19 красавiка 2024, Пятніца, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

609 гадоў таму нашы продкі перамаглі пад Грунвальдам

9
609 гадоў таму нашы продкі перамаглі пад Грунвальдам

15 ліпеня 1410 года аб'яднаныя сілы ВКЛ і Каралеўства Польскага разграмілі Тэўтонскі ордэн.

Знакамітая бітва згуляла велізарную ролю ў гісторыі народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. 15 ліпеня 1410 года аб'яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, у складзе якіх тады знаходзіліся беларускія землі, пры ўдзеле татарскіх і чэшска-мараўскіх палкоў атрымалі бліскучую перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэна.

Бітва пачалася апоўдні з наступу лёгкай літоўска-татарскай конніцы на левы фланг тэўтонцаў. Гэтая атака была сустрэтая артылерыйскім залпам – першым у гісторыі, але малапаспяховым ужываннем палявой артылерыі. У адказ пачаўся контрнаступ цяжкай ордэнскай кавалерыі, якая пацясніла літоўцаў і татараў.

Адначасова немцы сутыкнуліся з моцным супрацівам літоўска-рускай пяхоты, якая прыкрывала баявыя парадкі польскіх войскаў ад флангавага ўдару пры адступленні літоўскай конніцы. На дапамогу гэтым палкам вялікі князь літоўскі Вітаўт выслаў падмацаванне. Каб выправіць сітуацыю, вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген увёў у бой другую лінію тэўтонскай кавалерыі, аднак палякі таксама задзейнічалі рэзерв, якім камандаваў польскі кароль Ягайла.

У гэты час літоўская конніца паспяхова вярнулася на поле бою і нанесла моцны ўдар у левы фланг ордэна. Падчас гэтай бітвы загінуў сам ордэнскі магістр. Пасля гібелі фон Юнгінгена і капітуляцыі часткі тэўтонскіх войскаў, ацалелая ордэнская армія ўцякла.

У гэтай бітве загінула блізу траціны немцаў, у тым ліку практычна ўвесь камандны склад ордэна, значная колькасць рыцараў патрапіла ў палон.

Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход. Агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. У гэты дзень, як вобразна сказаў у рамане «Крыжакі» лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Генрык Сянкевіч, «разбілася ўся нямецкая магутнасць, якая дагэтуль залівала, як хваля, няшчасныя славянскія землі». Сучасныя беларускія гісторыкі і публіцысты падкрэсліваюць: пасля Грунвальдскай бітвы цягам пяці стагоддзяў, аж да 1914 года, на землі Беларусі не ступала нага нямецкага заваёўніка. У бітве пры Грунвальдзе ўдзельнічалі палкі з усіх тагачасных беларускіх земляў і княстваў.

Бітва пад Грунвальдам увайшла ў гісторыю як найлепшы прыклад супольных дзеянняў і ўзаемнай падтрымкі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, якая не раз у будучыні ратавала ўжо супольную дзяржаву гэтых народаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках