24 красавiка 2024, Серада, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Беларускі ўрад трэба адправіць куды-небудзь у Зімбабвэ

17
Леанід Заіка: Беларускі ўрад трэба адправіць куды-небудзь у Зімбабвэ

25 гадоў людзі пасядзелі, паглядзелі, як жывуць навокал, а самі так і не навучыліся жыць.

МВФ раіць уладам Беларусі падвысіць пенсійны ўзрост і ўзяцца за занятасць тых, хто старэйшы за 55 гадоў. Гэта абумоўлена скарачэннем насельніцтва найбліжэйшыя 30 гадоў.

- Гэта рэкамендацыі са спісу стандартных прапаноў для адсталых і бедных краін, - пракаментаваў «Салідарнасці» кіраўнік Аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка. - Я да гэтага стаўлюся з іроніяй. Прапаную больш радыкальны спосаб. Дарагія сябры, старайцеся не дажываць да пенсійнага ўзросту, каб не мучыцца потым. Другі варыянт - стварайце капітал, на які потым будзеце жыць.

Гледзячы з Вашынгтона, лёгка падвысіць пенсійны ўзрост, разважае экспэрт. На ягоную думку, беларусы няправільна задзейнічаны ў сферы вытворчасці і перапрацоўкі. Як вынік - яны рана атрымліваюць траўмы, у тым ліку і псіхалагічныя.

- Таму, дай Бог, каб яны дажылі да пенсійнага ўзросту, - кажа Леанід Заіка.

Ці пойдуць беларускія ўлады на падвышэнне пенсійнага ўзросту? У перспектыве - так, мяркуе эканаміст. Найбліжэйшым часам - не.

- Гэта ў Польшчы знізілі пенсійны ўзрост. Хто так не робіць, той не любіць свой народ. Што можна зрабіць нам? Прывезці сюды польскі ўрад, а сваіх адправіць куды-небудзь у Зімбабвэ. 25 гадоў людзі пасядзелі, паглядзелі, як жывуць навокал, а самі так і не навучыліся жыць.

Прычына не ў тым, што тэхнічна нешта можна выправіць, а ў тым, што людзі не маюць значных вектараў эканамічнай свабоды і не могуць стварыць сваю справу, не могуць з'ехаць па высокі заробак. Яны хочуць кватэру пабудаваць, баяцца быць мабільнымі, баяцца жыцця. Толькі маладыя праграмісты пачалі жыць інакш.

- Што рабіць, каб на пенсіі жыць нябедна?

- Я кажу сваім аспірантам: «Рабіце дзве рэчы. Першае - старайцеся не быць наёмным работнікам, бо ніколі не будзеце багатымі. Другая рэч - ніколі не жывіце ў адной краіне, бо будзеце аднаполюснымі ідыётамі». Вы самі павінны вызначыцца, калі вам спыніць працу на кагосьці - у 40 або 70 гадоў.

Суразмоўца падае прыклад, як змяніла жыццё ягоная былая студэнтка, якая кіравала банкам.

- Калі яна купіла сабе кватэру за 100 тысяч даляраў, я спытаў: «Ты чаго на працу ходзіш? Ты можаш здаць кватэру за 1,5 тысячы даляраў, зняць сабе звычайную двухпакаёўку, а на тыя, што засталіся грошы ездзіць па ўсіх курортах, якія ёсць на мапе». Потым яна мне тэлефануе і кажа, што не спала два тыдні і прыняла пастанову. Здала кватэру за 1 800 еўра японскаму дыпламату, за 300 еўраў зняла на праспекце жыллё. Яна атрымала 1 500 чыстага прыбытку за месяц і пачала будаваць яшчэ адну кватэру.

- Якія дзеянні варта зрабіць уладам, каб спрыяць занятасці людзей старэйшага ўзросту? Не рэдкасць, калі наймальнікі паказваюць у аб'явах аб прыёме на працу ўзроставы цэнз - да 45 гадоў.

- Навошта людзям старэйшага ўзросту занятасць? Цяпер ідзе працэс выцяснення працы робатамі, падвышаецца дзель інтэлектуальнай працы. Навошта сотням тысяч немаладых прыгожых жанчын сядзець вахцёрам, анучай нешта праціраць? Няхай адпачываюць! Яны ўсё жыццё змарнавалі на будаўніцтва сацыялізму. Некаторыя камунізм будавалі. Далі ім пенсію 200 даляраў - усім аднолькава.

Такі ж прыбытак можна атрымліваць кожны месяц, калі пакласці 60 000 даляраў у банк, звяртае ўвагу Леанід Заіка. Як варыянт - купіць аблігацыі Беларускай чыгункі - і атрымаць 250 даляраў на месяц.

- Зарабіць мільён можа кожны дурань, а прымножыць - толькі прафесіянал. Ведаеце, якое самае выгаднае ўкладанне грошай? Адукацыя дзяцей. Японцы даўно гэта высветлілі. Маім суседзям сын пабудаваў дом і аўто купіў.

- Як абвяшчае народная мудрасць, беларусы ўтрымліваюць дзяцей да пенсіі - у сэнсе, пакуль дзеці на пенсію не выйдуць.

- У гэтым трагедыя ўсяго сумленнага беларускага народа. Ніколі так не рабіце з дзецьмі. Скажыце ім: 60 000 даляраў я сабрала на свой асабісты пенсійны фонд.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках