25 красавiка 2024, Чацвер, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі ў нашай краіне ёсць

29
Настаўнікі ў нашай краіне ёсць

Яны вучаць дзяцей жыць па сумленні.

Менавіта сапраўдны. Менавіта – Настаўнiк. З вялікай літары. Чалавек, якому можна верыць, браць з яго прыклад і вучыцца. Вучыцца жыць так, як трэба, а не ў хлусні і на загад.

Я думаў – усё! Больш у гэтай краіне настаўнікаў не засталося. Не, яны ёсць. І дыпломы такія ў людзей ёсць, дзе напісана, што яны настаўнікі. Але напісанаму не заўсёды варта верыць. Асабліва, калі падобныя людзі ў выбарчых камісіях. І там фальсіфікацыі. Ці калі вучаць так, як кажуць уладцы, а не сумленне. Ці збіраюць з бацькоў грошы на розныя патрэбы.

Ці калі ў «дэпутацкім» корпусе галасуюць так, як ім кажуць, а не так, як варта было б.

Народ гэта бачыць і робіць высновы. І чым далей – тым менш застаецца сапраўдных настаўнікаў і выхавальнікаў. Мы іх страчваем.

І тут чытаю такое. Берасце. Людзі выходзяць на плошчы і рухаюцца па вуліцах горада вось ужо другі год. Супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Супраціўляюцца і выказваюць свой пункт гледжання. Яны не баяцца. Іх штрафуюць, запалохваюць, ладзяць супраць іх розныя правакацыі, кідаюць на «суткі», распачынаюць супраць іх надуманыя справы. А яны ўсё выходзяць і выходзяць.

І як гром сярод яснага неба – Настаўнік! Сапраўдная Настаўніца. Жанчына. Яе штрафуюць ужо другі раз за рэгулярны ўдзел у гэтых шэсцях. А яна ўсё выходзіць і выходзіць.

Людміла Паўлаўна Карчэўская. Адзіная настаўніца сярод сотняў пратэстоўцаў. Яна перажывае за будучыню сваіх дзяцей, унукаў і наша пакаленне. А яе за гэта судзяць! Апошні штраф – 510 рублёў за шэсце.

Разумееце? Сапраўднага настаўніка судзяць. Улада баіцца такіх вось, якія не трапляюць пад пяту і жывуць не на загад. Улада іх баіцца. Бо яны вучаць дзяцей жыць сумленна. А вось гэта тут не шануецца і не вітаецца. Гэта спрабуюць высечы на корані.

Людміла Паўлаўна, нізкі Вам паклон. Я не ведаю Вас асабіста. Аднак Вы вяртаеце веру ў тое, што ў нашай краіне яшчэ ёсць Настаўнікі з вялікай літары. Сапраўдныя, і не толькі з дыплома. Значыць – і выхоўваюцца дзе-нідзе дзеці па-сапраўднаму і ў сумленні. Дзякуючы Вам.

Значыць, яшчэ не ўсё страчана. І быць. Быць нашай краіне, калі не могуць зламаць настаўніка. Значыць, ёсць недзе такі самы лекар, дырэктар, працоўны, селянін, вайсковец і міліцыянт. Які разумее, што так жыць нельга.

Віктар Гарбачоў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках