У вёсцы на радзіме Лукашэнкі інтэрнэт у некалькі разоў хутчэйшы, чым у цэнтры Менска
15- 15.07.2019, 19:11
- 24,199
Паводле даследаванняў, мабільны 4G інтэрнэт у Беларусі прызнаны найгоршым у Еўропе.
Інфраструктурны аператар перадачы звестак BeCloud запусціў карту пакрыцця краіны сувяззю стандарту LTE. Можна паглядзець зоны пакрыцця і праверыць сярэднюю хуткасць базавых вышак, піша the-village.
Відаць, што сувяззю LTE ахоплены амаль усе гарады і паселішчы ў краіне, за некаторым выключэннем: напрыклад, яе няма ў Бягомлі, Высокім, Целяханах, Давыд-Гарадку, Тураве, Друі, Нарачы ды іншых.
На карце можна ўключыць адлюстраванне базавых станцый і паглядзець на характарыстыкі вышак.
Напрыклад, на радзіме Аляксандра Лукашэнкі - у вёсцы Александрыя - базавая станцыя забяспечвае сярэднюю хуткасць на 32,22 Мбіт/сэк. І гэта ў некалькі разоў вышэй, чым у многіх базавых станцый у цэнтры Менска.
У цэнтры сталіцы ў многіх месцах сярэдняя хуткасць трымаецца на ўзроўні 11-18 Мбіт/сэк. Але ёсць паказчыкі яшчэ ніжэйшыя. Напрыклад, вышка каля Палаца Незалежнасці дае 10,11 Мбіт/сэк, базавая станцыя каля Дома Урада, на вуліцы Савецкай, дае сярэднюю хуткасць толькі на 9,32 Мбіт/сэк.
Але ёсць у Менску і высокія хуткасці: так, базавая станцыя на Кірава 8 дае 33,84 Мбіт/сэк. Адна з самых высокіх хуткасцяў - у базавай станцыі на праспекце Пераможцаў, 20: там сярэдняя хуткасць складае ажно 41,13 Мбіт/сэк.
Паводле некаторых даследаванняў, мабільны 4G інтэрнэт у Беларусі прызнаны найгоршым у Еўропе.