23 красавiка 2024, aўторак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сумнеўная блізкасць да Крамля

Сумнеўная блізкасць да Крамля
МАТЭА САЛЬВІНІ

Што звязвае міністра ўнутраных справаў Італіі Сальвіні з Масквой.

«Здаецца, падазрэнні адносна італьянскай праванацыяналістычнай "Лігі Поўначы", партыі міністра ўнутраных справаў Матэа Сальвіні, і яе сумнеўнай блізкасці да Крамля становяцца больш важкімі, – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung (пераклад – inopressa.ru. – Цяпер з'явіўся аўдыязапіс рэзананснай сустрэчы, якая адбылася 18 кастрычніка 2018 года ў гатэлі "Метраполь" у Маскве. Амерыканскі партал BuzzFeed, у якога апынуўся запіс, апублікаваў у сераду ягоны фрагмент і расшыфроўку астатняй часткі. Падчас сустрэчы была агучаная магчымасць напоўніць перад нядаўнімі выбарамі ў Еўрапарламент касы "Лігі" мільёнамі даляраў з Расеі так, каб грамадскасць не даведалася пра незаконную дапамогу ў перадвыбарчай кампаніі».

Гаворка ідзе пра 65 млн даляраў. «Расея павінна была прадаць італьянскаму энэргетычнаму канцэрну Eni 3 млн тонаў нафты на суму 1,5 млрд даляраў. Пры гэтым 65 млн павінны былі адысці "Лізе Поўначы" і мудрагелістымі шляхамі трапіць у касу партыі» – паведамляе журналіст Олівер Маер.

«На запісе чуваць голас Джанлука Саваіні, былога прэс-сакратара Сальвіні, які кіруе ў Мілане незалежным аб'яднаннем "Ламбардыя-Расея". Рымская газета La Repubblica называе Саваіні "памочнікам Сальвіні пры двары Пуціна". Самога Сальвіні ў гатэлі "Метраполь" не было, але ён таксама знаходзіўся ў Маскве. Напярэдадні падчас аднаго з выступаў ён зноў рэзка раскрытыкаваў міжнародную санкцыйную палітыку ў дачыненні да Расеі», – гаворыцца ў артыкуле.

«На запісе Саваіні тлумачыць сваім расейскім партнёрам палітычныя погляды Сальвіні, наколькі добрыя сувязі ён падтрымлівае з іншымі нацыяналістычнымі рухамі Еўропы і як усе яны маюць намер супольнымі намаганнямі перакуліць Еўрапейскі Звяз з ног на галаву. "Мы хочам змяніць Еўропу, – кажа ён. – Гэтая новая Еўропа павінна быць нашмат бліжэйшай да Расеі". ...Кім былі расейскія ўдзельнікі сустрэчы, BuzzFeed высветліць не змог. У Італіі мяркуюць, што гэта маглі быць інфарматары Пуціна і ягонай партыі», – піша Маер.

Партыя "Ліга Поўначы" раней адмаўляла атрыманне грошай з Масквы. Калі матэрыял атрымаў шырокую агалоску і ў Італіі, Сальвіні заявіў: "Я ўжо падаваў пазоў у суд і зраблю гэта сёння, заўтра і паслязаўтра. Я не браў ні рубля, ні еўра, ні даляра, ні літра гарэлкі з Расеі", – паведамляе выданне.

«Але, верагодна, ад гэтай гісторыі ён так лёгка не пазбавіцца, – адзначае аўтар артыкула. – Кіраўнік апазіцыі Нікола Дзінгарэці, старшыня Дэмакратычнай партыі Італіі, заклікаў Сальвіні "неадкладна" растлумачыць пытанне. Сваё меркаванне выказаў і Матэа Рэнца, былы прэм'ер-міністр: "Альбо гэта фэйкавая навіна, альбо неймаверная гісторыя выкрыцця, – сказаў ён. – Расейская нафта для фінансавання "Лігі"? Гэта ж вар'яцтва"».

«Сувязі з Масквой – гэта толькі адна з фінансавых нестыковак у партыі Сальвіні, – паказвае Süddeutsche Zeitung. – Па-ранейшаму не знайшлі след 49 млн еўраў, якія дзяржава выплаціла "Лізе" ў якасці кампенсацыі за перадвыбарчую кампанію і якія былі прысвоены. ...Пытанні і каментары датычна 49 мільёнаў настолькі злуюць Сальвіні, што ён даручыў адміністратарам сваіх уліковых запісаў і профіляў у сацсетках заблакаваць усе паведамленні са словамі "49 мільёнаў"».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках