19 сакавiка 2024, aўторак, 8:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Лукашэнку выставілі апошні рахунак

94
Эканаміст: Лукашэнку выставілі апошні рахунак

Беларускія ўлады апынуліся ў сітуацыі жабы ў рондалі.

Амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка заявіў 5 ліпеня: «Мы не зможам перажыць падатковы манеўр».

«Расейскія НПЗ будуць набываць нафту недзе за 83–84% ад сусветнага кошту. Мы ж будзем набываць паводле сусветнага кошту. Для таго каб НПЗ нармальна працаваў, браў крэдыты, абслугоўваў іх, мадэрнізаваўся, дастаткова 4–5%. А тут – 16–17%. А ў нас гэтага не будзе. Таму мы не зможам перажыць падатковы манеўр», – растлумачыў свой тэзіс Сямашка.

Заяву амбасадара ў РФ у святле стану беларускай эканомікі для сайта Charter97.org пракаментаваў эканаміст Леанід Злотнікаў:

– Як Вы ацэньваеце словы Сямашкі пра наступствы падатковага манеўру?

– Цалкам слушнае сцвярджэнне. Мы даўно кажам: у Беларусі няма рэсурсаў, каб вяртаць пазыкі.

У апошнія гады нашу ўладу «падкормлівалі», даючы 5 мільярдаў даляраў за год – не важна ў якой форме. Ці то ў выглядзе крэдытаў (я маю на ўвазе расейскія), ці то – і гэта галоўнае – у форме танных энэргарэсурсаў.

Рэч у тым, што да распаду СССР Беларусь спажывала расейскія нафту, газ, металы і іншыя рэсурсы паводле коштаў у 2,5–3 разы ніжэйшых за сусветныя. А ў Расею адпраўляла свае тавары паводле коштаў вышэйшых ад сусветных таксама ў 2,5–3 разы.

Пасля распаду СССР урад Вячаслава Кебіча зразумеў, што не хоча страчваць гэтыя выгоды і пачаў шукаць падтрымкі ў Расеі. Яшчэ ў снежні 1991 года Кебіч заявіў, што Беларусь нібыта «не можа існаваць самастойна». І прапанаваў увесці агульны рубель і пачаць «інтэграцыю».

Гэтую ж лінію прадоўжыў і Лукашэнка. У выніку наша спажыванне, пачынаючы з савецкага перыяду і да гэтага часу, трымалася ў многім за кошт субсідый Расеі. Расея ўвесь час нешта падкідвала.

Ведаеце, калі жаба трапляе ў кацёл з вадой, а гэтую ваду падаграваюць, то яна сядзіць доўга, пакуль вада цёплая, а калі ўжо прыцісне – выскачыць не можа і зварваецца. Я такую аналогію праводжу з беларускай уладай, маючы на ўвазе залежнасць ад субсідый і "дапамогі" ад Расеі.

І вось мы прыйшлі да таго моманту, калі Расея не хоча карміць Беларусь з нейкіх меркаванняў. Не цалкам карміць, вядома, а забяспечваць ранейшы ўзровень спажывання за кошт сваіх субсідый у розных формах.

Думаю, Сямашку даўно было вядома, што мы апынуліся ў такой сітуацыі. Што, ён толькі што нарадзіўся? Ён гэта ведаў. Думаю, і Лукашэнка гэта ведаў. Але кіраўнікі рабілі выгляд – а Лукашэнка, напэўна, і напраўду верыў – што мы такія «пухнатыя», а Расея раптам пачала ставіць падножкі.

Але на самай справе нашы ўлады не маюць права патрабаваць, каб Расея забяспечвала ім патрэбны ўзровень жыцця. І тады Расея сапраўды выставіла Лукашэнку і ягоным чыноўнікам апошні рахунак: ідзіце, будзеце служыць нам ужо ў адной дзяржаве.

І вось яны ў такой сітуацыі: з аднаго боку, і ісці служыць у адной дзяржаве не вельмі хочацца, а з другога боку – не перажывем гэтага падатковага манеўру.

Вось такая сітуацыя склалася.

– Ёсць прымаўка: «дзе тонка, там і рвецца». Якія галіны эканомікі і групы насельніцтва першымі могуць «стаць ахвярай» падатковага манеўру?

– Рэч у тым, што страты ад падатковага манеўру – гэты зніжэнне ўсіх прыбыткаў краіны ў цэлым.

Тут няма аб'ектыўнага падыходу: маўляў, першымі «загінуць» такія галіны і такія пласты насельніцтва. Проста будзе ісці пераразмеркаванне прыбыткаў унутры краіны.

Тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, і блізкія да ўлады, нічым ахвяраваць не захочуць. У іх прыбыткі напэўна не знізяцца. Пераразмеркаванне будзе адбывацца за кошт «чорнай масы».

Лукашэнка, вядома, спрабуе неяк утрымаць сітуацыю, але яна складаная. Мы не можам цяпер аддаваць крэдыты, якія набралі і за кошт якіх існавалі.

На самай справе становішча яшчэ больш складанае, чым я абмаляваў. У нас былі не толькі расейскія субсідыі, якія бяздарна праелі, пакуль варыліся, як жаба ў рондалі. У вонкавай пазыцы дзель Расеі цяпер складае адсоткаў 40–45. А апошнюю пазыку 40 мільярдаў даляраў, якую праелі, пусцілі ў няздарную «мадэрнізацыю», таксама трэба вяртаць.

Сітуацыя нашмат больш сур'ёзная, чым страта экспартных мытаў ад расейскай нафты. Расея яшчэ толькі трохі «шчыпнула», знізіла за кошт манеўру свае субсідыі з 5 мільярдаў даляраў да 4 – але мы ўжо сёння не можам аддаваць вонкавыя пазыкі. А гэтых жа 4 мільярдаў субсідый з часам не будзе.

Пры гэтым больш за 20 мільярдаў даляраў мы павінны не Расеі. Акрамя таго, я не згадаў яшчэ адну пазыку, якую Расея будзе патрабаваць – і яна яе патрабуе. РФ за свой кошт пабудавала Астравецкую АЭС. Спачатку, калі заключалася дамова на фінансаванне, Расея прапаноўвала: вы за свой кошт укладзіце хоць бы мільярд з адзінаццаці. І Беларусь уклала... пазычыўшы яго таксама ў Расеі. І за якія такія прыгожыя вочкі яна павінна гэта забыцца?

З 2021, што б там ні было з АЭС, Беларусь павінна вяртаць пазыку. Нешта ўжо вярнулі, але набягаюць новыя адсоткі – і ў сярэднім за АЭС набярэцца яшчэ мільярдаў 10. Думаю, што з улікам усяго сказанага, Расея добра возьме нашы ўлады за горла.

Ды праеў ён Беларусь, гэты ўрад... Надоўга праеў. І выкруціцца з гэтай сітуацыі будзе вельмі цяжка. Гэта – пра сітуацыю. А што рабіць – гэта іншае пытанне.

– І што рабіць, Леанід Канстанцінавіч?

– Памятаеце, вы задалі пытанне: «Дзе самае тонкае месца?» Тут таксама трэба разважаць гэтаксама: дзе самае тонкае і слабое месца, якое не дазваляе павялічыць ВУП краіны? Чаму ў нас такая неэфектыўная эканоміка?

Нават той узровень жыцця, які ёсць, адстае ад суседзяў – Літвы і Польшчы, якія ўвайшлі ў ЕЗ і павялічылі свае прыбыткі на душу насельніцтва.

Чаму мы ад іх адсталі і нават пры расейскіх субсідыях такія няшчасныя і дохлыя?

Таму што ў нас сістэма грамадскага кіравання вельмі несучасная і не спрыяе развіццю эканомікі.

Першае, самае тонкае і самае слабое месца (і самае галоўнае) – гэта тое, што адбылося зліццё ўлады і ўласнасці. Улада распараджаецца ўсёй уласнасцю народа – і вельмі няўмела. Яна не ведае, як ёй распараджацца. А яшчэ пры гэтым імкнецца прымусіць бізнэс аддаваць дзяржаве як мага больш.

Увогуле, у нас склалася азіяцкая сістэма: калі тыраны і ўладары азіяцкага тыпу мяркуюць, што ўласнікі павінны служыць ім. Уласнікі павінны працаваць на іх, дзяліцца прыбыткам – а тыраны іх караюць, калі мяркуюць, што тыя паводзяць сябе недастаткова паважна або недастаткова дзеляцца.

Такая эканоміка сёння існаваць не можа. Гэта – самы галоўны чыннік. Калі аддзялення ўлады ад уласнасці не адбудзецца, будучыні ў Беларусі не будзе.

Гэта значыць, што прэзідэнт не мае права ўмешвацца ў кошты, вызначаць, што вырабляць і каму прадаваць... Гэтым павінен займацца бізнэс. А дзяржава павінна толькі сачыць, каб бізнэс гуляў паводле легальных правілаў – і не больш за тое.

Калі ўлады пачынаюць «клапаціцца», што народу есці і ў якіх кватэрах жыць – то краіне нічога з гэтага не будзе.

Давайце возьмем прыклад Венесуэлы. Ёй падатковы манеўр не пагражае: яна жыве на нафце. Першае месца ў запасах у сваім паўшар'і і адно з першых у свеце. Але Уга Чавес пачаў будаваць «сацыялізм 21-га стагоддзя». І што мы бачым? Як яна жыве? Да чаго Чавес давёў гэтую краіну?

А мы таксама «будуем сацыялізм». Спадзяюся, аналогія зразумелая.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках