Зямлю каля Палаца незалежнасці перадалі Кітаю
22- 12.07.2019, 15:55
- 38,918
Кошт арэнды зямлі - $1.
Ля Палаца незалежнасці пачынаецца падрыхтоўка пляцоўкі пад амбасаду Кітая, паведамілі падпісанты тэлеграм-канала «Менск: якія людзі - такі і горад». Як стала вядома tut.by, гэта будзе цэлы комплекс будынкаў, які размесціцца на зямельным надзеле ў паўтара гектара, арандаваным за адзін даляр на год на 70 гадоў.
У 2010 годзе Беларусь і Кітай дамовіліся даць адзін аднаму зямельныя надзелы ў доўгатэрміновую арэнду для будаўніцтва дыппрадстаўніцтваў. Так, беларускі бок атрымаў у арэнду зямельную пляцоўку ў Пекіне плошчай блізу 0,5 га, на якой ужо размешчаны будынак амбасады, а кітайскі бок - зямельны надзел плошчай 1,5 га ў Менску. Ён знаходзіцца паміж гандлёвым цэнтрам «Замак» і пасольствамі Казахстана і Туркменістана.
Тут пабудуюць цэлы комплекс будынкаў, які ў ліку іншага будзе ўключаць у сябе кватэры супрацоўнікаў амбасады і дапаможныя пабудовы.
Як распавяла журналістам крыніца, знаёмая з ходам рэалізацыі праекта, перадпраектныя прапрацоўкі будучага аб'екта ўжо ўзгодненыя з уладамі.
- Распрацаваны праект А (архітэктурны) і ў стадыі распрацоўкі праект С (будаўнічы). Паралельна на пляцоўцы ўсталёўваюць будаўнічую агароджу. Тэрміны будаўніцтва будуць зразумелыя пасля праходжання экспэртызы, - кажа крыніца.
Адзначым, што гэтая зямля перададзеная амбасадзе Кітая ў арэнду за адзін даляр на год на 70 гадоў - з восені 2018 года да восені 2088 года.
У амбасаду Кітая накіраваны запыт.
Адзначым, што раён Палаца незалежнасці паступова абрастае новымі будынкамі. Так, нядаўна побач адкрыўся новы будынак Вярхоўнага суда, хутка запрацуе гандлёвы цэнтр Palazzo, а таксама адкрыецца крыты манеж для катання на бегавых лыжах. У тым жа раёне Лукашэнка нядаўна прапанаваў пабудаваць і пасольства Узбекістана.