18 красавiка 2024, Чацвер, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі пасажыраў МН17 – Расеі: Перастаньце крывадушна адмаўляцца

Сваякі пасажыраў МН17 – Расеі: Перастаньце крывадушна адмаўляцца

Ад расейскіх уладаў запатрабавалі назваць імёны ўсіх датычных да катастрофы.

Заяву сем'яў загінулых у катастрофе МН17 на адрас Расейскай Федэрацыі ў сувязі з пятай гадавінай трагедыі апублікавала «Новая газета»:

– Пяць гадоў таму нашы родныя селі ў самалёт у Амстэрдаме, каб скіравацца дадому. Але іхні шлях быў нядоўгім – самалёт, у які яны селі, збіла ракета 53-й брыгады СПА Расеі. Жорсткае і бессэнсоўнае дзеянне адабрала жыцці ў нашых любімых.

Хоць праз пяць гадоў наша гора не так апальвае, яно па-ранейшаму бязмернае. Смерць любімых, раптоўная і гвалтоўная, працінае наша жыццё наскрозь. Мы сталі іншымі людзьмі.

Мы жывем са стратай, наколькі гэта магчыма. Блізкія, якія былі забітыя, страчаныя назаўжды – страчаныя іх жыцці, іх будучыні, абсалютна ўсё. З любові да іх мы хочам, каб праўда пра трагедыю MH17 была расказаная, а адказнасць за злачынства – вызначаная. Мы салідарныя з сем'ямі ахвяраў катастрофы з Нідэрландаў, Малайзіі і іншых краінаў і разам з імі заклікаем расейскія ўлады:

Цалкам супрацоўнічаць з расследаваннем, як вы і абяцалі, падпісаўшы рэзалюцыю 2166 Рады Бяспекі ААН, але што пакуль так і не зроблена.

Прызнаць сваю частку адказнасці ў знішчэнні MH17.

Перастаць крывадушна адмаўляцца, перастаць сеяць хлусню і падман.

Расейская дзяржава ўсё яшчэ не прызнала ўласнае дачыненне да гібелі рэйса MH17. Нават горш – Расея распаўсюджвала велізарную колькасць сфабрыкаваных і супярэчлівых тлумачэнняў таго, што здарылася.

У вялікім маштабе усё гэта распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі, а таксама праз залежныя ад дзяржавы СМІ. Нам спатрэбіўся час, каб усвядоміць, што плыні ўзаемавыключных версій былі вынікам арганізаванай дзяржавай кампаніі для адвяртання ўвагі людзей, скажэння і адмаўлення фактаў. Расейскі ўрад зрабіў усё магчымае, каб схаваць праўду ці, што яшчэ горш, сфармаваць ідэю, што ісціна ніколі не будзе знойдзеная. Мы, сем'і ахвяраў катастрофы, знаходзім гэта трывожным і глыбока абразлівым.

Мы разумеем, што ніякі судовы разгляд не суцешыць нашага гора, не паменшыць дзіру ў жыцці. Тым не менш праўда пра MH17 існуе, і гэта важна. На судовым працэсе будуць правераныя ўсе матэрыялы следства, а ісціна будзе цвёрда вызначаная. І вядома, суд пасылае важны сігнал: нельга забіць нявінных і пазбегнуць наступстваў.

Мы хочам, каб тыя, хто нясе прамую адказнасць за ўчыненне гэтага злачынства, уключаючы найвышэйшае камандаванне, былі названыя, каб гісторыя ведала іх імёны і іх дзеянні.

Мы хочам, каб яны адказалі за зробленае. Мы прадоўжым заклікаць да гэтага, пакуль не пераможа правасуддзе. І гэта толькі малое з таго, што мы можам зрабіць.

ПОДПІСЫ

Джэйн Малькальм, Эндру Малькальм, Гленда Чалмерс, Боб Чалмерс, Рут Скот, Майкл Скот, Эван Скот, Джэна Скот, Ліндсі Скот – сям'я і блізкія загінулых Майкла Клэнсі і Кэрал Клэнсі

Пол Гард – чалец сям'і загінулага Роджэра і Джыл Гард

Серж і Вера Арэшкіны – чальцы сям'і загінулага Віктара Арэшкіна

Мэцью Ізэкіль Сівананам, Мэйбл Сусай Сівананам і Патрык Сівананам – сям'я загінулага Пола Сівананам

Мэрын О'Браэн, Джон О'Браэн, Бронуін О'Браэн і Рык О'Браэн, Джын МакКендрык, Шырлі Лубі – сям'я і блізкія загінулага Джэка О'Браэна

Тэа Куі Венг, Лім Сві Ім, Эвона Тэа І Верн і Дэвід Тэа Кі-Ен – сям'я і блізкія загінулай Элейн Тэа І Лінг

Нанда Турнье, Джуліян Брайт і Джэк Брайт – сям'я і блізкія загінулых Хэнка Турнье і Інэке Вэстэрвэльд Турнье

Мэцью Хордэр, Дэвід Хордэр, Адам Хордэр – сям'я загінулых Сьюзан і Ховарда Хордэр

Салех Шамсудзін – чалец сям'і бортправадніка Нур Шазаны

Джоан Пендэр – сястра загінулай Філамены Цьернан

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках