29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвегія пераходзіць на альтэрнатыву вуглевадароднаму паліву

4
Нарвегія пераходзіць на альтэрнатыву вуглевадароднаму паліву
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
КРЫНІЦА: CNG-EQUIPMENTS.COM

Нарвежскі суверэнны фонд скарачае інвестыцыі ў нафту і газ.

Электрамабіль спыняецца ля супермаркета, побач стаяць яшчэ тры такія машыны. Гэта тыповая карціна ў Нарвегіі, дзе ўжо амаль палова новых аўтамабіляў не мае шкодных выкідаў у атмасферу, піша dw.com.

"Электрычнасць у Нарвегіі танная", – тлумачыць свой выбар пенсіянер з Осла Рунэ Фэрбарг. У адрозненне ад бензіну, дадае ён.

Кошты на паркоўку ў Осла таннымі назваць нельга: 3 еўры за паўгадзіны, 6 – за гадзіну і так далей: 14 еўраў – за дзве гадзіны. У краму на машыне проста так не паедзеш. Гарадскія ўлады яшчэ з пачатку 1990-х гадоў вядуць барацьбу з ростам трафіку з дапамогай высокіх тарыфаў. І Осла атрымала тое, што для многіх еўрапейскіх сталіцаў пакуль застаецца недасяжнай мэтай: гарадскі транспарт з нізкім узроўнем шкодных выхлапаў. Для кампаній, якія вырабляюць электрамабілі серыйна, Осла стаў тэставай пляцоўкай, каб зразумець, як можа выглядаць будучыня аўтатранспарту без вуглевадароднага паліва.

Нарвегія, адна з найбагацейшых краінаў свету, можа сабе дазволіць такія эксперыменты: карыстанне грамадскім транспартам у краіне каштуе нядорага, краіна здольная ўтрымліваць дарагую сістэму сацыяльнай дапамогі. У сярэднім нарвежцы зарабляюць блізу 70 тысячаў еўраў за год, немцы, для параўнання – 36 тысячаў.

Праблемы фонду на трыльён еўраў: куды ўкласці грошы?

Лішкі ад продажу ўласных карысных выкапняў улады Нарвегіі накіроўваюць у Дзяржаўны суверэнны фонд (Government Pension Fund Global, GPFG), якім кіруе Цэнтральны банк. Любы, хто заходзіць на сайт GPFG, які завецца проста "Фонд", можа ўбачыць, што сёння на рахунках сабралася больш за 9 трыльёнаў кронаў або амаль адзін трыльён еўраў. Ідэю фонду падтрымліваюць усе нарвежскія партыі, якія прыходзяць да ўлады, няхай гэта будуць кансерватары або сацыял-дэмакраты, якія прыдумалі фонд.

Эгіль Матсен, віцэ-прэзідэнт Нарвежскага цэнтральнага банка, займае прасторны офіс, з вокнаў якога бачныя дахі дамоў Осла. Ён выглядае як чалавек, які звыкся развязваць праблемы са звышбуйнымі фінансамі. Напрыклад, шукаць адказ на пытанне, што рабіць з грашыма ад продажу дзеляў адразу ў 134 кампаніях, звязаных са здабычай вугалю і нафты. Менавіта да гэтага яго падштурхнулі адпаведныя рэкамендацыі парламента і ўрада Нарвегіі.

Калі справа заходзіць пра інвестыцыйныя ідэі для суверэннага фонду, Матсен дзіўна мала кажа пра абарону клімату або інвестыцыі, бездакорныя з этычнага гледзішча. Кошт на нафту вагаецца, і ад гэтага – наш узровень прыбыткаў, кажа ён. Нават нягледзячы на тое, што ў папярэднім квартале фонд атрымаў рэкордныя дывідэнды? Гэта толькі кажа пра тое, што добрыя грошы можна зарабіць не толькі ад продажу нафты, але і іншым спосабам, тлумачыць Матсен.

Да нядаўняга часу Эгіль Матсен меркаваў, што ягоная праца добра аплачваецца, але мала хто звяртае на яе ўвагу. Сёння сітуацыя змянілася: любое сказанае Матсенам слова цытуюць міжнародныя СМІ, як быццам ён – кіраўнік ЕЦБ Марыё Драгі. Біржавыя рынкі пачынае трэсці, калі ён скажа нешта неасцярожнае.

Яшчэ нядаўна Exxon, Shell, RWE, Glencore былі для Матсена курыцай, якая нясе залатыя яйкі. Кіраўнікоў многіх з гэтых кампаній ён ведаў асабіста. Але сёння Матсен наўрад ці стане павялічваць укладанні GPFG у гэтыя кампаніі. Не, мы не распрадаём нашы дзелі ў іх, запэўнівае Матсен, але падштурхоўваем іх да інвестыцыяў у аднаўляльныя крыніцы энэргіі і ставім канкрэтныя тэрміны. Поўны выхад быў бы занадта смелым: у канчатковым выніку, значную дзель паступленняў у суверэнны фонд Нарвегіі забяспечвае найбуйнейшая ў Заходняй Еўропе нафтаздабыўная кампанія Equinor, у якой працуюць 170 тысячаў чалавек – адзін з найважнейшых працадаўцаў у пяцімільённай Нарвегіі.

Так што пастанову пра выхад з капіталу шэрагу нафтаздабыўных кампаній Матсен не хацеў бы бачыць у кантэксце барацьбы за абарону клімату. Матсен хутчэй раб той гіганцкай сумы ашчаджэнняў фонду, якая адлюстроўваецца на ягонай асноўнай старонцы ў інтэрнэце, і менавіта ёй ён служыць.

Як фонд Нарвегіі стаў палітычным гульцом

У 1990 годзе дзяржаўны суверэнны фонд Нарвегіі пачаў сваю працу, маючы на рахунках прыкладна 200 мільёнаў еўраў. У 2008-м, калі абрынулася міжнародная фінансавая сістэма, у фондзе сабралася ўжо 200 мільярдаў! Пакуль іншыя краіны танулі ў пазыках, Нарвегія магла дазволіць сабе шыкоўна выбарачна ўкладваць ашчаджаныя грошы. GPFG стаў расставацца з акцыямі тых публічных кампаній, якія, напрыклад, забруджваюць навакольнае асяроддзе і выкарыстоўваюць дзіцячую працу, а таксама з тытунёвымі вытворцамі.

З моманту фінансавага крызісу памер фонду павялічыўся больш чым у чатыры разы. З 2014 года пераразмеркаванне інвестыцый, асабліва з боку такіх буйных гульцоў, як суверэнны фонд Нарвегіі, набыло палітычнае вымярэнне.

Пастановы нарвежцаў пра адмову ад укладанняў у пэўныя сектары прадэманстравалі, што грошы буйных пенсійных фондаў могуць уплываць на палітыку, што дало надзею актывістам ва ўсім свеце.

Ад ролі абаронцы экалогіі GPFG дыстанцуецца

Пастанова парламента адмовіцца ад укладанняў у нафту, газ і вугаль не ўтрымлівае "паслання свету", запэўніла статс-сакратарка нарвежскага Міністэрства фінансаў Марыяне Эйкваг Грот: "Фонд – не прылада экалагічнай палітыкі або вонкавай палітыкі. Гэта інструмент для абароны ашчаджэнняў грамадзянаў Нарвегіі".

Але хіба выхад з нафтавых інвестыцый не ёсць пасланне свету? "Нарвежскія ўлады насамрэч пасылаюць двайны сігнал", – тлумачыць эколаг Аня Бакен Рыізэ. Міністэрства фінансаў, з яе словаў, не стамляецца паўтараць, што з абаронай клімату пастановы фонду ніяк не звязаныя, але ў той самы час прэм'ер-міністарка Эрна Сульберг на сустрэчы са школьнікамі, якія пратэстуюць у абарону клімату, падкрэслівала дасягненні ўрада ў пераразмеркаванні інвестыцый. Аня Бакен Рыізэ кажа, што, у канчатковым выніку ўсё роўна, з якіх прычынаў дзяржаўны суверэнны фонд Нарвегіі адварочваецца ад кампаній, якія здабываюць вугаль і нафту: гэты крок – усё адно сігнал усяму свету.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках