29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без ракетаў і гарматаў: Як Кітай скупіў суседзяў Расеі

5
Без ракетаў і гарматаў: Як Кітай скупіў суседзяў Расеі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА REUTERS

У Беларусі запазычанасць перад Пекінам складае 13% эканомікі.

Практычна ўсё асяроддзе Расеі ўжо знаходзіцца ў фінансавай кабале ў Паднябеснай, адзначае расейскае выданне newizv.ru.

«У Расеі ўсё яшчэ сур'ёзна недаацэньваюць Кітай, – піша ў сваім блогу аналітык Андрэй Нальгін. – І гаворка не пра ваенную сілу НВАК, самую шматлікую на планеце. Не пра тэхналагічную перавагу нядаўняга малодшага брата ў шырокім спектры ключавых галінаў прамысловасці. Не пра эканамічную моц нават: з гэтым і так усё ясна.

Іншы аспект важнейшы.

На самай справе роля Кітая ў сусветнай фінансавай сістэме больш значная, чым да гэтага часу меркавалася. Паднябесная нечакана стала адным з найбуйнейшых сусветных крэдытораў. Паводле разлікаў нямецкіх навукоўцаў з Інстытута сусветнай эканомікі (IfW) у Кілі, краіны планеты завінаваціліся КНР у канцы 2017 года больш за 5 трыльёнаў даляраў – гэта 6% сусветнага ВУП. У пачатку стагоддзя было менш за 1%.

Асабліва важна, што сярод найбуйнейшых пазычальнікаў Кітая ўсе нешматлікія расейскія хаўруснікі на постсавецкай прасторы. Кіргізія завінавацілася КНР 30% свайго ВУП. У Беларусі запазычанасць перад Пекінам складае 13% эканомікі. Абедзве краіны з'яўляюцца партнёркамі Расеі ў Еўразійскім эканамічным звязе (ЕАЭЗ), а таксама хаўрусніцамі РФ у Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

У гэты вайскова-палітычны звяз з Расеяй уваходзіць таксама Таджыкістан, які вінен КНР прыкладна 15% свайго ВУП. У Туркменіі дзель пазыкаў, як мяркуецца, крыху вышэйшая за беларускую, у Узбекістана, на эканамічнае і палітычнае збліжэнне з якім Масква цяпер спадзяецца, яна перавышае 5%.

І гэта яшчэ паўбяды. На жаль, у сферы міждзяржаўных крэдытаў Пекін дзейнічае вельмі непразрыста. Мінімум палова такіх пазык засакрэчаная. Гэтыя прамыя крэдыты, у адрозненне, напрыклад, ад набытых Кітаем дзяржаўных аблігацый ЗША, не ўлічваюцца ў статыстыцы МВФ і Сусветнага банка.

Вядома, актыўнае крэдытаванне Пекінам постсавецкіх дзяржаваў лагічна вынікае з ключавой ролі еўразійскай прасторы як моста паміж Кітаем і Еўрапейскім Звязам у рамках кітайскага праекта "Адзін пояс – адзін шлях" (Новы шаўковы шлях). З іншага боку запазычанасць, напрыклад, Кіргізіі перад КНР з'яўляецца незвычайна высокай. Пытанне, ці можна ў такой сітуацыі казаць ужо пра сапраўдную пазыковую залежнасць, з'яўляецца, хутчэй за ўсё, чыста рытарычным. Хутчэй трэба пытацца, ці не сфармавалася ў Бішкека ўжо і палітычная залежнасць ад свайго буйнога крэдытора?

А ў якой ступені ад Кітая незалежныя Беларусь, Таджыкістан і Туркменія? У якой ступені яны застаюцца хаўруснікамі Масквы, а ў якой ужо ператварыліся ў сатэлітаў Пекіна? Бо непразрыстыя не толькі памеры, але і ўмовы выдачы кітайскіх крэдытаў. Яшчэ адно складанае пытанне ў гэтай сувязі: наколькі верагодны паўтор у краінах Цэнтральнай Азіі або ў Беларусі таго, што здарылася ў Шры-Ланцы? Гэтая краіна была вымушаная на 99 гадоў аддаць практычна новы порт у арэнду кітайскай фірме, паколькі не змагла абслугоўваць пазыкі перад Кітаем. А чым, напрыклад, будзе расплачвацца тая ж Беларусь, калі з нейкіх прычынаў не знойдзе грошай своечасова?

І, галоўнае, што застанецца рабіць Маскве, калі раптам выявіцца, што ўсё найбліжэйшае асяроддзе перакупленае Кітаем?»

Эканаміст Уладзімір Васільеў адзначае вельмі цікавую падрабязнасць у сувязі з гэтым:

«У нататцы А. Нальгіна сярод іншага сказана: "Паводле разлікаў нямецкіх навукоўцаў з Інстытута сусветнай эканомікі ў Кілі, краіны планеты запазычылі ў КНР да канца 2017 года больш за 5 трыльёнаў даляраў – гэта 6% сусветнага ВУП. У пачатку стагоддзя было менш за 1%".

Якія высновы з гэтага робіць Андрэй Нальгін – гэта пытанне дваццаць пятае.

Але сутнасць справы ў тым, што вялікая дзель запазычанасці розных дзяржаваў Кітаю (КНР) – гэта запазычанасць менавіта ў далярах ЗША. А з гэтага вынікае, што цяпер у свеце няма больш зацікаўленага ў захаванні глабальнай фінансавай сістэмы даляра ЗША, чым КНР... і нуварышы з РФ, якія вывезлі з РФ паводле розных ацэнак прыкладна столькі ці амаль столькі ж (ад 3 да 6 трлн даляраў ЗША), колькі ўсе дзяржавы свету павінны Кітаю!!!

А вось ЗША зацікаўленыя ў чарговай экспрапрыяцыі значнай, калі не ўсёй, "залішняй" даляравай масы, што абарачаецца па-за ЗША, у тым ліку і запазычанасці свету Кітаю, і запазычанасці ЗША свету. У пасляваеннай гісторыі ЗША рабілі гэта ўжо не адзін раз, пра што мною сказана ў 3-м артыкуле ч.6 "Да пытання пра цяперашні момант гісторыі Расеі і свету", апублікаваным пад назвай "Яшчэ не канец ч.6. Новы сусветны парадак: толькі ствараецца або ўжо руйнуецца?"

Менавіта гэта – чарговую экспрапрыяцыю глабальнай інстытуцыйнай улады над працэсам грамадскага ўзнаўлення чалавецтва, не з чыну сканцэнтраванай кіраўніцтвам КНР і нуварышамі з РФ, – мяркуючы з усяго, якраз і спрабуе цяпер здзейсніць Урад ЗША на чале з Трампам. Але гэта – зусім не адзінае, што спрабуе зрабіць Урад ЗША на чале з Трампам».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках