19 красавiка 2024, Пятніца, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі адпускных атрымліваюць немцы

4
Колькі адпускных атрымліваюць немцы

Беларусы могуць толькі пазайздросціць.

Пры пяцідзённым рабочым тыдні працаўнікам у Нямеччыне паводле закона належыць як мінімум 20 адпускных дзён у годзе плюс суботы і нядзелі, але працадаўцы робяць да гэтага дадатак. Таму на тое, каб адпачыць, у супрацоўніка нямецкай фірмы ёсць, агулам, 29 рабочых дзён. Падчас адпачынку ён прадаўжае атрымліваць заробак цалкам, піша «Нямецкая хваля».

Ёсць кампаніі, якія плацяць і звыш гэтага. Адпаведна са статыстыкай, палова ўсіх наёмных работнікаў у Нямеччыне атрымліваюць дадатковыя адпускныя (Urlaubsgeld). Важна адзначыць, што даплата адпускной надбаўкі - добраахвотны жэст працадаўцы - альбо ягоная асабістая пастанова, альбо пра даплаты дамаўляюцца з працадаўцамі прафзвязы, якія складаюць тарыфныя пагадненні.

На прадпрыемствах, дзе дзейнічаюць такія калектыўныя дамовы, шанцы на дадатковыя адпускныя ўдвая вышэйшыя, чым у фірмах (звычайна маленькіх), дзе тарыфнага пагаднення няма. Гэта вынікі апытання, праведзенага блізкім да прафзвязаў інстытутам эканамічных і сацыяльных даследаванняў WSI-Tarifarchiv.

Самыя вялікія адпускныя

Агулам, паводле звестак Федэральнай статыстычнай установы, сума даплаты да адпускных складае 1280 еўраў да выліку падаткаў. Але гэтая сума сярэдняя, бо розніца паміж сферамі занятасці і асобнымі рэгіёнамі краіны істотная. Самыя блізкія да гэтага сярэднеарыфметычныя сумы даплаты - у сферах надземнага і падземнага будаўніцтва, хімічнай прамысловасці і гандлі.

У машына-і аўтамабілебудаўнічай галінах надбаўка вышэйшая за сярэднюю: 2358 і 2113 еўраў адпаведна. А самыя буйныя дадатковыя адпускныя - у тых, хто заняты ў выдавецтвах: 2613 еўраў. Больш за 2000 еўраў у выглядзе адпускнога бонуса плацяць у такіх сферах, як энэргазабеспячэнне, страхавыя і фінансавыя паслугі, навуковыя даследаванні і распрацоўкі.

Сярод сфер, дзе менш за ўсё даплачваюць да адпускных, - сельская гаспадарка, каменнавугальная прамысловасць, гатэльны і рэстаранны бізнэс. У дзяржсектары, сферах абароны і сацыяльнага страхавання асобна такой даплаты няма, затое ў канцы года супрацоўнікі атрымліваюць так званую «калядную прэмію» (Weihnachtsgeld) - нешта накшталт 13-га заробку.

На Усходзе і на Захадзе

Імавернасць таго, якой будзе даплата і ці будзе яна наогул, залежыць і ад іншых фактараў. Як паказала даследаванне, праведзенае інстытутам WSI-Tarifarchiv, на шчодрасць працадаўцы ўплывае, напрыклад, памер фірмы. На малых прадпрыемствах з колькасцю супрацоўнікаў, меншай за сотню, дадатковыя адпускныя атрымліваюць крыху больш за траціну з іх, у буйных кампаніях - амаль 60 адсоткаў. Значэнне мае і тое, у якім рэгіёне супрацоўнік працуе. На захадзе краіны дадатковыя адпускныя атрымлівае амаль палова супрацоўнікаў, на ўсходзе - траціна. І розніца ў суме даплаты складае амаль чатыры сотні еўраў: агулам, 1317 еўраў у заходніх федэральных землях супраць 927 еўраў - ва ўсходніх. Аўтары даследавання тлумачаць гэта, перш за ўсё, тым, што на ўсходзе Нямеччыны менш буйных прадпрыемстваў.

Назіраецца і гендэрны разрыў: даплаты да адпачынку атрымлівае палова мужчын і 41 адсотак жанчын. Аналітыкі тлумачаць гэта тым, што мужчыны часцей занятыя ў прамысловай і тэхнічнай сферы. Тут дадатковыя адпускныя плацяць часцей, чым у сацыяльнай сферы або сферы паслуг, дзе ў штаце значна больш жанчын.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках