23 красавiка 2024, aўторак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Netflix забіраюць фільмы і серыялы

2
У Netflix забіраюць фільмы і серыялы

Акцыі кампаніі ўпадуць на 40%.

На амерыканскім Forbes выйшла калонка з назвай "Самы жудасны кашмар Netflix спраўдзіўся". Яна пра тое, што адзін з найбуйнейшых у свеце сэрвісаў струменевага відэа страціць свой самы папулярны кантэнт. І таму страціць пазіцыі.

Што будзе са 148 млн падпісантаў сэрвісу?

Liga.Tech публікуе рэзюмэ калонкі інвестыцыйнага мэнэджара і галоўнага аналітыка даследчай фірмы RiskHedge Стывена Макбрайда.

Слаўныя дні Netflix прайшлі

Акцыі Netflix выраслі на 8500% за апошняе дзесяцігоддзе, бо струменевае відэа ўзляцела.

Да нядаўняга часу сэрвіс быў найлепшым струменевым гульцом. Ён звёў дзясяткі мільёнаў кліентаў у кабельных кампаній, у яго была нулявая канкурэнцыя, а многія ўплывовыя медыякампаніі дапамаглі яму пабудаваць свой бізнэс.

Netflix арандаваў кантэнт, які выраблялі іншыя. На пачатку 2010-х гадоў Netflix падпісаў кантракты з такімі кампаніямі, як Disney і NBC. За невялікую плату струменевы сэрвіс набыў правы на трансляцыю вельмі папулярнага кантэнту, як фільмы "Мсціўцы", і выпусціў камедыі "Офіс" і "Сябры".

Іншымі словамі, Netflix пабудаваў свой бізнэс на чужым кантэнце. І гэта спрацавала. У сэрвісу цяпер 148 млн абанентаў – больш, чым у любой кабельнай кампаніі.

Аднак добры час для Netflix падыходзіць да канца. Адзін за адным прачнуліся буйныя канкурэнты. Яны спыняюць свае кантракты з сэрвісам, вяртаюць кантроль над сваім кантэнтам і запускаюць уласныя струменевыя платформы, якія будуць канкураваць з Netflix.

Да прыкладу, струменевы сэрвіс Disney+. Яго запусцяць пазней сёлета, і ён стане новым домам самых папулярных фільмаў у свеце. Хоць Disney больш за ўсё вядомая дзякуючы Мікі Маўс, яна валодае самым вялікім партфоліа фільмаў з калі-небудзь сабраных.

Тры самыя прадаваныя стужкі сёлета – "Мсціўцы: Фінал", "Капітан Марвел" і "Аладзін". Усімі імі валодае Disney.

Тройка самых прадаваных фільмаў 2018 года – "Чорная пантэра", "Мсціўцы: Вайна бясконцасці", "Суперсямейка 2" – таксама належаць Disney.

Такая самая карціна была ў 2017-м годзе.

Усе гэтыя дзіка папулярныя фільмы ў цяперашні час даступныя на Netflix. Да канца гэтага года яны будуць выдаленыя з сэрвісу назаўжды. Каб паглядзець іх, трэба будзе набыць падпіску Disney+ за $ 7 за месяц – амаль удвая танней за самую папулярную падпіску Netflix ($ 12).

Netflix страчвае свой найлепшы кантэнт

Інвестары Netflix павінны таксама турбавацца праз новы струменевы сэрвіс AT&T, які запусцяць у 2020 годзе. Ён будзе крыху даражэйшым, чым Netflix – $ 16–17 за месяц.

AT&T найбольш вядомая як тэлекам-кампанія. Але набыццё WarnerMedia ў 2018 годзе ператварыла яе ў медыяцэнтр. Яна валодае HBO, самай паспяховай тэлевізійнай сеткай, якая прадаўжае выпускаць хіты ўсіх часоў, накшталт "Гульні тронаў", "Сэксу ў вялікім горадзе", "Клана Сапрана". (Яе ж нядаўні серыял "Чарнобыль" заняў першае месца ў рэйтынгу IMDb, – Рэд.)

Netflix дасягнуў неверагоднага поспеху, стаўшы першым у струменевым відэа. Гэта сапраўдны прарыў, які зрабіў рэвалюцыю ў тэлевізіі. Цягам многіх гадоў ён у сутнасці «валодаў» механізмам трансляцыі ТБ і фільмаў праз інтэрнэт.

Аднак цяпер, калі іншыя падхапілі тэму, гульня змянілася. Неўзабаве кліентам будзе даступна мноства струменевых сэрвісаў. Гледачы будуць выбіраць тыя, у якіх найлепшая бібліятэка.

І Netflix страчвае свой найлепшы кантэнт. Сэрвіс страчвае не толькі фільмы Disney. Цягам наступных двух гадоў уся ягоная бібліятэка будзе разбураная.

Самым папулярным шоу на Netflix з'яўляецца "Офіс". Серыял належыць NBC Universal, якая запускае ўласны струменевы сэрвіс і да канца наступнага года поўнасцю адключыць "Офіс" ад Netflix. Яшчэ адзін папулярны на Netflix серыял – "Сябры". Ён належыць WarnerMedia, якая ўваходзіць у згаданую вышэй AT&T.

Паводле звестак аналітычнай кампаніі Jumpshot, больш за палову з 50 самых папулярных шоу Netflix належаць кампаніям, якія плануюць запусціць уласныя струменевыя сэрвісы.

Netflix бачыць усё гэта і выдаткоўвае кучу грошай на ўмацаванне сваёй кантэнтавай бібліятэкі. Летась ён выдаткаваў $ 12 млрд, а сёлета плануе выдаткаваць яшчэ $ 15 млрд.

Цяпер ён укладвае ў кантэнт больш, чым любая іншая амерыканская тэлесетка. Але гэта празмерныя выдаткі. Для фінансавання ўласных новых шоу Netflix займае велізарныя сумы. За мінулы год ягоная запазычанасць вырасла на 58% – да $ 10,3 млрд. Для параўнання – Netflix згенеравала $ 1,2 млрд прыбытку летась.

Аднак незалежна ад таго, колькі Netflix выдаткоўвае, ён не можа спадзявацца канкураваць з Disney або AT&T. Netflix знаходзіцца ў неверагодна цяжкім месцы.

Ці можа Netflix выжыць?

Рынкавая капіталізацыя Netflix складае блізу $ 165 млрд, што робіць яе 30-й паводле велічыні публічнай амерыканскай кампаніяй. Гэта адбылося дзякуючы панаванню на рынку струменевага вяшчання.

У далейшым поспех Netflix будзе залежаць ад папулярнасці тэлешоу і фільмаў, якія яна вырабляе.

Выкажам здагадку, у сэрвісу ўсё атрымоўваецца і ён стварае масу кантэнту, які падабаецца гледачам. Праблема ў тым, што кампаніі, якія вырабляюць тэлешоу і фільмы, не каштуюць $ 165 млрд.

Нават шалёна паспяховыя кінастудыі каштуюць максімум дзясяткі мільярдаў. У 2018 годзе студыі Disney, у якія ўваходзяць такія вядомыя брэнды, як Marvel, Star Wars і Pixar, атрымалі $ 10 млрд прыбытку і $ 2,98 млрд прыбытку.

У Netflix ёсць адна вялікая перавага. Ён ужо назапасіў велiзарную аўдыторыю з 148 млн платных падпісчыкаў. Значна прасцей захаваць кліента, чым атрымаць яго.

Netflix выжыве. Але будзе змяншацца. Нават у самым лепшым сцэнары праз пару гадоў я не бачу, каб ён каштаваў больш за $ 100 млрд.

Гэта прывядзе да таго, што кошт ягоных акцый складзе блізу $ 225 за акцыю, або прыкладна на 40% ніжэй за цяперашні кошт.

Зноў жа, гэта вясёлкавы сцэнар. Не здзіўляйцеся, калі акцыі Netflix скароцяцца ўдвая, ці яшчэ больш, у найбліжэйшыя год ці два.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках