19 красавiка 2024, Пятніца, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі спосаб, як вярнуць памідорам «той самы смак»

4
Навукоўцы знайшлі спосаб, як вярнуць памідорам «той самы смак»

Для таго, каб іх вырасціць, не спатрэбіцца генная мадыфікацыя.

Адзін з улюбёных заняткаў людзей сталага веку - распавядаць пра тое, якое добрае было жыццё ў дні іх маладосці. І адзін з самых распаўсюджаных прыкладаў гэтага - выдатны смак памідораў, незваротна згублены з гадамі. У гэтым выпадку схільныя да перабольшанняў старыя цалкам маюць рацыю. Сёння асноўны акцэнт пры вырошчванні гародніны і садавіны робіцца на прадаўжэнні тэрміну іх прыдатнасці. Гэта вядзе да зніжэння канцэнтрацыі цукру ў памідорах і да страты ўласцівага ім водару, пішуць «Детали».

Гэтай праблемай зацікавіўся доктар Ітай Гонда з даследчага цэнтра «Вулкані». Ён расшыфраваў геном 725 відаў памідораў, уключаючы дзікарослыя, і знайшоў спосаб вярнуць гародніне, якая паступае ў продаж, яе першародны смак. Пры гэтым тэрмін яе прыдатнасці ніяк не скароціцца.

Расшыфроўка геному сотняў відаў памідораў праводзілася ў Карнэльскім універсітэце ў ЗША. Гэта не першае такое даследаванне. Геном памідора быў цалкам расшыфраваны ў 2015 годзе. Пасля гэтага навукоўцы ў розных краінах зрабілі гэта ў дачыненні да асобна ўзятых відаў. «Падчас нашай працы мы абапіраліся на вынікі папярэдніх даследаванняў», - распавядае доктар Гонда.

Першыя памідоры, геном якіх быў расшыфраваны, належаць да віду пад назвай «Хайнц 1706», які шырока камерцыйна выкарыстоўваецца. Гэта шчыльныя і мясістыя плады, аднак, даволі нясмачныя.

Далейшыя спробы расшыфроўкі геному іншых відаў памідораў не заўсёды заканчваліся поспехам. Аднаўленне ланцугу ДНК - гэта цяжкая, карпатлівая, і часам няўдзячная праца. Са слоў доктара Гонда, геном 5-10 адсоткаў дзікарослых памідораў застаўся не расшыфраваным. адчас даследавання, праведзенага пад ягоным кіраўніцтвам, гэты прабел быў практычна цалкам ліквідаваны. У ДНК дзікарослых памідораў навукоўцы выявілі блізу 5000 генаў, якія адсутнічаюць у акультураных пладах.

Даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні аднаго гена, які адказвае за ўтварэнне араматычных рэчываў, якія надаюць памідорам асаблівы смак. Гэты ген і раней быў вядомы навукоўцам. Аднак калі дагэтуль яны меркавалі, што ген адказвае за ўтварэнне 20 адсоткаў араматычных рэчываў, то падчас даследавання, праведзенага пад кіраўніцтвам доктара Гонды, высветлілася, што гаворка ідзе пра 40 адсоткаў.

Яшчэ больш важнае адкрыццё звязанае з рэгулятарнай зонай ДНК - участкамі, на якіх не адбываецца сінтэз РНК, але якія служаць месцам звязвання розных бялкоў. Дзейнасць гэтых зон вызначае, калі, пры якіх умовах і ў якой ступені будзе прыведзены ў дзеянне той ці іншы ген. У дзікарослых памідораў даследчыкі выявілі невядомую раней паслядоўнасць у рэгулятарных зонах, якія адказваюць за функцыянаванне «араматычнага» гена і істотна ўплываюць на павелічэнне яго ўплыву. Гэтая канфігурацыя была выяўленая больш чым у 90 адсоткаў дзікарослых памідораў, і толькі ў 7 адсоткаў акультураных у нашы дні.

Перавага араматычных рэчываў палягае ў тым, што іх павелічэнне ніяк не ўплывае на тэрмін жыцця плоду. Зніжэнне смакавых якасцяў памідораў звязанае таксама з тым, што выпрацоўка цукру патрабуе ад раслін значных намаганняў - і гэта ўплывае на іх памер і паспяванне. Але, як паказала даследаванне, нават нязначнае павелічэнне колькасці араматычных рэчываў істотна паляпшае смак памідораў. Для таго, каб гэта адбылося, расліне не патрабуюцца сур'ёзныя выдаткі.

Цяпер, у выніку скрыжавання дзікарослых і акультураных памідораў, можна будзе стварыць некалькі новых відаў і выбраць з іх самы смачны. Доктар Гонда мяркуе, што, калі вытворцы насення скарыстаюцца адкрыццямі навукоўцаў, памідоры з «тым самым смаккам» з'явяцца на прылаўках крам ужо праз сем - дзесяць гадоў. Для таго, каб вырасціць іх, не спатрэбіцца генная мадыфікацыя. Навукоўцы спадзяюцца, што падчас вывучэння 5000 іншых генаў, выяўленых у дзікарослых памідорах, іх чакаюць і іншыя прыемныя сюрпрызы. Доследныя віды змаглі ацалець у значна больш суровых умовах, чым памідоры, якія вырошчваюцца сельскагаспадарчымі вытворцамі. Яны больш устойлівыя да розных хвароб, з'яўлення шкоднікаў і іншых навакольных умоў.

Доктар Гонда, тым часам, пачаў працу над новым даследаваннем, звязаную з араматычнымі травамі. Цяпер, разам з групай калегаў, ён вывучае геном базіліка, а затым навукоўцы зоймуцца рознымі відамі каляндры.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках