29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Сотнік: Унутры самой ФСБ ужо пачалася «заварушка»

10
Аляксандр Сотнік: Унутры самой ФСБ ужо пачалася «заварушка»
Аляксандр Сотнік

Застаецца толькі назіраць за з'яўленнем новых агнішчаў хаосу ў РФ.

Расея пачынае прывыкаць да жыцця ў рэжыме «катастрофа кожны дзень». Калі пішацца гэты тэкст, у падмаскоўных Мыцішчах – а, можна меркаваць, што ў самой Маскве – гараць газавыя рэзервуары ЦЭЦ-27. Слуп агню падымаецца на 50 метраў, плошча пажару перавысіла 1 тыс. кв. метраў, на тушэнне скіраваныя вялізныя сілы МНС, уключаючы авіяцыю. А гэта ж – самая новая ЦЭЦ у сістэме станцый «Мосэнэрга». Энэргасістэма сталіцы зноў атрымала наймагутнейшы ўдар, параўнальны з наступствамі аварыі на падстанцыі ў Чагіне ў 2005-м. Тады аварыя паскорыла рэформу РАТ ЕЭС, а ў цяперашніх умовах можа накрыць «медным тазам» усю энэргасістэму ўвогуле. І вось Мінэнэрга Расеі ўжо паведамляе, што ЦЭЦ-27 спыняе выпрацоўку электраэнэргіі, піша расейскі журналіст Аляксандр Сотнік на сайце sotnik-tv.com.

Гэта пажар, які бачны няўзброеным вокам. А ёсць і іншыя, без бачных узгаранняў, з прытухлым душком і лёгкай інфармацыйнай заслонай. 11 ліпеня ў адміністрацыі Пермі прайшло выманне дакументаў. А напярэдадні гарэў будынак урада Ульянаўскай вобласці. І ў парадыгме апошніх падзей можна западозрыць, што пажар мог здарыцца ў рамках «гульні на апярэджанне». Ці то гарышча згарэла, ці то дакументы – хто ведае? А вось на адміністрацыю Колпінскага раёна Пецярбурга агонь не паквапіўся, і там ператрусы прайшлі дакладна і ў тэрмін. Не згарэў ад сораму і намеснік старшыні Пенсійнага фонду Расеі Аляксей Іваноў, затрыманы супрацоўнікамі ФСБ паводле падазрэння ў атрыманні хабару. З той самай прычыны ФСБшнікамі былі ўзятыя 9 супрацоўнікаў Дамадзедаўскага паста мытні...

Пералічваць кропкі «зазгарання» сістэмы можна доўга, і намі ўжо адзначалася, што міжустановавыя войны выскачылі на паверхню з-пад дывана. Але горш за ўсё – тое, што ўжо ўнутры самой ФСБ пачалася ўнутрыўстановавая заварушка. Складана сказаць, хто з кім ваюе і да якой канкрэтна крамлёўскай «вежы» адносіцца той ці іншы кабінет. Важны сам факт разрастання вайны ўнутры Лубянкі – той самай, што яшчэ нядаўна здавалася маналітнай і непарушнай. Каму трэба «чысціць» падраздзяленне К з прыцэлам на перадзел рынку «гатоўкі»?

Бо абвінавачанне ў «крадзяжы сродкаў памерам ад 140 да 170 млн рублёў» у перыяд позняга пуцінізму гучыць як прыдзірка да дзіцячага свавольства на ўзроўні «хадзіў міма гаршка». Сапраўды, той, хто кіруе пытаннямі «гатоўкі» ў насталы перыяд сістэмнай турбулентнасці – той і «банкуе». Усе, у каго сёння назапасілася «нажытае непасільнай працай», не могуць спаць спакойна, пакуль не перавядуць у гатоўку і не выведуць.

А гэта – мільёны чыноўнікаў розных узроўняў: з пагонамі і без, з пасадамі і ўжо на пенсіі, а яшчэ – прадпрымальнікі, якім хочацца хутчэй зваліць з гэтага "раю", у якім з кожным днём становіцца ўсё гарачэй. 71% расейскіх прадпрымальнікаў, паводле звестак цалкам сабе сэрвільнага ВЦІОМа, мяркуе, што ўмовы для бізнэсу ў Расеі неспрыяльныя, і больш за палову – што сітуацыя ў найбліжэйшыя 5 гадоў толькі пагоршыцца. Эканамічная палітыка Крамля, якая адлюстроўвае інстынкт самазахавання сістэмы, зводзіцца да прымітыўнага адабрання сродкаў у насельніцтва.

На практыцы гэта выяўляецца ў імкненні пазбавіць грамадзянаў любых магчымасцяў зарабіць. Эльвіра Набіуліна мае намер абмежаваць расейцам доступ да фондавых рынкаў і забараніць папулярныя спосабы намнажэння капіталу, а таксама адмовіць у доступе да шматлікіх фінансавых інструментаў і актываў. Банк Расеі лабіруе жорсткае размеркаванне інвестараў на катэгорыі, і ў выніку гэтай рэформы большасць інвестараў – фізічных асобаў страцяць доступ да папераў замежных кампаній – такіх, як Apple, Google, Alibaba, Tesla і іншыя.

А яшчэ Цэнтрабанк намацвае магчымасць перавесці ў разрад інвестыцыйных інструментаў валютныя ўклады. Прасцей кажучы, грамадзяне, якія трапляюць пад катэгорыю некваліфікаваных інвестараў, страцяць права мець валютныя ўклады. Пакуль што Цэнтрабанк усміхаецца і жартуе ў адказ на любыя пытанні на гэтую тэму, але паказаць казіную пысу можа ў любы момант.

Сістэма працуе ў некалькіх кірунках: пазбаўляе насельніцтва мазгоў, забіваючы адукацыю і нарошчваючы тупую прапаганду; скарачае папуляцыю, знішчаючы ахову здароўя і апускаючы людзей у бездань алкагалізму і наркаманіі; адсякае любую магчымасць зарабіць, бо грошы прыносяць незалежнасць – ад фармавання сістэмы поглядаў да магчымасці рэалізацыі ўласных ідэй. «Страх – Невуцтва – Галеча» – як і было сказана: тры кіты, на якіх стаіць любая дыктатура.

Ну, а пакуль Першая Лубянская вайна не прыняла размах Лубянскай міжгалактычнай – Пуціну далі бліснуць на саміце ў Екацерынбургу. Уральскія паненкі страчалі прытомнасць, кідалі ў паветра чапцы i пяшчотна стагналі ад лёгкіх дакрананняў «да прыгожага». У натоўпе радасных уральцаў былі заўважаныя прыкамандаваныя ад ФСА «рыбакі», астатняя спец-масоўка пакуль не апазнаная.

На «глабальным саміце» Пуцін з арніталагічным клопатам казаў пра птушак і чарвякоў – гэтых сакральных ахвяраў «крывавых ветракоў», але чамусьці змаўчаў пра кратоў, пра якіх рупіўся яшчэ ў 2010-м, практычна слова ў слова выклаўшы патэрн пра згубнасць «зялёнай энэргетыкі». Затое не абмовіўся пра тое, што радыяцыйны фон, выпраменьваны патанулай 30 гадоў таму савецкай АПЛ «Камсамолец», у 100 000 разоў перавышае дапушчальную норму. Напэўна, ён не адважыўся зазірнуць у вочы рыбам, што жывуць у Нарвежскім моры.

Увогуле, публічнае з'яўленне Пуціна суправаджалася такой колькасцю глупстваў і перастраховак, што нават у неспрактыкаванага «пынязнаўцы» стала складвацца ўстойлівае ўражанне: фігуранта ці то «зліваюць», ці то актыўна рыхтуюць да гэтага працэсу. Праўда, сам фігурант перакананы, што Сусвет круціцца выключна вакол яго, рыхтуючыся перафарматавацца ў новае ўтварэнне дзеля пралангацыі ягонай улады ў 2024-м. Ці ведае ён пра тое, што Лукашэнка ўжо заняў у кітайцаў 600 млн даляраў дзеля рэфінансавання расейскай пазыкі і практычна сарваўся з крамлёўскага кручка? Дакладваюць яму генералы «Першай Лубянскай» свежыя лічбы стратаў у працэсе нарастальнага хаосу? Ці ён ужо нічога не ведае, таму што нічога ўжо кантраляваць немагчыма, і застаецца толькі назіраць за з'яўленнем новых агнішчаў, якія ўсё гарачэйшыя і ўсё бліжэйшыя?..

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках