25 красавiка 2024, Чацвер, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Туск: Вымаўляю Грузія – маю на ўвазе Свабода

Дональд Туск: Вымаўляю Грузія – маю на ўвазе Свабода

Прэзідэнт Еўрапейскай рады выступіў у Батумі.

Прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск 11 ліпеня адкрыў 16-ю міжнародную канферэнцыю ў Батумі, прысвечаную 10-годдзю «Усходняга партнёрства». У сваім уступным слове Туск заявіў, што «Усходняе партнёрства» «было створанае і заўсёды было мірнай ініцыятывай, якая не накіраваная супраць каго-небудзь», піша грузінскае выданне Civil (пераклад – inosmi.ru).

«Калі мы глядзім на першыя дзесяць гадоў “Усходняга партнёрства”, становіцца відавочным, што дзякуючы яму і з ягонай дапамогай нашы стасункі сталі глыбейшымі, больш структураванымі і прадказальнымі», – заявіў ён.

«Усходняе партнёрства» было створанае ў 2009 годзе для падтрымкі палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі паміж Еўразвязам і шасцю краінамі-партнёркамі Усходняй Еўропы (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна).

Туск успомніў словы грузінскага паэта-класіка Важа-Пшавела, якія ён прамовіў на грузінскай мове: «Кожны сапраўдны патрыёт з'яўляецца касмапалітам, гэтак жа як і кожны разумны касмапаліт з'яўляецца патрыётам».

«Я веру, што шляхам нашага збліжэння і спрыяння разуменню паміж намі, “Усходняе партнёрства” дапамагло супрацьстаяць гэтым негатыўным тэндэнцыям», – заявіў Туск.

Кажучы пра Грузію, «як пра адну з тых краінаў, якую балюча закранулі сур'ёзныя выклікі бяспекі», Туск заявіў, што, «хоць “Усходняе партнёрства” і не з'яўляецца механізмам урэгулявання канфліктаў, яно ўяўляе з сябе адзінства каштоўнасцяў і прынцыпаў і таму імкнецца падтрымліваць стабільнасць у рэгіёне і таксама падтрымліваць магчымасці вашых краінаў, каб справіцца з ціскам».

«Ёсць шмат пытанняў пра будучыню “Усходняга партнёрства”, і вашае будучае сяброўства ў ЕЗ не з'яўляецца адзіным... Шмат хто ў Еўропе сумняецца ў далейшым пашырэнні. У мяне няма такіх сумневаў», – заявіў Туск.

Потым ён адзначыў, што «такія працэсы не адбываюцца спантанна, або ў адпаведнасці з адным планам», яны ажыццяўляюцца з дапамогай канкрэтных дасягненняў.

«Зразумела адно: мы павінны заставацца ўсёабдымнай ініцыятывай, якая мае на ўвазе ўмацаванне стасункаў паміж ЕЗ і шасцю краінамі-партнёркамі, калі кожнаму партнёру мы павінны прапаноўваць дыферэнцыяваны падыход у адпаведнасці з іх памкненнямі і магчымасцямі», – дадаў ён.

Паводле словаў Туска, пасля канферэнцыі высокага ўзроўню, прысвечанай 10-й гадавіне Усходняга партнёрства, якая адбылася ў Брусэлі ў траўні летась, ЕЗ ініцыюе працэс кансультацый пра будучыню «Усходняга партнёрства», падчас якога спадзяецца на актыўны ўдзел і кантрыбуцыю не толькі дзяржаваў – чальцоў ЕЗ і Усходняга партнёрства, але і грамадзянскай супольнасці і бізнэс-кампаній.

Дональд Туск заявіў, што «Грузія з'яўляецца не толькі важнай партнёркай для ЕЗ». «Калі я кажу Грузія, маю на ўвазе Свабоду! Калі я кажу Грузія, маю на ўвазе Гонар! Калі я кажу Грузія, маю на ўвазе Мужнасць!.. Шчыра заклікаю вас: не дазваляйце сабе падзяліцца. Толькі ў выпадку адзінства зможаце ацалець, гэтаксама як і ўся Еўропа», – дадаў Туск.

У рамках візіту ў Грузію Дональд Туск сустрэўся з прэзідэнткай Грузіі Саломэ Зурабішвілі, прэм'ер-міністрам Мамукам Бахтадзэ, старшынёй кіроўнай партыі Бідзінам Іванішвілі і лідарамі апазіцыі.

У 16-й Міжнароднай канферэнцыі ў Батумі, якая праходзіць 11–12 ліпеня, удзельнічаюць высокапастаўленыя чыноўнікі Еўрапейскага Звязу і шасці краінаў-партнёрак, а таксама прадстаўнікі навуковых колаў, няўрадавага сектара і бізнэсу, сярод іх – міністры замежных справаў Арменіі, Балгарыі, Чэхіі, Вугоршчыны, Польшчы і Швэцыі.

На канферэнцыі ўжо выступілі прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі, прэм'ер-міністр Мамука Бахтадзэ, старшыня Парламента Арчыл Талаквадзэ і міністр замежных справаў Давід Залкаліяні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках