29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым можа гукнуцца «Камволю» спроба «пацясніць турка або італьянца»

7
Чым можа гукнуцца «Камволю» спроба «пацясніць турка або італьянца»

Падобна на тое, улады забыліся паказальную гісторыю БМЗ.

Кіраўніца канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна у інтэрв'ю для праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» апавяла пра варыянты выканання даручэння Лукашэнкі датычна «Камволя», піша «Салідарнасць».

Яна назвала дастаткова амбіцыйнай задачай вырабіць і прадаць 6 мільёнаў пагонных метраў тканінаў і пры гэтым дадала:

– Вырабіць мы, напэўна, зможам. Пытанне разумення, куды мы будзем рэалізоўваць. Зразумела, што нас ні на адзін рынак так проста не пусцяць. Нішы занятыя, як і ў любым іншым асартыменце.

Далей у гутарцы з вядоўцам перадачы Маратам Маркавым кіраўніца «Беллегпрама» адзначыла, што для падобнай задачы можа спатрэбіцца год-два, каб зразумець, «у якую нішу засунуць канкурэнта» і з дапамогай якіх інструментаў:

– Альбо гэта якасць, альбо гэта кошт. Магчыма, нейкі час трэба і ўвогуле дэмпінгаваць у кошце.

У сваю чаргу вядоўца Маркаў падвёў рысу пад тэмай:

– Фактычна, вы тут унутры краіны павінны ўзгадніць умовы, каб прадпрыемства магло дэмпінгаваць на чужых рынках з мэтай заваяваць іх.

– Гэта стратэгія выхаду на рынак, – пацвердзіла словы вядоўцы чыноўніца.

Урокі БМЗ

Падобна на тое, аўтары ідэі выхаду «Камволя» на знешнія рынкі за кошт дэмпінгу забыліся сумны ўрок жлобінскага БМЗ. У 2015-м прадпрыемства пры падтрымцы ўлады паспрабавала скарыстацца фінансавым крызісам, прымусіць ягоных канкурэнтаў прыкметна зменшыць абароты.

БМЗ павялічыў экспарт у Еўропу з 785 тыс. тонаў да 1,2 млн тонаў. Дзель ЕЗ у экспарце жлобінскага завода ў вартасным выразе склала амаль 60%.

Але замест чаканага прыбытку паводле вынікаў трох кварталаў 2015 года БМЗ заняў другі радок у спісе самых стратных ААТ краіны, сышоўшы ў мінус на 636,6 рублёў.

Спрабуючы пашырыць сваю дзель на еўрапейскім рынку, прадпрыемства працавала сабе ў страту. Акрамя таго, улада фактычна праспансавала дэмпінг, зрабіўшы заводу дзяржпадтрымку на $ 240 млн.

А ў красавіку 2016-га прадпрыемства чакаў яшчэ больш адчувальны ўдар: Еўракамісія ўвяла сталую 5-гадовую антыдэмпінгавую мыту на сталёвую арматуру, вырабленую ў Беларусі. Вынікі расследавання паказалі, што металапрадукцыя са Жлобіна прадавалася ў ЕЗ «ніжэй за нармальны рынкавы кошт».

Як беларусы расплачваюцца за ўтрыманне знешніх рынкаў

У ліпені 2018-га Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю западозрыла сем найбуйнейшых вытворцаў мяса птушкі ў коштавай змове.

Кошт мяса птушкі тады вырас практычна на траціну, пры гэтым для росту коштаў не было падставаў, меркавалі ў міністэрстве.

У каментары «Салідарнасці» эканаміст Леанід Злотнікаў выказваў меркаванне, што для заваёвы новых рынкаў вытворцы сапраўды могуць знізіць кошт на сваю прадукцыю, несучы пры гэтым пэўныя страты. І кампенсуюць іх шараговыя пакупнікі за кошт павышэння коштаў на ўнутраным рынку.

Эксперт раней падрабязна вывучаў экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Расею і на іншыя рынкі. Паводле ягоных словаў, у цэлым гэтыя пастаўкі стратныя, за выключэннем некаторых відаў прадукцыі. А гэта таксама можа казаць пра тое, што вытворцы наўмысна ідуць на такія выдаткі, каб утрымаць нішы на знешніх рынках.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках