва на поўдні Беларусі, але неўзабаве зніклі праз такое анамальнае надвор'е. Калі мы ў сярэдзіне чэрвеня складалі прагнозы для Мінпрыроды, у Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай і Віцебскай абласцях для ўсіх відаў рэсурсаўтваральных грыбоў (белыя грыбы, лісічкі звычайныя, падбярозавікі, чырвонагаловікі і апенькі восеньскія) прагнозы былі сярэднія, а ў Гомельскай і Магілёўскай – ніжэйшыя за сярэднія. Ліпень, які ўважаецца за самы гарачы летні месяц, таксама не парадаваў надвор'ем: даволі прахалодна, часта ідуць дажджы. З аднаго боку, можна сказаць, што для грыбоў гэта добра, але з другога - многія з іх, напрыклад лісічкі, рыжыкі, любяць цяпло і не любяць празмернае багацце вільгаці. Для іх найбольш спрыяльныя цёплае надвор'е і дробны дождж», - сказала Таццяна Майсеева.

Яна адзначыла, што грыбны пік у Беларусі звычайна прыпадае на жнівень-верасень.

«Гэта самыя грыбныя месяцы, бо да летніх грыбоў дадаюцца восеньскія. Якога ўраджаю грыбоў нам чакаць у жніўні-верасні - будзе залежаць ад надвор'я ў найбліжэйшыя тыдні. Калі праз тыдзень-другі ўстановіцца цяпло, то пойдуць і грыбы - тыя ж маслякі, сыраежкі, баравікі, падбярозавікі, чырвонагаловікі, махавікі. А ўжо бліжэй да верасня да іх далучацца падгруздкі, радоўкі, вешанкі, грузды, апенькі», - адзначыла вучоны.

Засуха паўплывала і на ўраджай ягад, асабліва на поўдні Беларусі.

«Чарніцы сёлета дробныя, іх мала. Ураджай журавін у Берасцейскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях сярэдні, у астатніх рэгіёнах – ніжэйшы за сярэдні. Брусніцы і буякі ў лясах не вельмі часта сустракаюцца, асабліва на поўдні Беларусі. У Гомельскай вобласці брусніцы з лясоў увогуле знікаюць праз такія анамальныя тэмпературы, якія вышэйшыя за кліматычную норму. Нават калі красаванне брусніцаў і дурніц багатае, ураджай бывае ніжэйшы за сярэдні і нізкі. У брусніц у моцную спякоту часта ападае завязь, у выніку, калі яны да жніўня паспяваюць, ягад застаецца мала. У гэтым дачыненні найбольш спрыяльныя ўмовы ў Віцебскай вобласці: калі няма замаразкаў позняй вясной і ранняй восенню, усе ягаднікі даюць добры ўраджай», - звярнула ўвагу Таццяна Майсеева.

Паводле звестак Белгідрамета, красавік 2019 года ў Беларусі быў самым сухім за апошнія 75 гадоў. Агулам у Беларусі выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2% ад кліматычнай нормы. Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі ў красавіку была на 1,5 градуса вышэйшай за норму - такі высокі паказчык адзначаецца прыкладна адзін раз на 10 гадоў. У траўні тэмпература была ў асноўным на 1-2 градусы вышэйшай за норму. Дажджы былі пераважна кароткачасовымі, недабор ападкаў у траўні адзначаўся ў асобных раёнах на паўднёвым усходзе і паўночным захадзе краіны. Сярэдняя ў Беларусі тэмпература паветра за чэрвень перавысіла кліматычную норму на 4,6 градуса. У першы летні месяц адзначаўся недабор ападкаў - 55% ад кліматычнай нормы, у выніку чаго на рэках краіны назіраўся ў асноўным спад узроўняў вады. Пры гэтым недахоп вільгаці адзначаўся ва ўсіх трох дэкадах чэрвеня - выпала 29%, 42% і 89% ад кліматычнай нормы адпаведна. У ліпені ж устанавілася прахалоднае дажджлівае надвор'е з тэмпературай паветра, ніжэйшай за кліматычную норму.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках