19 красавiка 2024, Пятніца, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафзвяз РЭП на перамовах дасягнуў міравога пагаднення на карысць рабочага

Прафзвяз РЭП на перамовах дасягнуў міравога пагаднення на карысць рабочага
СЯРГЕЙ ЛАПІЦКІ

Рабочага-бетоншчыка абараніў Леанід Судаленка.

15 ліпеня ў офісе філіяла МСУ №4 ААТ «Мостабуд» у Гомелі незалежны прафзвяз РЭП з удзелам звольненага паводле артыкула бетоншчыка Сяргея Лапіцкага правёў перамовы з кіраўніцтвам арганізацыі. Аб дасягнутых выніках распавядае прававы інспектар працы прафзвязу РЭП Леанід Судаленка, які прадстаўляў прафзвяз на сустрэчы, піша «Гомельская весна».

Рабочы-бетоншчык быў камандзіраваны ў падмаскоўнае Адзінцова (Расея) на аб'ект будаўніцтва пуцеправодаў аўтамабільнай развязкі. Са слоў мужчыны, яго не задаволілі ўмовы працы. У адзін з дзён ён пакінуў аб'ект і вярнуўся ў Гомель. Сяргей заяўляе, што працавалі пад пякучым чэрвеньскім сонцам, а працадаўца не забяспечваў іх нават пітной вадой. Яны вымушана куплялі дарагую ваду на найбліжэйшай запраўцы за ўласны кошт.

Вярнуўшыся дадому, гамяльчук атрымаў апавяшчэнне аб звальненні з працы паводле п.7 арт.42 Працоўнага кодэкса (знаходжанне ў працоўны час і на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення). З дапамогай юрыдычнай службы незалежнага прафзвязу РЭП у рэгіёне мужчына, які страціў працу, звярнуўся ў суд аб незаконнасці звальнення і спагнанні маральнай шкоды.

«Судовая практыка па такой катэгорыі спраў зыходзіць з абавязковага медыцынскага агляду работніка. Пры гэтым, не прымаюцца да ўвагі ні паказанні сведак, напрыклад, пра характэрным паху з рота ці характэрнай хадзе і іншае. У нашым выпадку замест агляду наймальнік звольніў працаўніка толькі на падставе дакладной прараба», - пракаментаваў звальненне прафсаюзны юрыст.

12 ліпеня суд Савецкага раёна Гомеля пачаў разгляд пазову работніка. Суддзя Вольга Белавусава прапанавала міравую і атрымала згоду абодвух бакоў. Справа ў судзе было спыненая.

«Сёння ўжо а 8 гадзіне раніцы мы былі ў кіраўніцтва прадпрыемства. На перамовах акрамя дырэктара прысутнічаў галоўны інжынер і кадравік. Мы дасягнулі згоды на змяненне фармулёўкі звальнення, яна замененая на звальненне на пагадненне бакоў. Са свайго боку, мы знялі патрабаванне пра маральную шкоду, сума якой у такіх справах можа складаць блізу 100 руб па-за залежнасцю ад заяўленай сумы. Усе бакі працоўнай спрэчкі засталіся задаволеныя», - падвёў вынікі перамоваў прафсаюзны інспектар працы.

Сёння звольнены на пагадненне бакоў работнік накіраваў у суд заяву аб спыненні справы ў сувязі з дасягненнем міравога пагаднення. Прававы інспектар працы прафзвязу РЭП Леанід Судаленка заяўляе, што ў прафзвязе засталіся задаволеныя праведзенай што да працоўнай спрэчкі працай.

Сяргей Лапіцкі заяўляе, што застаецца ў незалежным прафзвязе. «Ці мала што ў жыцці можа здарыцца, а тут, у прафзвязе я ўбачыў сапраўдных прафесіяналаў», - адзначыў ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках