25 красавiка 2024, Чацвер, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць з дзесяці прадпрыемстваў Беларусі нізкарэнтабельныя або нерэнтабельныя

9
Шэсць з дзесяці прадпрыемстваў Беларусі нізкарэнтабельныя або нерэнтабельныя

Улады падвялі фінансавыя вынікі 5 месяцаў 2019 года.

Вынікі несуцяшальныя для большасці кампаній з рэальнага сектару. Адным з галоўных вымяральнікаў стану фінансаў прадпрыемства з'яўляецца рэнтабельнасць продажаў. Гэты паказнік уяўляе з сябе суадносіны прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі кампаніі, піша сайт banki24.by.

Як правіла, чым вышэйшая рэнтабельнасць, тым лепш для арганізацыі. Рэнтабельнасць продажаў буйных і сярэдніх прадпрыемстваў рэальнага сектару ў студзені-траўні 2019 года склала 7%. У параўнанні з аналагічным перыядам у 2018-м рэнтабельнасць упала на 0,6 п.п. Скарачэнне рэнтабельнасці да 2018 года адзначалася ў такіх відах дзейнасці, як прамысловасць, гандаль, транспарт, інфармацыя і сувязь. У траўні назіралася самая нізкая рэнтабельнасць продажаў у 2019 годзе – 6,7%. Падзенне рэнтабельнасці адбылося за кошт скарачэння прыбытку. У сваю чаргу зніжэнне прыбытку можна звязваць з праблемамі кампаній праз «брудную» нафту з Расеі.

Стаўкі ў новых рублёвых крэдытах (без уліку льготных) дагэтуль застаюцца вышэйшыя за 10%. Малая рэнтабельнасць у цэлым у рэальным сектары звязаная з вялікай дзеллю нерэнтабельных і нізкарэнтабельных арганізацый. Да нерэнтабэльных кампаніяў адносяцца прадпрыемствы з рэнтабельнасцю продажаў ніжэйшай за нуль, да нізкарэнтабельных – з рэнтабельнасцю 0–5%.

Нізкая рэнтабельнасць выступае пагрозай для кампаній у крызісныя часы, бо пад уздзеяннем неспрыяльных умоваў яна можа абнуліцца ці нават стаць адмоўнай.

Паводле вынікаў 5 месяцаў 2019 года нерэнтабельнымі былі 26,2% буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія штомесяц справаздачыліся ўладам. Самая нізкая дзель нерэнтабельных арганізацый фіксаваліся ў Гомельскай вобласці (20,9%). Троху вышэйшая ўдзельная вага нерэнтабельных кампаній была на Берасцейшчыне (21,7%). У Менску дзель нерэнтабельных прадпрыемстваў склала 23%, у Гарадзенскай вобласці – 26%, у Магілёўскай – 26,5%, у Менскай – 31,8%, у Віцебскай – 34,9%. Высокая вага стратных кампаній на Віцебшчыне звязаная з праблемамі тамтэйшай сельскай гаспадаркі. Віцебская вобласць мае найгоршыя кліматычныя ўмовы ў краіне для вырошчвання прадукцыі раслінаводства. Дзель нерэнтабельных і нізкарэнтабельных арганізацый у Беларусі за 5 месяцаў дасягнула 58,7%.

Іншымі словамі, у спіс нізкаэфектыўных прадпрыемстваў можна ўключыць шэсць кампаній з кожных дзесяці. У найгоршым становішчы знаходзіліся арганізацыі Магілёўшчыны, дзе нерэнтабельных і нізкарэнтабельных было 68,9% буйных і сярэдніх кампаній. Далей у парадку змяншэння колькасці становішча ішлі Віцебская (64,2%), Менская (63,7%), Гомельская (60,5%), Берасцейская (56,7%) і Гарадзенская (56,5%) вобласці. Адзіным месцам у краіне з дзеллю нізкаэфектыўных арганізацый менш за палову з'яўляўся Менск (47,5%).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках