25 красавiка 2024, Чацвер, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус у Ізраілі: У 24 гады зарабляю да 3,5 тысячаў даляраў

11
Беларус у Ізраілі: У 24 гады зарабляю да 3,5 тысячаў даляраў
ФОТА: TUT.BY

Мянчук апавёў, да чаго яго прывяла любоў да падарожжаў.

Беларус Раман Краўчанка стаў падарожнічаць яшчэ ў школе. Упершыню самастойна выехаў за мяжу ў краіны Скандынавіі ва ўзросце 18 гадоў. Цяпер яму 24 гады. Жыве і працуе ў Ізраілі. За месяц атрымлівае 3500 даляраў. Ён апавёў, якія дакументы патрэбныя, каб аформіць працоўную візу, і як не патрапіць у рукі несумленных працадаўцаў, піша tut.by.

ФОТА: TUT.BY

Раман аб'ехаў ужо 19 краінаў свету. Паўтара года таму надумаў скіравацца ў Ізраіль, каб пазнаёміцца з краінай, яе традыцыямі і менталітэтам. Гэтым разам хлопец пастанавіў зарабіць грошай і аформіў не турыстычную, а працоўную візу. Усім, хто таксама плануе сумясціць прыемнае з карысным, ён рэкамендуе заняцца падрыхтоўкай дакументаў загадзя.

– Першапачаткова я і мае сябры не разглядалі Ізраіль як краіну для заробку грошай. Па-першае, дакументы на працоўную візу старанна правяраюцца, і гэты працэс няхуткі. У нас ён заняў блізу 2 месяцаў. Трэба было даць паперу, якая пацвярджае адсутнасць судзімасці, даведку аб праходжанні медагляду, заяву пра ўзяцце адбіткаў пальцаў, пашпарт, фота і квітанцыю пра аплату мыты. Працаваць паводле турыстычнай візы ў Ізраілі нельга. Калі на мытні зразумеюць, што вы туды едзеце з гэтай мэтай, дэпартуюць.

ФОТА: TUT.BY

Адправіць назад, паводле словаў Рамана, могуць, нават калі ў вас забраняваныя квіткі ў адваротны бок, нумары ў гатэлях на пэўную колькасць дзён і экскурсіі. Гутарка вядзецца ад 10 хвілінаў да 8 гадзінаў, і калі ў супрацоўніка мытні ўзнікаюць сумневы, ён з лёгкасцю можа не пусціць вас у краіну. Ведаючы гэта, Раман нават не стаў спрабаваць уехаць з турыстычнай візай. Працу хлопец шукаў праз біржу працы.

– У Ізраілі шмат вакансій, але, як я даведаўся пазней, існуюць несумленныя працадаўцы. Яны могуць некалькі месяцаў затрымліваць заробкі або зусім не выплачваць, аргументуючы гэта тым, што вы не адпрацавалі патрэбную колькасць гадзінаў. Аднак яны проста выкарыстоўваюць ваша няведанне законаў на сваю карысць. Трэба быць пільным. У Ізраілі вельмі папулярная сацыяльная сетка Facebook. Там існуюць спецыяльныя групы, куды выкладваюцца фота і нумары тэлефонаў несумленных працадаўцаў. Перш чым некуды ісці, раю старанна праверыць у інтэрнэце.

«Прыбіраючы кавярні і пляж, я зарабляў 8 даляраў за гадзіну»

Для таго каб куды-небудзь уладкавацца, не патрэбны нават сертыфікат пра адукацыю і наяўнасць досведу, сцвярджае Раман. На сумоўі важна даказаць, што ты кампетэнтны і зможаш выконваць тое, што патрабуе працадаўца. Там можна ўладкавацца ў будаўнічую кампанію, на аўтамыйку, завод вытворчасці прадуктаў харчавання, афіцыянтам у любы рэстаран або на рэцэпцыю ў гатэль. Раман трапіў на працу ў кавярню.

– У Ізраілі дзве сістэмы аплаты: пагадзінная і стаўка. Тыя, хто працуе гадзінамі, маюць магчымасць браць так званую перапрацоўку, яна аплачваецца вышэй, чым 100%, – 120–150%. Я працаваў і так, і так. Днём прыбіраў кавярні і зону пляжу. Рыхтаваў пляцоўку да адкрыцця турыстычнага сезону. Ноччу падпрацоўваў на стадыёне, падмятаў пасля розных мерапрыемстваў. Існуе яшчэ такі час, як шабат (пачынаецца з заходам сонца ў пятніцу, заканчваецца з заходам сонца ў суботу). Калі працаваць у гэты перыяд, то можна атрымаць 150% аплаты адразу ж. Прыбіраючы кавярні і пляж, я зарабляў 8 даляраў за гадзіну, на стадыёне мне плацілі 7,5 даляра.

Праз час Раман стаў шукаць нешта больш сур'ёзнае. Пачаў вывучаць вакансіі на рынку працы і даведаўся, што адна амерыканская кампанія, якая займаецца вытворчасцю тэлекамунікацыйнай апаратуры, з'яўляецца лідаркай у распрацоўцы лічбавых сістэмаў перадачы звестак, шукае супрацоўніка. Хлопец адгукнуўся на вакансію, і яго запрасілі на гутарку.

– Працадаўца не патрабаваў дыплом аб заканчэнні ВНУ, спытаў, якімі мовамі валодаю, і папрасіў выканаць тэставае заданне. Мне трэба было паводле інструкцыі сабраць сістэму перадачы звестак інтэрнэту і сувязі. У плане моваў праблемаў не ўзнікла, я добра ведаў ангельскую, а іўрыт мог без праблемаў вывучыць, бо яго ўвесь час чуў і сёе-тое разумеў.

Раман прайшоў сумоўе паспяхова. Ён справіўся з тэставым заданнем, бо зразумеў, што яно яму пад сілу. У Беларусі хлопец атрымаў спецыяльнасць "тэхнік-цеплатэхнік".

Скончыў Менскі дзяржаўны энэргетычны каледж. Ужо год і тры месяцы займаецца зборкай і праверкай кантролю якасці абсталявання, якое забяспечвае бесправадную перадачу звестак. Паводле словаў хлопца, гэта адмысловыя герметычныя скрыні, якія ўсталёўваюцца на апоры вышак і будынкаў. У ізраільскім філіяле кампаніі працуюць блізу 1000 супрацоўнікаў. У аддзеле ёсць людзі, з якімі Раман можа гутарыць на ангельскай, ёсць і расейскамоўныя. Абмяркоўваюць часцей за ўсё апошнія навіны ў краіне і свеце і працоўныя моманты, новыя тэхналогіі. За месяц хлопец зарабляе ад 2000 да 3500 даляраў. Таксама працадаўца аплачвае медыцынскую страхоўку.

ФОТА: TUT.BY

– Вядома, выдаткі ва ўсіх розныя, але я мяркую, што гэта добры заробак. Палову сумы я магу адкласці або набыць сабе дарагую рэч тыпу ноўтбука, камеры або электраровара. За жыллё плачу 400 даляраў, бо здымаю не адзін. А так яно тут каштуе 1000. Гэта дорага. На прадукты выдаткоўваю блізу 300 даляраў за месяц. Набываю садавіну, гародніну, рыбу, мяса і малочную прадукцыю. Яшчэ 400–500 даляраў сыходзіць на сябе і нейкія паўсядзённыя патрэбы. Гэта можа быць адзенне або тавары для дому.

Працоўны дзень Ромы ненармаваны і ў залежнасці ад загружанасці аддзела можа доўжыцца ад 8 да 10 гадзінаў. Аднак любыя перапрацоўкі аплачваюцца. Вольны час супрацоўнікі кампаніі праводзяць па-рознаму. Хтосьці скіроўваецца адразу дадому, хтосьці – у трэнажорную залу, а потым яшчэ ў які-небудзь начны клуб. У кампаніі таксама развітая карпаратыўная культура. Для супрацоўнікаў арганізоўваюцца выезды за горад на шашлыкі, можа арандавацца цэлы спа-комплекс.

«Ізраільцяне вельмі гучна размаўляюць і ўсюды гандлююцца»

– Расейскамоўнага насельніцтва ў Ізраілі шмат. Гэта людзі, якія пераехалі сюды ў 90-я. Блізу трох мільёнаў чалавек, наколькі я ведаю. Працы тут у той час не было, і яны, можна сказаць, будавалі краіну. Мясцовых ад турыстаў адрозніць лёгка. Ізраільцяне вельмі гучна размаўляюць і ўсюды гандлююцца. Нават калі ў краме будзе вялікая чарга, на касе ўсё адно можа выліцца спрэчка паміж пакупніком і прадаўцом праз кошт тавару. Гэта тут нармальна. Прыезджыя, дарэчы, павінны ведаць, што гандлявацца трэба заўсёды, яшчэ нядрэнна пры размове ўстаўляць словы на іўрыце. У адваротным выпадку можна пераплаціць. Пра Беларусь у Ізраілі ведаюць і вельмі добра ставяцца да яе жыхароў.

– У цэлым ізраільцяне жывуць добра. Аднак я заўважыў, што многія бяруць крэдыты, а потым іх доўга выплачваюць. Пры прыёме на працу адна з пераваг тут – наяўнасць вайсковага білета, прычым як у мужчынаў, так і ў жанчынаў. У Ізраілі вялікае значэнне аддаецца службе ў войску. Як я ўжо казаў раней, уладкавацца на працу тут лягчэй, чым у Беларусі: не патрэбныя працоўная кніжка і сертыфікат аб адукацыі. Пры неабходнасці працадаўца сам скіруе на навучанне, галоўнае, каб ён убачыў жаданне развівацца. Турыстам працаваць нельга, але я ведаю людзей, якія гэта робяць нелегальна. У Ізраілі можна зарабіць добрыя грошы. Большасць толькі з гэтай прычыны сюды і прыязджае.

ФОТА: TUT.BY

Раман таксама цяпер адкладае сродкі, каб надалей прадоўжыць падарожнічаць па свеце. Кажа, што сядзець на адным месцы – не для яго.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках